Гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі рапсу
У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Бародзічы” пад маслянічную культуру адведзена 387 гектараў. Каб пазбегнуць страт, рапс убіраюць паэтапна. Для па-скарэння яго паспявання 100 гектараў пасеваў апрацавалі спецыяльным прэпаратам “Реглон Супер”. Такія палеткі ўбіраюць у першую чаргу. Затым перайдуць на палі, якія паспелі пад сонцам. Апошнімі будуць убірацца ўчасткі, апрацаваныя палімерным клеем “Нью Филм”.
У вытворчым участку №3, які трыццаць гадоў узначальвае Уладзімір Сонец, пасеяна 117 гектараў рапсу. На ўборцы задзейнічаны тры камбайны “КЗС-1218” і “Лексіён -580”. За штурваламі – вопытныя і адказныя механізатары, якія добра разумеюць, што жніво трэба правесці ў аптымальныя тэрміны і з найменшымі стратамі.
– Камбайнеры Святаслаў Баброўскі, Анатолій Пачабыт, Анатолій Екацярынін, Юрый Цавель і іх памочнікі Сяргей Грынцэвіч, Аляксандр Германовіч, Сяргей Меляшкевіч, Генадзій Хвядук – надзейныя работнікі, правераныя часам, – заўважае Уладзімір Сонец. – Галоўнае, каб не падвяло надвор’е. Сёлетнія кліматычныя ўмовы не вельмі спрыяльныя для рапсу. Культура гэтая асаблівая – любіць вільгаць, цяпло і своечасовую апрацоўку.
Экіпажы, у сваю чаргу, робяць стаўку на надзейны тэхнічны стан камбайнаў. Таму штодзень з самага ранку праводзяць дасканалы агляд тэхнікі.
Своечасова адвозяць ураджай некалькі аўтамабіляў “МАЗ” і “ГАЗ-53”, на якіх працуюць вопытныя вадзіцелі Казімір Валюк, Генадзій Гаеўскі, Міхаіл Памазкоў, Іван Мінец, Януш Бусловіч.
Як толькі камбайны пакідаюць поле, трактарыст Светамір Масюк на “МТЗ-1221” з агрэгатам “АДН-3,5” адразу прыступае да лушчэння ржышча.
Па аператыўных даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, у гаспадарцы на 17 ліпеня ўбраны 51 гектар, намалочана 109 тон пры ўраджайнасці 21,4 цэнтнера з гектара.
Мы пабывалі і на палях філіяла “Дабраселецкі”.
З 370 гектараў тут убрана 94, намалочана 170 тон. Сярэдняя ўраджайнасць пакуль трымаецца на ўзроўні 18,1 цэнтнера з гектара. Дзякуючы рабоце аграномаў гаспадаркі, якія ўдала падабралі ўчасткі пад маслянічную культуру, расліна выстаяла пад спёкай.
На жніве ў філіяле задзейнічаны 5 экіпажаў. Сярод іх – два сямейныя: Аляксандр Пашкоўскі працуе з сынам Кірылам, Іван Захарка – з сынам Сяргеем. Трэці сезон будуць разам убіраць ураджай камбайнер Юрый Гоздзік з памочнікам Іванам Зіневічам. Не першы год за штурвалам “КЗС-1218” Сяргей Смурага, якому сёлета дапамагае Сяргей Бурдук. Мінулагоднія пераможцы жніва сярод камбайнераў гаспадаркі Міхаіл Захарка і Вадзім Лухтан кіруюць “Лідай-1300”. Ураджай адвозяць Аляксандр Бандарык і некалькі вадзіцеляў з падшэфных арганізацый.
Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў паклапацілася аб належных умовах працы і аб дастаўцы гарачых абедаў на палеткі.
Людміла ПОПКА.
Фота аўтара.