Дзяцінства, апаленае вайной
Яркія і прыемныя ўражанні атрымалі князеўскія гімназісты ад сустрэчы з былым педагогам 74-гадовым Іосіфам Сталпцом, у лёсе якога самым страшным выпрабаваннем стала Вялікая Айчынная вайна. Дзецям цікава было даведацца аб падзеях таго часу з першых вуснаў.
Калі пачалася вайна, бацька Іосіфа Цэзаравіча быў старшынёй сельсавета. Немцы не пашкадавалі яго сям’і – усіх адправілі ў канцэнтрацыйны лагер у Гродне. Праўда, пашчасціла Сталпцам. Хутка адзін немец – Орст Грыгуль – за-браў іх у свой маёнтак у польскі Беласток, каб тыя даглядалі за яго гаспадаркай. Як-ніяк, людзі ж вясковыя. Пасялілі іх у хляве. Тут жа і кармілі: маленькая лустачка хлеба з апілкамі ды капусны ліст. Калі-нікалі маці Іосіфа Цэзаравіча ўдавалася ўкрасці малака для дзетак.
У Орста Грыгуля быў маленькі ўнук – прыкладна такога ж узросту, як і Іосіф Цэзаравіч. Хлопчыкі пасябравалі, ды толькі гаспадарам не надта гэта падабалася. Але цуда: праз нейкі час сама фрау Эльза Грыгуль стала даглядаць за дзецьмі і займацца іх выхаваннем.
А хутка нямецкія гаспадары, пачуўшы, што войскі Чырвонай Арміі набліжаюцца, пераправілі наёмную сям’ю за Берлін у памесце Хюгілёрт.
Іосіф Цэзаравіч успамінае: “Не забыць той дзень, калі туды прыйшлі амерыканскія вызва-ліцелі і перадалі нас савецкім салдатам. Калі тыя ўбачылі мяне, адзін вайсковец падышоў, узяў на рукі і з радасці некалькі разоў падкінуў угору. Нам прапанавалі застацца або ў Германіі, або ў Польшчы, але бацька сказаў: наша месца там, дзе мы нарадзіліся…”.
Толькі вяртацца не было куды. Дом у Самаравічах, дзе жыла сям’я да вайны, быў спалены. Прытулак знайшлі ў маёнтку памешчыка Дзюрава ў вёсцы Князева.
У Князеўскую сярэднюю школу Іосіф Сталпец прыйшоў у 1983 годзе. Настаўнікам фізічнай культуры і кіраўніком ваеннай падрыхтоўкі ён працаваў аж да выхаду на заслужаны адпачынак – 2002 года. Педагог выхаваў не адно пакаленне дзяцей. Акрамя таго, прымаў удзел у пошуках загінулых салдат на тэрыторыі Крамяніцкага сельсавета.
Іосіф Цэзаравіч узнагаро-джаны 8 медалямі , самы адметны сярод іх – “Вязень нацызма”.
Ірына АДАМЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў Князеўскай гімназіі.