Эсэ высокага прызвання

Калі я думаю пра Беларусь
Калі я думаю пра Беларусь, душа мая напаўняецца гармоніяй. Кожны чалавек марыць пра шчасце, але не ўсе разумеюць, што шчасце трэба шукаць не ў матэрыяльным, а ў духоўным свеце. Менавіта ў гармоніі, у духоўнай раўнавазе і заключаецца сапраўднае шчасце. Дастаецца такое шчасце неймавернымі намаганнямі, шматлікімі перамогамі не над кім-небудзь, а над самім сабой. У такія хвіліны творчага пошуку імкнешся знайсці сябра, настаўніка, мудраца, філосафа, які, як чароўны клубок з казкі, вывеў бы цябе на прамую сцяжынку. Твар чалавека — гэта адлюстраванне жыццёвага шляху. Паглядзіш на свайго субяседніка, на яго твар, у яго вочы, і адразу разумееш, на што былі патрачаны яго гады: на зайздрасць ці мудрасць, на пазнанне ці на помсту. Я настойліва шукала такі твар, і знайшла яго… у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Гэта быў твар Багародзіцы, спакойны, пяшчотны, добры, прыміраны, натхнёны, напоўнены любоўю і ўсёдараваннем… Яна ж ведала, дзеля чаго быў народжаны яе сын. Пазней я даведалася, што гэты абраз адшукалі жыхары Мінска 13 жніўня 1500 года ў рацэ Свіслач. Гэта святыня, якая атрымала назву «Мінская ікона Прасвятой Багародзіцы», не раз ратавала не толькі горад, але і яго жыхароў, свой Храм. Прасвятая Багародзіца ратуе і мяне, і я заўсёды ведаю, куды магу прыйсці за суцяшэннем. Калі я думаю пра Беларусь, маё сэрца радуецца, бо 20 чэрвеня 2015 года адкрыўся Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы, патрыярхам Кірылам была асвячона скульптура, прысвечаная з’яўленню абраза Божай Маці. Калі я думаю пра Беларусь, мая душа напаўняецца гонарам за маіх дзядоў, за маіх суайчыннікаў, якіх ніхто не змог зламіць у гады Вялікай Айчыннай. Мой прадзед у 1944 годзе вярнуўся з вайны да жонкі і чатырох дзяцей без нагі. Праз дзевяць месяцаў, 8 красавіка 1945 года, нарадзілася мая бабуля, была вялікая Любоў, таму такое імя ў маёй бабулі. Я ганаруся, што ў нашай сям’і два 70–годдзі ў гэтым годзе! Мне прыемна ўсведамляць: самае дарагое, што ёсць у маёй краіны, майго народа, — гэта памяць. Многія пакаленні з гонарам чыталі: «Подзвігу народа жыць у вяках». «Ніхто не забыты і нішто не забыта», — прачытаюць нашы нашчадкі ў новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Калі я думаю пра Беларусь, мая душа напаўняецца глыбокай павагай да нашых пісьменнікаў і паэтаў. Мне давялося мець зносіны з Міхасём Міцкевічам, доктарам тэхнічных навук, супрацоўнікам мемарыяльнага музея Я. Коласа, сынам Якуба Коласа. Калі сустракаешся з такімі людзьмі, то разумееш: вось яна, легенда; вось яна, гісторыя; вось ён, падмурак маёй Беларусі. Калі я думаю пра Беларусь, мая душа напаўняецца радасцю. Гэты, 2015 год аб’яўлены Годам моладзі, значыць, мая краіна напоўнена энергіяй, мэтанакіраванасцю, канструктыўнымі ідэямі і смелымі рашэннямі, захоўвае традыцыі і ўпэўнена рухаецца ў будучыню. Пры гэтым важна ўмець радавацца кожнаму дню, сонцу і чалавеку. Гэтаму я вучуся сама, гэта ж імкнуся прывіць сваім вучням. «На цябе, наша моладзь, надзея!» — такую назву меў першы ўрок у гэтым навучальным годзе. Гэтыя словы Янкі Купалы не даюць нам права спыняцца. Нават праз сто гадоў класік нас кліча: Бяры светач, ідзі за судзьбінай, Ідзі з словам святым: Беларусь! Вераніка ЛУКАШЭВІЧ, настаўніца фізікі Святлана ЯРМАЛАВІЧАНЕ.