Фельчар са Снежнай 36 гадоў аддала любімай справе

Гартаючы архіўную падшыўку “Працы” 1980-х гадоў, звярнула ўвагу на фотаздымак жанчыны ў белым халаце. Фатографу ўдалося не толькі падкрэсліць яе мілавіднасць, але і валявы характар. А карэспандэнт пісала: “Шмат добрага ад людзей мне давялося пачуць пра работу фельчара Снежненскага фельчарска-акушэрскага пункта М.Р.Палховіч. З гутаркі з намеснікам галоўнага ўрача І.І.Міхнайцем даведалася, што ФАП – неаднаразовы пераможца раёнанага сацыялістычнага спаборніцтва”. Стала цікава даведацца, як у далейшым склаўся лёс перадавога медработніка.

Марыя Рыгораўна Палховіч больш чым тры дзесяцігоддзі клапацілася пра здароўе вяскоўцаў. Узначаліўшы медыцынскую ўстанову ў 1969 годзе працавала тут да самага выхаду на заслужаны адпачынак.

– Нарадзілася і вырасла я ў вёсцы Вострава, – расказвае мая новая знаёмая. – Пасля школы паступіла ў Слонімскае медвучылішча. На першае месца працы паехала ў Шчучынскі раён. Аднак праз год па сямейных абставінах вымушана была вярнуцца на радзіму.

ФАП тады размяшчаўся ў звычайным сялянкім доме ў Пустаборах. З абсталявання – толькі стол, крэслы ды шафа, дзе захоўваліся лякарствы. Але не было дня, каб вяскоўцы не прыходзілі да сваёй “доктаркі”: па кансультацыі ці лекі, зрабіць ін’екцыю ці памераць ціск, а то і проста пагутарыць аб надзённым. А ў другую палову дня Рыгораўна здзяйсняла зваротныя візіты. Яе веласіпед можна было ўбачыць і на ферме, і каля школы, і побач з веснічкамі
адзінокіх бабуль, і там, дзе жывуць немаўляткі.

Для жыхароў пяці населеных пунктаў (а гэта амаль тысяча пацыентаў) фельчар была самай першай і аўтарытэтнай дапамогай. Ёй давяралі людзі і таму, што на міласэрнасці і спагадзе медыцынскі работнік не эканоміла.

Добра разумела, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. У напружаным графіку працоўнага дня рэгулярна знахо- дзіла час для прафілактычнай работы. Наведвала калгасныя планёркі, пераконвала паляводаў і жывёлаводаў у важнасці дыспансерызацыі.

Калі медыцынская ўстанова пераехала ў новы будынак, узведзены ў Снежнай, работы прыбавілася. Кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства было зацікаўлена ў належным медыцынскім абслугоўванні сваіх работнікаў і дапамагло з набыццём абсталявання. Марыя Рыгораўна, прайшоўшы спецыяльныя курсы, пачала яшчэ і фізія-тэрапеўтычныя працэдуры адпускаць.

– Што такое ФАП 70-х гадоў мінулага стагоддзя? Гэта, лічы, бальніца ў мініяцюры, дзе ўсяго адзін медык, але на ўсе рукі майстар, – разважае Марыя Палховіч. – У стацыянары адпрацавала медсястра змену – і вольная. А мая дапамога магла спатрэбіцца ў любое імгненне: хвароба не выбірала ні месца, ні часу. Тады фельчар быў амаль што богам для вяскоўцаў.

Мала таго, што раны даводзілася зашываць. Бывала і такое, што Марыя Рыгораўна нават роды на ФАПе прымала:

– Як сёння памятаю: снегу ў вёсцы намяло вышэй плоту, дарогі не расчышчаныя. А ў цяжарнай жанчыны схваткі пачаліся. Машына хуткай дапамогі з райцэнтра не даедзе. Чакаць жа пацыентка не будзе. Вось і прыйшлося самой прымаць немаўля. Такая слаўная дзяўчынка нарадзілася. Бяру ў рукі, а яна адкрыла вочы. Я запомніла гэтыя вочкі на ўсё жыццё. Пачуцці – проста не выказаць…

Марыя Рыгораўна і зараз расказвае пра сваю прафесію з такой любоўю і гонарам, што разумееш: чалавек невыпадкова насіў белы халат.

Не толькі прафесіяналам з вялікай літары зарэкамендавала сябе фельчар са Снежнай. Яна ўсё сваё працоўнае жыццё была чалавекам актыўнай жыццёвай пазіцыі. Вяскоўцы неаднаразова выбіралі яе дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў: яна і ў склад сельвыканкама ўваходзіла, і старшынёй групы народнага кантролю была. Па яе прапанове не раз на разгляд выканкама выносіліся пытанні, якія датычыліся паляпшэння медыцынскага абслугоўвання вяскоўцаў, іх умоў працы і быту, санітарнага стану жывёлагадоўчых ферм. Як актыўны грамадскі дзеяч Марыя Рыгораўна Палховіч нават прадстаўляла Зэльвенскі раён на першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР.

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены