Елкаўская сельская бібліятэка стала ўладальнікам Дыплома І ступені ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”

3191 23 гады бібліятэкі краіны ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Не застаюцца ў баку ад гэтай важнай справы і бібліятэкі Зэльвеншчыны. Не раз яны адзначаліся сярод лепшых. Сёлета Елкаўская сельская бібліятэка стала ўладальнікам Дыплома І ступені ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”. Каб быць заўважаным у такім конкурсе, трэба не толькі выдатна працаваць, але і расказаць аб сваёй рабоце неардынарна, ярка і запамінальна. Падрыхтоўкай конкурсных матэрыялаў займаліся бібліятэкар Елкаўскай сельскай бібліятэкі Алена Дзянішчык і калектыў Зэльвен-скай раённай бібліятэкі. Ідэя размясціць матэрыял у куфры нарадзілася з глыбокага асэнсавання самога слова “асяродак”. Асяродак – цэнтр, сукупнасць, агульнасць. Што было ў цэнтры ўвагі сям’і? Што аб’ядноўвала родзічаў, калі дзяўчыну рыхтавалі да шлюбу? Куфар, вядома. Клопат пра яго напаўненне пасагам, каб маладая сям’я адразу магла пачаць сама-стойнае жыццё, выходзіў на першы план. Вось і тут вырашылі: трэба стварыць невялічкі куфэрак, аздобіць яго ў нацыянальным стылі і скласці туды ўсё, што найлепш можа ахарактарызаваць шматгранную работу бібліятэкі. Затым пачаліся клопаты па адборы матэрыялаў. Чым прываблівае мясцовых людзей і прыезджых Елка? Ну вядома ж, Сынкавіцкай царквой. Пра яе і трэба змясціць усю інфармацыю, да якой звяртаецца ў сваей рабоце бібліятэкар. Неад’емна звязана з турыстычным патэнцыялам Сынкавіцкай царквы аграсядзіба “Верас” сям’і Макей. Тут пастаянна сустракаюцца на святах, семінарах, школах шматлікія госці – усе, хто жадае пераняць адзін з лепшых айчынных вопытаў вядзення агратурыстычнага бізнесу. Бібліятэка не раз праводзіла завочныя падарожжы па фермерскай гаспадарцы, удзельнічала ў рэгіянальным свяце “Organic party”, арганізоўвала экспрэс-выставы, агляды перыядычных матэрыялаў пра аграсядзібу і г.д. Інфармацыя ў выглядзе прэзентацыі “Завочнае падарожжа на фермерскай гаспадарцы “Верас” увайшла ў куфэрак. Што вылучае сярод іншых народаў беларускую нацыю? Вядома, у першую чаргу, родная мова. Затым – традыцыі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, вусная народная творчасць. Усё гэта – у цэнтры ўвагі елкаўскага бібліятэкара. Інтэр’ер установы культуры аформлены на роднай мове. Усе кніжныя выставы, цытаты, дошка інфармацыі і г.д. – усё па-беларуску. Шмат гадоў збірала бібліятэкар матэрыялы для дыялектнага слоўніка сваёй мясцовасці. Краязнаўчая лістоўка “Бабуліны словы” вельмі аздобіла куфэрак. Як, дарэчы, і яшчэ адна – “Загадкі з роднай хаткі”, у якіх увасобілася народная мудрасць жыхароў Сынкавіцкага сельсавета. Створанае пры бібліятэцы аматарскае аб’яднанне “Спадчына” вучыць дзяцей і падлеткаў шанаваць нацыянальную спадчыну, не даваць знікнуць традыцыям народа, яго мове. Памятка аб дзейнасці “Спадчыны” – яшчэ адзін цікавы экспанат у калекцыі напрацовак бібліятэкі. Сабраны багаты матэрыял пра мясцовых умельцаў. Вечар-сустрэча «Жыц-цё з талентам у душы» запомніцца чытачам бібліятэкі надоўга. Здаецца, даўно знаёмы ўсім А.А.Чыгрын, Г.В.Дубатоўка, Л.В.Колышкіна, А.М.Суша, а колькі дзівосаў паказалі яны ў бліскучых майстар-класах! Матэрыялы аб народных умельцах, захавальніках традыцый мінулага абагулены ў тэматычных папках «Рук залатых зямныя цуды», «Узор душы і рук набытак», «Мая зямля і мае землякі» і сталі часткай пасагу елкаўскага куфэрка. Штогод удзельнічае бібліятэка ў Тыдні беларускага пісьменства і друку, вядзе актыўную работу па знаёмстве чытачоў з лепшымі творамі айчыннай літаратуры. Кніжная выстава «Светачы зямлі беларускай», «Адкуль да нас прыйшло слова», прэзентацыя «Як стваралася кніга», гульня-віктарына «Таямніцы беларускіх слоў», гадзіна цікавага паведамлення «Помнікі кнігам» прыцягваюць увагу і школьнікаў, і дарослых. Справаздача аб гэтай рабоце таксама змясцілася ў куфэрку. У рамках супрацоўніцтва з Елкаўскай сярэдняй школай у бібліятэцы ладзяцца вечары-партрэты, літаратурна-музычныя кампазіцыі, паэтычныя гадзіны, прысвечаныя беларускім літаратарам. Асаблівая ўвага да беларускага мастацкага слова найчасцей пачынаецца са знаёмства з жыццём і творчасцю мясцовых паэтаў. Бібліятэкар Алена Дзянішчык задалася мэтай сабраць лепшае са створанага тымі, хто жыве ў Сынкавіцкім сельсавеце. Так з’явіліся невялікія паэтычныя зборнікі Святланы Літвінчык, Ганны Гуліс, Марыі Лагуты, якія папоўнілі конкурсны куфэрак. Шмат прыродных багаццяў мае сынкавіцкая зямля. Адно з іх – знакаміты біялагічны заказнік «Медухава». Пра батанічныя і геалагічныя помнікі прыроды расказваюць альбом «Прырода роднага краю», матэрыялы слайд-вандроўкі «Па запаведных мясцінах», турніру знаўцаў роднай прыроды, конкурсу малюнкаў і інш. Каб як мага больш людзей Беларусі зацікавілася сынкавіцкім краем, інфармацыю пра ўсе яго адметнасці бібліятэкар сабрала ў электроннай папцы. Славіцца сваімі дасягненнямі мясцовая гаспадарка – СВК «Сынкавічы». У бібліятэцы аформлены буклет, захоўваецца відэазапіс пра людзей кааператыва. Не забыты тыя, хто нарадзіўся на сынкавіцкай зямлі і спрыяў росквіту не толькі свайго рэгіёну, але і ўсёй краіны. Буклет «Шлях і лёс земляка», кніжная выстава, вечар памяці нагадваюць падрастаючаму пакаленню пра ўраджэнца в.Чырвонае Сяло дзяржаўнага дзеяча Мікалая Пятровіча Малочку. Захаваць для нашчадкаў спадчыну продкаў, выхаваць надзейных падзвіжнікаў-прадаўжальнікаў у справе яе адраджэння – што можа быць высакародней. Яніна ШМАТКО.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.