«Гаваркія» назвы вёсак нашага раёна

«Трапіць у Карэю і Кітай на школьным аўтобусе! Нейкая бязглуздзіца! – скажаце вы. – Якія Кітай і Карэя на нашай Зэльвеншчыне, а тым больш на зямлі Крамяніцкай?» Так думалі і мы, калі ўпершыню пачулі гэты выраз. А потым даведаліся: Карэя і Кітай – гэта назвы вуліцаў у вёсках Самаравічы і Падбалоцце. Нашы продкі былі такімі кемлівымі і назіральнымі, што ўмелі жывым словам даць назву пэўнай мясціне ці ўзгорку. Гэта наша радзіма, і з маленства мы ведаем, як называецца луг каля ракі, поле, на якім працуюць нашы бацькі, сцяжынка, па якой мы сотню разоў бегалі ў лес. Усё мае сваю назву. І назва кожнай мясцінкі «гаваркая», запамінальная, адметная. Калі карыстацца навуковай мовай, то гэта называецца мікратапонім. Калі ведаць яго, можам беспамылкова трапіць у любое месца: пабываць у Карэі і прагуляцца па Кітаі…

Мы ўжо шмат гадоў займаемся вывучэннем скарбаў роднага куточка: даследавалі этымалогію прозвішчаў, мянушак, славутасцяў мясцовасці, збіралі звесткі пра вядомых землякоў. А вось вывучэннем «гаваркіх» назваў навакольных вёсак яшчэ не займаліся. Актуальнасць тэмы відавочная: змяняюцца пакаленні, сціраюцца з памяці розныя прадметы, што выходзяць з ужытку, а назвы застаюцца, «гавораць»; у іх, як у люстэрку, адбіваецца наша гісторыя, пляцецца вянок памяці аб мінулым, ушаноўваюцца нашы продкі.

Аналізуючы назвы навакольных вёсак, мы зразумелі, што некаторыя з іх паходзяць ад імёнаў ці прозвішчаў гаспадароў, ад удакладнення ўмоў працы, дзейнасці ці адпачынку чалавека, наяўнасці прыродных дароў ці знаходжання пэўнага геаграфічнага помніка прыроды, але пераважная большасць – ад успамінаў пра пэўныя падзеі.

У асноўным мікратапонімы простыя (складаюцца з аднаго слова), а з састаўных знайшлі толькі адзін: Зайцаў Топаль. Большасць назваў мае форму ніякага роду: Гарэлішча, Малінавае, Адказное, Жукава, Дзіравае, Павешана, трэць назваў – жаночага роду: Сценка, Калішняўка, Васілёўшчына, Свіслач, Карэя і інш. Некалькі назваў адносяцца да мужчынскага роду, або ўжываюцца ў форме множнага ліку: Тапалёк, Хутар, Парк, Могліцы, Балотцы, Лозы. Пры гэтым любая назва ў свядомасці местачкоўцаў настолькі трывалая, што няма неабходнасці ўдакладняць, ці гэта поле або вуліца: усё зразумела без каментарыяў.

Заўважылі мы адрозненне і ў стылявой афарбоўцы мясцовых назваў. Асабліва пяшчотна, з памяншальна-ласкальным адценнем, гучаць Тапалёк, Сценка, Веська, Касцёлка; іранічна і здзекліва – Свінава, Дзіравае, Кітай; з болем і адчаем вымаўляюцца Слёзнае, Гарэлішча, Галгофа, Павешана, Бубнішча, Адказное.

Успамін пра гістарычнае мінулае краю і ўшанаванне памяці продкаў гучыць у найменнях Двор, Касцёлка, Парк, Бяркозава, Свіслач, Жукава, БАМ, Навасёлы, Дубаўе, Рыбаччына. Больш поўную інфармацыю пра мікратапонімы мы прапануем атрымаць у складзеным слоўніку, дзе падаем іх у алфавітным парадку з тлумачэннямі.

Тлумачальны слоўнік мікратапонімаў

…вёскі Вейшычы

Адказное. Частка неўрадлівага панскага поля, надзел на якім выдзяляўся парабкам-п’яніцам гаспадаром Банцкевічам, каб пакараць чалавека і прымусіць працаваць дарэмна там, дзе нічога не расло.

Бубнішча. Узгорак сярод балота за дзве вярсты ад вёскі, на якім нічога не расло, нават зелле (ад слова бубен).

Бяркозава. Урочышча непадалёк вёскі, дзе ў ХІХ стагоддзі жыў ляснік па прозвішчы Бяркоз. Ён служыў каля 50-і гадоў у пана з маёнтка Войневічы. Доўгі час успаміналі Бяркоза добрым словам.

Васілёўшчына. Поле, падараванае панам Банцкевічам свайму конюху Васілю за шматгадовую адданую службу. Але карыстаўся ім гаспадар нядоўга, памёр у сталым узросце. А вось сын, таксама Васіль, меў яго ва ўласнасці аж да ўтварэння калгаса.

Гарэлішча. Вуліца на ўскрайку вёскі, якая ў час пажару перад вайной выгарала датла. Гаспадары спрабавалі адбудаваць яе, але пажары знішчалі яе яшчэ некалькі разоў.

Двор. Фундамент і слупы ад панскага маёнтка пана Банцкевіча. Даедзеце да Двара, а там рукой падаць да вёскі.

Дубаўе. Урочышча за вёскай, дзе калісьці па загадзе пана Банцкевіча былі высаджаныя сотні дубоў. Потым, у часы калектывізацыі, яны былі высечаныя для патрэбаў калгаса, а месца атрымала назву Дубаўе.

Жукава. Балота за паўтары вярсты ад вёскі, дзе калісьці
стаяў хутар Жука Вікенція.

Калішняўка. Поле непадалёк вёскі, каля чыгункі, дзе немцы ў часы вайны згружалі матэрыялы для будаўніцтва станцыі (паходзіць ад дыялектнага слова «калішнявы» ў значэнні «даўнейшы»). Доўга ўзрывалі немцы ўсё, што ляжала ў Калішняўцы.

Лозы. Урочышча, дзе знаходзіліся вялікія зараснікі лазы, якую вяскоўцы выкарыстоўвалі для розных патрэбаў.

Павешана. Урочышча ў лесе за вёскай, дзе ў розныя часы (прыкладна на працягу двухсот гадоў) на старым дубе знаходзілі мерцвякоў. Людзі заканчвалі жыццё самагубствам па невядомых прычынах.

Сценка. Поле, якое аддзяляла панскія надзелы, бо на ім жыта расло, як сцяна.

Свінава. Узгорак, дзе з паўстагоддзя таму была свінаферма, цяпер толькі рэшткі збудавання.

…Аграгарадка Князева

Могліцы. Узгорак за вёскай, дзе многа дзясяткаў гадоў вяскоўцы закопвалі здохлую жывёлу. У апошні час адпаведныя службы гэта забаранілі рабіць, а назва засталася.

Парк. Парк і вуліца, дзе захаваліся рэшткі панскага парку ў цэнтры вёскі, дзе знаходзіцца з дзясятак дамоў.

Свіслач. Вуліца, пабудаваная ў 1980-я гады ў час росквіту калгаса «Прагрэс», дзе жыллё атрымалі галоўныя спецыялісты, якія ў большасці (па волі лёсу) былі ўраджэнцамі Свіслацкага раёна.

Тапалёк. Месца на скрыжаванні дарог вёсак Князева, Самаравічы, Падбалоцце, дзе раней не было аўтобуснага прыпынку, а расла вялікая таполя, і каля яе спыняўся аўтобус. Людзі, беручы білеты, казалі: «Да Тапалька. Спыніце мне каля Тапалька».

…вёскі Крамяніца

Брылёва. Хутар недалёка ад вёскі Крамяніца, дзе хата стаяла на ўзгорку, які па сваёй форме нагадваў брыль.

Бумяхі. Частка ўзгорыстага поля за вёскай, неўрадлівага і камяністага.
Галгофа. Узгорак непадалёк касцёла, дзе раней былі першыя пахаванні, потым усё зарасло сасняком, а ў пачатку ХХІ стагоддзя ксяндзом Крыштафам зроблены Крыжовы Шлях Хрыста. Пад крыжам пахаваныя рэшткі касцей.

Гандлёўка. Цэнтральная вуліца, дзе з пачатку заснавання мястэчка Крамяніца ладзіўся гандаль найбольш каштоўнымі вырабамі. Цяпер на Гандлёўцы толькі тры «жывыя» хаты.

Касцёлка. Так называюць местачкоўцы невялікую вуліцу вёскі Крамяніца, размешчаную бліз касцёла Св. Юрыя, помніка архітэктуры XVI – XVII стагоддзяў. Нашы сёстры-манахіні жывуць на Касцёлцы ўжо даўно.

Рыбаччына. Крайняя вуліца, дзе многа соцень гадоў таму знаходзіліся хаткі рыбакоў, якія ў час вялікіх кірмашоў гандлявалі рыбай, каб не псаваць паветра ў цэнтры мястэчка.

Малінава. Узгорак за вёскай, на якім расло вельмі многа маліны. Пасадкі належалі манахіням кляштара, які дзейнічаў пры касцёле Св. Юрыя. Цяпер там густа разрасліся сасонкі, утварыўшы невялікі лясок, і нават не здагадаешся, што ў Малінаве раслі маліны.

Кар’ер. Роў на канцы вёскі, дзе на працягу прыкладна 50-і гадоў бралі жвір для патрэбаў калгаса.

Схрон. Назва ўрочышча мае паходжанне ад рускага дзеяслова «схорониться», месца знаходзіцца далёка за вёскай Крамяніца, дзе падземны ход з касцёла выходзіў на паверхню і служыў сховішчам. У часы калектывізацыі там хаваліся тыя, хто выступаў супраць утварэння калгасаў.

…вёскі Самаравічы

БАМ. Вуліца, размешчаная за 3 кіламетры ад свінагадоўча-
га комплексу «Самаравічы». У 1970-я гады, адзначыўшы размах яго будаўніцтва, назвалі так гэтае месца.

Балотцы. Вельмі мокрае і гіблае месца на ўскрайку вёскі, якое, паводле легенды, высахла дзякуючы малітвам і ўстаноўцы вяскоўцамі трох крыжоў – тры іпастасі Бога. Пазней тут пачалі будавацца людзі, а назва вуліцы замацавалася – Балотцы. Балотцы адраджаюцца, моладзь селіцца ў бацькоўскіх хатах.

Карэя. Назва вуліцы паходзіць ад выказвання аднаго з жыхароў, які ўвесь час акцэнтаваў увагу на падзеле вёскі, калі патрэбна было вырашыць нейкую ўсеагульную справу: «Мы зробім самі, а вы як хочаце! Мы як Паўночная і Паўднёвая Карэя!»

Лісава. Невялікі лясок, у якім вяліся лісы і пастаянна наведваліся на падворкі, забіраючы курэй. Колькі лісіных вывадкаў ні было знішчана, яны сяліліся там бесперапынна. Лісава было сапраўднай бядой для вяскоўцаў.

Слёзнае. Балота за вёскай, дзе калісьці дзеці пасвілі кароў, і там з імі заўсёды здараліся нейкія прыгоды: то карова вывіхне нагу, то згубіцца цяля і г.д., за ўсё дарослыя іх каралі, і слёзы ў пастушкоў каціліся градам. Цяпер на Слёзным ніякай жывіны не ўбачыш.

…вёскі Падбалоцце

Веська. Цэнтральная вуліца, заснаваная з пачатку ўзнікнення мястэчка (з польскай мовы «весь»). У большасці гэта даб-
ротныя дамы, якія населены заможнымі сем’ямі.

Вострава. Балота і тры дамы, пабудаваныя на беразе ракі Зальвянкі, далёка за вёскай Падбалоцце. У час разліву ракі людзі жылі, як на востраве.

Гладкаўшчына. Вялікае поле на некалькі дзясяткаў гектараў, вельмі роўнае і гладкае, былыя панскія землі (магчыма, паходзіць ад слова «гладкава»).

Зайцаў Топаль. Фундамент і старая таполя на месцы адзінокай сядзібы Браніслава Зайца.

Кальнік. Поле далёка за вёскай, дзе пасля ледавіка засталося многа валуноў розных памераў, і для патрэбаў будаўніцтва людзі калолі камень. Там да нашага часу знаходзіцца помнік прыроды – Калінікскі камень памерам да 3-х метраў і вагой каля 42-х тон.

Кітай. Частка вёскі была названая Кітай, таму што тут жылі бедныя шматдзетныя сем’і (па 8-10 дзяцей), якім заўсёды не хапала ежы, адзення.

Копанка. Вялікія балоты за вёскай, дзе ў 1950-х гадах капалі торф.

Навасёлы. Вуліца, утвораная значна пазней з хат перасяленцаў хутароў, у асноўным, уласнікаў, аднаасобнікаў. З усяе вёскі толькі ў Навасёлах некалькі хат, дзе ёсць мужчыны.

Хутары. Палі, дзе раней жылі сем’і Падчыкаў, Кузьмічоў, Хведукоў.

Мікратапонімы, як і людзі, маюць свае знакі адрознення, прыкметы, што кідаюцца ў вочы. Яны ніколі не ўзнікаюць самі па сабе, а цесна звязаныя з чалавекам, яго жыццём і лёсам. «Гаваркія» назвы павінны замацавацца ў свядомасці людзей як старажытныя помнікі, якія дазваляюць захаваць ідэнтычнасць гісторыі, мовы і культуры нашай мясцовасці. Вельмі важна не даць ім знікнуць бясследна або пакінуць аб сабе напамін толькі на старонках летапісаў ці архіўных дакументаў.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Князеўскай СШ Антаніна СКУБА

Студэнтка Гродзенскага ўніверсітэта ім. Я. Купалы Кацярына САЎКО

Студэнт Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Герман СКУБА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены