Ганненскі кірмаш. Год 2013-ы
1721 год – яркая старонка ў жыцці Зэльвенскага краю, якая сведчыць аб адкрыцці тут унікальнага па свайму значэнню Ганненскага кірмашу. Праз стагоддзі Зэльвеншчына палічыла сваім абавязкам адрадзіць традыцыю Ганненскага кірмашу, якому сёлета спаўняецца 300 гадоў.
«Новае дыханне» знакаміты кірмаш атрымаў у 2001 годзе, калі ў Зэльвенскім раёне вырашылі, што свята з магутнымі гістарычнымі каранямі павінна стаць візітнай карткай Зэльвеншчыны – адным з самых масавых і жаданых для мясцовых жыхароў і гасцей. З году ў год арганізатары Ганненскага кірмашу надаюць яму новы каларыт, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі святкавання. Нагадаем нашым чытачам цікавыя падзеі мінулых гадоў.
Снапок. Каравай. Дзіва-песня…

Галоўным мерапрыемствам першага дня Ганненскага кірмашу сталі раённыя “Дажынкі”. У ліку ганаровых гасцей – перадавікі жніва. Цырымонія ўзнагароджвання праходзіла пасля ўрачыстага адкрыцця кірмашу на цэнтральнай плошчы. Сапраўдных герояў хлебаробскага свята прысутныя сустракалі стоячы, гучнымі апладысментамі, тым самым выказваючы ім даніну глыбокай павагі.
Пасля падзячных слоў старшыні райвыканкама Яна Пальчыса хлебаробам за старанную працу пачалася цырымонія ўшанавання пераможцаў. Узнагароды атрымалі кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты, камбайнеры, вадзіцелі. Часцей за іншых на святочную сцэну паднімаліся прадстаўнікі філіяла “Князева”. Работнікі гэтага сельгаспрадпрыемства сталі прызёрамі ў чатырох намінацыях раённага спаборніцтва на жніве.
Удыхнулі жыццё ў драўляную статую

У рамках Ганненскага кірмашу ў Зэльве прайшоў пленэр рэзчыкаў па дрэве.
За некалькі дзён да фестывалю на базе адпачынку “Бярэжкі” сабраліся майстры з розных куточкаў Беларусі, каб увасобіць у драўляных калодах вобразы мясцовага свята, якое бярэ пачатак у далёкім XVIII стагоддзі. Новыя работы ўстаноўлены напярэдадні свята побач з выявамі дудара, мудрага старца, каня, русалкі, льва і змяінага цара ў цэнтральным скверы пасёлка.
Цыганскія рамансы, сербскія пляскі, беларускі фолк-рок…
На працягу двух дзён Ганненскага кірмашу не змаўкала музыка на зэльвенскіх вуліцах.

Сапраўднае шоу для зэльвенцаў і гасцей пасёлка прадставіў цыганскі калектыў “АлЛюр”. Яркае ўбранне, мелодыі, ад якіх прабіралі дрыжыкі і іграла кроў, дынамічнае выкананне і шалёная энергетыка – усё гэта кожны змог адчуць на сабе.
На Ганненскі кірмаш запрасілі і народны фальклорны ансамбль “Тутэйшая шляхта”. На сцэне артысты выканалі калісьці папулярную сярод беларускай шляхты музыку, танцавалі вальс, мазурку, паланэз, катыльён і французскую кадрылю. Усё гэта дапамагло гледачам перанесціся ў легендарную эпоху XVI – XVIII стагоддзяў.
У каларыт кірмашу ўдала ўпісаўся сербскі фальклорны ансамбль “Вудвар” з Германіі. 26 маладых самадзейных артыстаў з лужыцкіх сербаў – прадстаўнікоў рэліктавага славянскага народа – у Беларусь прыехалі ўпершыню. Акрамя канцэрта, для мясцовых жыхароў яны далі майстар-клас па рэгіянальным танцы пад адкрытым небам (на фота).

Сусветныя хіты і ўласныя аўтарскія кампазіцыі прадставіла на свяце арт-група “Беларусы”. Творчасць харызматычных “беларускіх” мужчын высока ацаніла зэльвенская публіка.
Прыемна адпачыць на кірмашы было і ў кампаніі аднаго з лепшых прафесійных калектываў Беларусі – шоу-балета “Феерыя” з Мінска.
Сілавы экстрым – для сапраўдных мужчын
Упершыню ў Зэльве прайшлі спаборніцтвы па сілавым экстрыме. У іх прынялі ўдзел дзесяць зэльвенскіх сілачоў, якія захапляюцца цяжкай атлетыкай і ў кожнага ёсць дасягненні ў падняцці гіры і штангі.
Пасля спаборніцтваў перад прысутнымі выступіў госць з Мінску – майстар спорту міжнароднага класа і шматразовы рэкардсмен свету па гіравым спорце Вячаслаў Харанэка.
Расчыніў дзверы “Ганненскі падворак”
Важнай падзеяй у час Ганненскага кірмашу для зэльвенскіх кааператараў і жыхароў райцэнтра стала адкрыццё пасля рэканструкцыі кафэ па вуліцы 17 Верасня. Замест ранейшай назвы “Маладзёжнае” яно атрымала новую – “Ганненскі падворак”.
Шчодры стол
Як ні адзін хлебасольны дом пры сустрэчы гасцей не абыходзіцца без шчодрага застолля, так і святкаванне Ганненскага кірмашу нельга ўявіць без багатых і разнастайных гандлёвых радоў. Традыцыі тагачаснага кірмашу, калі на яго з’язджаліся купцы з усіх рэгіёнаў, захаваліся і ў сучаснасці.
Асалода для кнігалюбаў
Як сведчаць справаздачы з Ганненскіх кірмашоў XVIII стагоддзя, нашы продкі не цураліся распаўсюджвання кніжнай прадукцыі. Магчыма таму і ў час чарговага свята яго арганізатары ўлічылі запыты аматараў Слова: былі наладжаны і продаж, і рэклама кнігі. Як гандаль, так і рэклама мелі свае адметнасці: прадавалася літаратура мясцовых творцаў, а на сустрэчы з паэтамі Зэльвеншчыны былі як вядомыя паэты, так і дэбютанты.
Зэльва акунулася ў Сярэднявечча
Стадыён “Колас” стаў арэнай рэалістычнага рыцарскага шоу ад экстрым-тэатра “Берсек” са сталіцы. Зэльвенцы і госці пасёлка здзейснілі феерычнае падарожжа ў легендарную эпоху Сярэднявечча, аб якой напісана нямала кніг і знята не менш фільмаў. На вачах у гледачоў разгарнуліся захапляючыя рыцарскія баталіі.
Cлужба информации газеты «Праца»
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены