Экзотыка ў агародзе
Калі хто ўпершыню праходзіць па вуліцы Булака міма хаты зэльвенкі Марыі Жук, міжволі затрымаецца. Яго ўвагу прыцягне… экзотыка ў агародзе пенсіянеркі. А перш за ўсё дзве пальмы. Адкуль яны тут, з якога паўднёвага краю перасяліліся? Зразумеўшы зрокавы падман, прахожы здзіўлена ўсклікне: “Дык гэтыя пальмы ж зроблены са звычайных пластыкавых бутэлек! Ну і ну!”.
Сапраўды, і ствалы, і галіны штучных дрэў змайстраваны з бутэлек: ствалы з карычневых, а галінкі – з зялёных. Уражанне поўнага падабенства да пальм застаецца і пасля таго, як “падман” раскрыты. Вось тады і пачынаеш дзівіцца бязмежнай фантазіі тых, хто стварыў гэта хараство, і заўважаць іншыя цікавыя прадметы, зробленыя з падручных матэрыялаў умелымі рукамі гаспадароў. Вось на пяньку спіленага дрэва невялікі млын з ветраком. У ціхае надвор’е ён нерухома застывае ў задуменні, а ў моцны вецер хутка-хутка махае крыламі. А вось пад пальмамі цікуе за прахожымі дзядзька-лесавік: сівы, дрымучы, валасаты. А змайстраваны ён, не паверыце, з бярозавых паленцаў.
А колькі захаплення выклікае ландыш! Ды толькі ландыш гэта незвычайны. Лісце зварана з металу, кветкі-званочкі – з тых жа бутэлек, пафарбаваных у белы колер. Крыху далей бачым пластылінавага дзядка…
Ініцыятар усяго гэтага – Аляксандр, сын Марыі Жук. Жыве ў Гродне, працуе зваршчыкам. Маці ён неяк расказаў, як з калегамі яны незвычайна ўпрыгожылі тэрыторыю сваёй арганізацыі. Прапанаваў і Марыі Міхайлаўне зрабіць нешта падобнае. “І хараство якое будзе на падворку, і табе менш работы”, – пераконваў сын маці.
І яна згадзілася, заадно стала падсабляць сыну ў яго новых ідэях. Успомніла гады работы ў дзіцячым садку, калі разам з іншымі выхавальнікамі займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі.
– Калі задумаў сын “пасадзіць” пальмы, я пачала збіраць патрэбнага колеру бутэлькі, – расказвае Марыя Міхайлаўна. – Мяшкі тры спатрэбілася. Дзякуй суседзям і знаёмым, што дапамаглі. Нажніцамі з іх выразалі па-трэбную форму, так бы мовіць, чарадзейнічалі над кожнай паасобку. А колькі спатрэбілася цярпення, каб злучыць іх паміж сабой!
Суседнюю незаасфальтаваную вуліцу маці з сынам “пачысцілі” ад камення, з якога і змайстравалі казачных персанажаў. Так з’явіліся калабок, грыбы…і незвычайны заапарк. Дарэчы, “жыве” тут белы кот, якога Аляксандр Іванавіч зрабіў са старых падшыпнікаў, і сабака з аўтамабільнай падвескі. Тут жа “гняздзяцца” буслы.
Сам жа падворак літаральна патанае ў кветках, якія цвітуць з ранняй вясны да позняй восені.
– Не хапае толькі альтанкі, каб можна было прысесці і любавацца ўсёй гэтай прыгажосцю, – кажа гаспадыня. – Не сумняваюся, што рукі ў майго сына дойдуць і да гэтай справы. Натура ў яго творчая…
Яніна ШМАТКО.