Золату палёў – новае дыханне. Сапраўдны эксперымент адбыўся на рамеснай пляцоўцы фестывалю «Ганненскі кірмаш»
Сапраўдны эксперымент адбыўся на рамеснай пляцоўцы “Ганненскага кірмашу”. Творцы з 6 раёнаў Гродзеншчыны, каго лёс звёў з самым цёплым і сонечным матэрыялам, сабраліся на першы адкрыты конкурс-пленэр па саломапляценню.
Што ж паспрыяла новаму вопыту? За адказам далёка хадзіць не прыйшлося: саломапляценне ў нашай Беларусі будзе існаваць роўна столькі, колькі будзе існаваць сама краіна – так лічаць арганізатары мерапрыемства. Таму ў такі цудоўны святочны дзень і распачалі лабараторыю яе першыя ўдзельніцы, асаблівыя творчыя людзі, готовыя ахвяраваць сваім звычным камфортам дзеля мастацтва…
“Задача жанчын – амаль 5 гадзін прысвяціць рабоце з саломкай, і вынікам намаганняў павінна стаць арыгінальная пара (выява коніка і падковы). Адсюль і найменне конкурса “Саламяны дуэт”. А тое, што ўмеліца ўкладзе ў задуманы мастацкі вобраз, якую тэму раскрые і якую тэхніку прыменіць, – гэта ўжо ўласнае пажаданне, заклік душы, калі хочаце,” – падзялілася Марыя Жоглік, загадчык аддзела традыцыйных рамёстваў і культуры Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Даволі спецыфічнае надвор’е рабоце сапраўдных майстроў зусім не перашкаджала: у іх руках – незаменны пластычны матэрыял. Сярод удзельніц былі і так званыя старажылы – тыя, хто паспрабаваў падобную тэхніку (пленэр) і ўжо тварыў пры натуральным асвятленні, на адкрытым паветры. А добра вядомая у нас на Зэльвеншчыне Лілія Амяльянчык працуе з саломкай з 2005 года і на занятках гурткоў перадае свой вопыт дзяўчынкам. Навічкам спачатку не хапала адзіноцтва, засяроджанасці. А потым, наадварот, яны ацанілі творчасць “на сямі вятрах”, і як сказала гродзенка Ірына Шавельская, такі падыход паспрыяў не толькі завязванню цэхавых, парнёрскіх сувязяў, але і зблізіў “апантаных” майстэрствам жанчын. Многія выказалі меркаванне, што хутка ў сваіх раёнах арганізуюць нешта падобнае, і ўжо зэльвенцы будуць там гасцямі – як бачна, аб прыездзе на гасцінную Зэльвеншчыну ні адна не пашкадавала.
У выніку ўзнагароду за першае месца атрымала Ірына Шавельская (Гродзенскі раён) за работу “Роднай зямлі прысвячаецца”, другое месца “ўзяла” Тамара Касьян з Бераставіччыны, аўтар “Саламяных дзівосаў”, і “Саламяным дуэтам на шчасце” парадавала прысутных на кірмашы Валянціна Мароз (Слонімскі раён).
Увогуле, уразілі ўсе без выключэння работы. Было бачна, што ўмеліцы выканалі іх па-майстэрску, а яшчэ, як кажуць, з душой.
Любоў ШЭЙКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены