Дзякуем Богу за ўраджай. Каталікі Зэльвеншчыны святкуюць Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

Пах жытнёвых каласоў і хлебнага караваю, палявых зёлак, водар садавіны і агародніны… У такой прыгожай атмасферы з малітвай да Маці Божай Нястомнай Дапамогі зэльвенскія хрысціяне дзякавалі святым за сёлетнія дары, за багаты ўраджай, за тое, што Бог даў сілы земляробам годна папрацаваць на зямлі. 15 жніўня каталікі адзначаюць адну з важных у гадавым цыкле ўрачыстасць – Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гэты дзень вернікі ўшаноўваюць тую падзею, калі Беззаганная Марыя не памерла, а душой і целам была ўзнята да неба. Дзякуюць Ёй за пастаяннае заступніцтва і апеку, за ласку Божую, дзякуючы якім квітнеюць палеткі, а праз час адорваюць людзей за іх плённую працу багатым ўраджаем.

Свята як бы сімвалізуе час заканчэння жніва, сезон збору дароў нівы і палёў – зёлак, клетак, лекавых раслін. Таму ў народзе ўрачыстасць мае другую назву “свята Маці Божай Зельнай”. Таму і існуе ў касцёле традыцыя – напрыканцы імшы асвячаць букецікі з кветак, каласоў, зеляніны, кошычкі з яблыкамі і грушамі, разнастайнай агароднінай.

Разважаючы над Словам Божым, пробашч касцёла Святой Тройцы ксёндз Яцэк акцэнтаваў увагу на тым, што галоўным для хрысціяніна павінна быць ушанаванне Праўды веры і ён павінен быць перакананы ў тым, што, ушаноўваючы Ўнебаўзятую Марыю, славіць Яе і праслаўляе Яе Сына.

Благаслаўляючы ўраджай сёлетняга года, мы перш-наперш выказваем падзяку Пану Богу і святой Марыі за спрыяльнае надвор’е ў нашых душах, – выказваюць сваю думку сем’і Башкевіч і Курута. – Верым: кожны хлебароб, працавіты чалавек распачынае справы з малітвай. Таму Пан Езус адорвае сваімі дарамі. Сонца, дождж, вецярок – усё гэта патрэбна для таго, каб праз час сабраць сакавітыя і спелыя плады зямлі. Дзякуем святым: сёлета і ніва, і палеткі, і прысядзібныя ўчасткі ўраджайныя. Ды і каравай будзе багатым. Таму радасць сённяшняй урачыстасці раздзяляем з роднымі, вернікамі, землякамі.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены