Ганненскі кірмаш ў 2012 годзе
1721 год – яркая старонка ў жыцці Зэльвенскага краю, якая сведчыць аб адкрыцці тут унікальнага па свайму значэнню Ганненскага кірмашу. Праз стагоддзі Зэльвеншчына палічыла сваім абавязкам адрадзіць традыцыю Ганненскага кірмашу, якому сёлета спаўняецца 300 гадоў.
«Новае дыханне» знакаміты кірмаш атрымаў у 2001 годзе, калі ў Зэльвенскім раёне вырашылі, што свята з магутнымі гістарычнымі каранямі павінна стаць візітнай карткай Зэльвеншчыны – адным з самых масавых і жаданых для мясцовых жыхароў і гасцей. З году ў год арганізатары Ганненскага кірмашу надаюць яму новы каларыт, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі святкавання. Нагадаем нашым чытачам цікавыя падзеі мінулых гадоў.
Так пачыналася
Да пачатку святочнага дзейства, якое разварочвалася на цэнтральнай плошчы, у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі пачаў працу круглы стол «Фестывалі і зялёныя маршруты як сродак развіцця аграэкатурызму на Зэльвенскай зямлі», арганізаваны пры падтрымцы інфармацыйна-асветніцкай установы «Новая Еўразія» і БГА «Адпачынак у вёсцы».

Тут сабраліся прадстаўнікі органаў мясцовай улады, арганізацый і прыватныя асобы, якія рэалізуюць праекты і ініцыятывы ў сферы агратурызму, эксперты, журналісты з мэтай абмеркаваць праблемы развіцця аграэкатурызму ў сельскай мясцовасці. Вяла пасяджэнне старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка. Ён распавёў пра славутасці раёна, гісторыю Ганненскага кірмашу і пажадаў усім плённай працы.
Дзелавыя прапановы
Уздоўж вуліцы Савецкай разгарнулася «Пляцоўка прадпрымальніцкая».
Тут размясціліся прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела адукацыі, арганізацый раёна – РУП бытавога абслугоўвання, Зэльвенскія РВЭС і РУПС, АСБ «Беларусбанк», уладальнікі малога бізнесу нашага і суседніх раёнаў, аграсядзібы «Верас» і «Старая Весь». Кожны з удзельнікаў рэкламаваў сваю прадукцыю, паслугі.

На падворках – вясёлая гаворка
Увагу ўдзельнікаў Ганненскага кірмашу прыцягвалі падворкі.
У кожнага з іх быў свой адметны каларыт. Гаспадары падворкаў шчыра запрашалі ўсіх у госці, прапаноўвалі адведаць вясковыя прысмакі.

Музыкі весела ігралі

Радасную і святочную атмасферу кірмашу стваралі не толькі лепшыя музычныя калектывы і выканаўцы Зэльвеншчыны, але і госці з Мінска, нават з Польшчы.
На кірмаш прыехалі музычна-фальклорны ансамбль з Беласточчыны “Прымакі”(на фота), артысты цыганскага шоу “Алюр”, ансамбль казацкай песні “БацькАтаман”, эстрадная вакальная група “Федэрацыя”, група ўсходняга танца “Гарэм-шоу”, “Шоу-тэатр В. Кустава”. Гэтыя калектывы добра вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Шляпа “ад куцюр”

На аб’яўлены рэдакцыяй раённай газеты “Праца” конкурс “Арыгінальны капялюш”, які прайшоў у рамках святкавання кірмашу, адклікнуліся не толькі жыхары Зэльвеншчыны, але і госці пасёлка.
Галоўнай умовай конкурсу было стварэнне вырабу са старонак “раёнкі”.
Удзельнікі прадставілі на суд журы дзелавыя, выхадныя, спартыўныя шляпкі для самых капрызных модніц, сур’ёзных і мэтанакіраваных мужчын. Пераможцу вызначыць было даволі складана. Усім былі ўручаны салодкія падарункі, а таксама падпіска на газету “Праца”
Свята на тавары багата
Разнастайныя прысмакі і прамысловыя тавары прапаноўвалі зэльвенцам не толькі мясцовыя кааператары спажывецкага таварыства, але гандляры і ўласнікі з іншых рэгіёнаў Гродзеншчыны.

Яшчэ з самай раніцы вакол цэнтральнага сквера па вуліцах Акадэміка Жэбрака, Перамогі і Савецкай пачалі размяшчацца гандлёвыя палаткі. Каля іх завіхаліся гаспадыні-прадаўцы. Кожная старалася як мага найлепш аформіць сваё рабочае месца, каб найбольш прыцягнуць увагу пакупнікоў. Адна гандлёвая палатка не была падобная на другую. Казачна глядзелася хлебнае дрэва, па-майстэрску былі аформлены кампазіцыі караваяў. Асаблівую цікавасць выклікалі паўлін, пеўнікі, бычок, выкананыя з мясных прадуктаў.
Кірмаш без коней – не кірмаш
Здаўна конь быў сімвалам Ганненскага кірмашу. І на гэты раз у маштабе свята яму была адведзена асаблівая роля. Ён стаў галоўнай фігурай конна-спартыўнай праграмы, якая прайшла на стадыёне пасёлка.
З кожнага сельсавета былі прадстаўлены на кірмашы ўпрыгожаныя коні і павозкі.
Уладальнікі лепшых павозак і конных парод узнагароджаны памятнымі прызамі, а лепшыя коні атрымалі мяшкі з аўсом.

Горад майстроў

За час адраджэння Ганненскага кірмашу з’явілася шмат традыцый. Адзін з яго творчых праектаў –“Кірмаш рамёстваў”– стаў сапраўдным брэндам.
З кожным годам маштаб яго правядзення становіцца ўсё больш значным: на гэты раз на рамеснай пляцоўцы ў цэнтральным скверы размясціліся прадстаўнікі раённага Дома рамёстваў, народныя ўмельцы Зэльвеншчыны, госці з суседніх раённых цэнтраў, Гродна і нават Мінска. Такім чынам, у самым цэнтры Зэльвы вырас сапраўдны самабытны горад майстроў.

Служба інфармацыі газеты «Праца»
Цікавыя і актуальныя навіны Зэльвенскага раёна ў нашым Telegram-канале.. Падпісвайцеся па спасылцы!
Комментарии отключены