Галоўную ўзнагароду «Лістапада» атрымаў эстонскі фільм
Апошнім часам толькі і гаворкі, што пра «Лістапад». Галоўная кінападзея года, тыдзень паглыблення ў кіно, свята, якое заўсёды з табою, — Мінскі кінафестываль і ўсё, што стаіць за прыгожымі эпітэтамі, якімі мы яго характарызуем, завяршыўся. Асноўныя мерапрыемствы фэсту пачаліся ў мінулую суботу, а ўжо ўчора на цырымоніі закрыцця ў кінатэатры «Масква» былі абвешчаны пераможцы. Такім чынам, Гран-пры прысуджана эстонскай карціне Райнэра Сарнэта «Лістапад», фестывальныя дні аказаліся справай мінуўшчыны, а для нас ад гэтай кінанасычанасці засталіся толькі водгаласы ў выглядзе фільмаў, што і пасля лістападаўскіх дзён будуць ісці ў пракаце, і, вядома, рэфлексій.
Не важна, маеце вы непасрэднае дачыненне да фестывалю ці не, набываеце білеты на тое, што ён прапануе, альбо не — вы так ці інакш прычыняецеся да прыгожага знака беларускай кінаіндустрыі і прымаеце ў валоданне ўнікальны спіс фільмаў, на якія ў перспектыве варта звярнуць увагу. Цяпер, калі галоўная інтрыга абярнулася спісам пераможцаў (глядзіце справа), а ўсё паступова вяртаецца ў звычайнае русла, можна асэнсаваць убачанае альбо скарыстацца жывымі ўражаннямі, каб больш узважана выбраць наступныя для прагляду карціны.
«Лістапад» можа дагадзіць любым густам:
яго можна не проста ахарактарызаваць разнастайнасцю фільмаў, а назваць увасабленнем кантрастаў. Па-першае, згодна з сёлетнім слоганам «Лістапада» мы шукалі «ісціну, любоў і прыгажосць» у шыкоўнай падборцы разнажанравых і рознастылявых карцін. Па-другое, на афіцыйных цырымоніях назіралі людзей у вячэрніх уборах, джынсах і нават у форме спецпадраздзяленняў. Праўда, найбуйнейшы арганізацыйны кантраст крыецца ў адчуванні, што цырымоніі і кінапраграмы на фестывалі робяць людзі з розных планет (імі сапраўды займаюцца розныя каманды). З году ў год заводзіцца адна і тая ж пласцінка пра тое, што цырымонія адкрыцця «Лістапада» выглядае як безгустоўны дадатак да вытанчана складзеных конкурсаў, за што асабліва сорамна перад замежнымі гасцямі.
Асноўны конкурс ігравога кіно

Але трэба заўважыць, што сёлета ў кінатэатры «Масква», дзе адбылася цырымонія адкрыцця ўжо XXІV Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», уціскацца ад сораму ў крэсла не хацелася. Цырымонія прайшла амаль бязбольна і зрабіла стаўку на акадэмічную музыку і оперны вакал Аксаны Волкавай, хоць і з застаўкай у караоке-стылі.Да таго ж прысутнасць рэжысёра карціны «Масква слязам не верыць» Уладзіміра Мяньшова, які сёлета атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» і разбіў талерку аб штатыў кінакамеры, чым абвясціў адкрыццё кінафестывалю, надала цырымоніі нейкую пяшчотную ноту. Хоць для прыза Прэзідэнта за духоўнасць, які ўручаецца на беларускім кінафестывалі «Лістапад», можна было б разглядаць больш шырокую кінематаграфічную прастору. Так ці інакш, галоўнымі вартасцямі «Лістапада» застаюцца фільмы і поўныя ці амаль поўныя залы. Нагадаю, сёлета фестываль паказаў 165 фільмаў з 55 краін. З гэтага кола вылучаюцца шэсць конкурсаў; фільмы Міхаэля Ханеке, Акі Каўрысмякі, Франсуа Азона, Фаціха Акіна, Бруно Дзюмона, Сяргея Лазніцы, пераможцаў Канскага і Берлінскага кінафестываляў; праграмы, што факусуюцца на постсавецкай прасторы і прасторы былога савецкага ўплыву. Шыкоўны выбар, які дазваляе крыху ўвайсці ў кантэкст сусветнага фестывальнага руху і імёнаў жывых класікаў, але больш — прычыніцца да дзіўнай кінападборкі, з якой можна асэнсаваць агульныя постсавецкія праблемы. Свайго гледача знайшоў нацыянальны конкурс, які сабраў у сабе каля трыццаці беларускіх фільмаў. У рамках індустрыяльнай платформы прайшоў дзень віртуальнага кіно «VІR: CІNEMA», дзе гледачы мелі магчымасць спазнаць найноўшыя тэхналогіі ў кіно і ў спецыяльнай «экіпіроўцы» зацаніць сферычныя фільмы.
Я бачу, наколькі розныя ў гледача падыходы да «Лістапада» — нехта бярэ адпачынак, каб ахапіць як мага больш фільмаў, нехта робіць стаўку на вячэрнія паказы (на шчасце, фестываль паказваецца ў многіх кінатэатрах, з праграм якіх утвараецца добры выбар), нехта набывае білеты на лічаную колькасць карцін, каб мець час асэнсаваць кіно і, магчыма, зрабіць нейкія высновы.Мы ж у гэтае кіно па-сапраўднаму паглыбіліся і знаходзіліся ў ім з раніцы да вечара і ў снах. Кінафестываль завяршыўся, а ў нас усё яшчэ толькі і гаворкі, што пра «Лістапад», і мы ўсё яшчэ не спыняемся ў пошуках ісціны, любові і прыгажосці.
Асноўны конкурс ігравога кіно
- Гран-пры «Золата Лістапада» за найлепшы фільм — «Лістапад» Райнэра Сарнэта (Эстонія, Нідэрланды, Польшча)
- Прыз «За найлепшую рэжысуру» — «Іней» Шарунаса Бартаса (Літва, Францыя, Польшча, Украіна)
- Прыз «За найлепшую аператарскую работу імя Юрыя Марухіна» — «Лістапад» Райнэра Сарнэта
- Прыз «За найлепшую жаночую ролю» — «Арытмія» Барыса Хлебнікава (Расія, Фінляндыя, Германія)
- Прыз «За найлепшую мужчынскую ролю» — «Вестэрн» Валескі Грызебах (Германія, Балгарыя, Аўстрыя)
- Прыз «За найлепшае гукавое (музычнае) рашэнне фільма» — «Лістапад» Райнэра Сарнэта
- Спецыяльны прыз журы — «Арытмія» Барыса Хлебнікава
- Прыз «За найлепшы сцэнарый» — «Гранатавы сад» Ільгара Наджафа (Азербайджан)
- Гран-пры «За найлепшы дакументальны фільм» — «Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет» Арунаса Матэліса (Літва, Італія, Швейцарыя, Бельгія, Латвія, Вялікабрытанія, Ірландыя, Іспанія)
- Спецыяльны прыз журы — «Горад сонца» Раці Анелі (Грузія, ЗША, Катар, Нідэрланды)
- «Новыя галасы — Прыз ФІПРЭСІ» за найлепшы дэбют — «Горад сонца» Раці Анелі (Грузія, ЗША, Катар, Нідэрланды)
- Прыз «За найлепшы фільм імя кінарэжысёра Віктара Турава» — «3/4» («Тры чвэрці») Іліяна Мецева (Балгарыя)
- Спецыяльны прыз журы — «Баламут» Міраншы Наік (Індыя, Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды)
- Прыз «За найлепшы фільм конкурсу нацыянальных кінашкол» — «Узы» Зоф’і Кавалеўскай (Польская нацыянальная школа кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі)
- Прыз «За найлепшы ігравы фільм» — «Заўтра» Юліі Шатун (Беларусь)
- Прыз «За найлепшы дакументальны фільм» — «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» Барыса Нікалайчыка (Беларусь)
- Прыз «За найлепшы анімацыйны фільм» — «І месяц спыніўся» Юліі Рудзіцкай (Беларусь, Германія, ЗША)
- «Залаты «Лістападзік» за найлепшы фільм» — «Падарожжа Фані» Лолы Дуаён (Францыя)
- Прыз «За найлепшую дзіцячую ролю» — Сарэх Нур Мусаві ў фільме «Подых жыцця» Наргеса Абіяра (Іран)
- Прыз «За найлепшую працу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме» — Эктар Гарсія ў фільме «Крокі героя» Энры Рынкона (Калумбія)
- Спецыяльны прыз журы «За найлепшую рэжысуру» — Наргес Абіяр за фільм «Подых жыцця»
- За найлепшы ігравы фільм — «Кандэларыя» Джоні Хендрыкса Інестросы (Калумбія, Германія, Нарвегія, Аргенціна, Куба)
- За найлепшы дакументальны фільм — «Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет» Арунаса Матэліса
- За найлепшы фільм конкурса «Лістападзік» — «Цім Талер, або Прададзены смех» Андрэаса Дрэзена (Германія)
- Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно» — народнаму артысту Кыргызскай Рэспублікі Актану Арым Кубату, рэжысёру-пастаноўшчыку фільма «Кентаўр».