Где вода, там может быть беда
Летнія дні папаўняюць трагічную статыстыку: з пачатку года ў вобласці патанулі 33 чалавекі (у адкрытых вадаёмах – 27), з іх – двое дзяцей. Асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў – абыякавае стаўленне і парушэнне правілаў паводзін на вадзе.
З пачатку года ў зоне адказнасці Зэльвенскай выратавальнай станцыі не зарэгістравана ніводнага выпадку ўтаплення, выратавана больш за дзясятак чалавек. У спецыяльным журнале, які вядуць работнікі выратавальнай станцыі, налічваецца 233 запісы аб асобах (з іх 47 – непаўналетняга ўзросту), якія парушылі правілы паводзін на вадзе і папярэ-джаны аб неабходнасці іх прытрымлівацца падчас адпачынку.
Работнікі выратавальнай станцыі працуюць у вельмі напружаным рэжыме, пільна сочаць за адпачывальнікамі, пры гэтым рэгулярна папярэджваюць праз гучнагаварыцель: “Не заплывайце за буйкі, уважлівей сачыце за дзецьмі!”. Карэспандэнт “Працы” правяла адзін дзень на выратавальнай станцыі і пераканалася, наколькі складана і адказна несці тут службу.
Заступаючы на дзяжурства, змена чарговай вахты запаўняе журнал, у якім паміж работнікамі размяркоўваецца час нагляду за купальшчыкамі. У выхадныя і спякотныя дні, калі колькасць адпачывальнікаў значна павялічваецца, на дапамогу дзяжурнай змене прыходзяць усе работнікі выратавальнай станцыі – назіраць за падкантрольнай тэрыторыяй неабходна асабліва пільна. Як толькі заўважана парушэнне правілаў паводзін, а гэта ў асноўным заплыў за абмежаваную буйкамі водную зону, дзяжурны папярэджвае плыўцоў аб неабходнасці вярнуцца назад. Па словах вадалаза Юрыя Ляскевіча, бываюць такія выпадкі, калі з-за моцнага ветру папярэджанняў не чуваць. Тады выратавальнікі на лодках падплываюць бліжэй да купальшчыкаў і сочаць за парадкам на вадзе.
З групамі падлеткаў, асабліва хлопчыкаў, якія любяць гульні ў вадзе, пастаянна вядуцца растлумачальныя гутаркі. На жаль, некаторыя малыя парушальнікі да канца не разумеюць сур’ёзнасць праблемы. Таму, каб іх пераканаць, начальнік выратавальнай станцыі Аляксандр Бойка падводзіць дзяцей да інфармацыйных стэндаў і расказвае, да чаго могуць прывесці такія забавы.
Заклапочанасць у Аляксандра Якаўлевіча выклікае і той факт, што вельмі часта дзеці ва ўзросце 7–10 гадоў прыхо-дзяць на вадасховішча без су-праваджэння дарослых. За такімі падлеткамі вядзецца пільны нагляд. Па магчымасці, іх стараюцца сабраць у спецыяльную купальню, якая знахо-дзіцца непадалёку ад выратавальнай станцыі. Глыбіня тут дасягае 70 сантыметраў, тэрыторыя абнесена яркай сеткай. Нягледзячы на гэта, усё ж знаходзяцца такія, хто не-не і вы-плыве за межы купальні. Маўляў, большая глыбіня, ды і вада цяплейшая. Аднак, як сцвяр-джаюць спецыялісты, адлегласць у 10–15 сантыметраў не можа істотна змяніць тэмпературу ў водным басейне.
Варта нагадаць, што невысокі мосцік, што размешчаны побач з купальняй, не прызначаны для нырання. Ён змайстраваны для таго, каб выхавальнікам ці бацькам, якія прыхо-дзяць адпачыць з дзецьмі, зручней было назіраць за іх паво-дзінамі ў купальні.
Аляксандр Бойка не ўпусціў магчымасці, каб яшчэ раз не нагадаць правілы паводзін на ва-дзе. Пры купанні нельга карыстацца надзіманымі матрацамі, гумовымі цацкамі, спадручнымі дошкамі, а таксама дзіцячымі выратавальнымі кругамі. Кожны з іх вельмі небяспечны. Бываюць выпадкі, што выратавальны круг намнога большы за само дзіця. У такім выпадку ў вадзе вельмі лёгка выслізнуцца з яго. Надзіманыя плаў-сродкі вельмі лёгкія, і пры ветраным надвор’і іх адносіць на некалькі метраў ад нявопытных купальшчыкаў. Дзіця, даганяючы іх, можа не разлічыць глыбіню. Таму рэкамендуецца карыстацца толькі спецыяльнымі камізэлькамі і нарукаўнікамі.
Небяспечную сітуацыю могуць стварыць і гульні ў мяч на вадзе. Так, сёлета водны баскетбол амаль не абярнуўся бядой для адпачывальніка са сталіцы. Падчас гульні мяч прайшоў міма рук аднаго з ігракоў і пакаціўся па хвалях. Мінчанін паплыў за ім. Аднак спробы не прынеслі поспеху – вецер адганяў мяч усё далей і далей. Так мужчына аддаліўся ад берага. Заўважыўшы небяспечную сітуацыю, выратавальнікі паспяшаліся яму на дапамогу.
У гарачыя дні асаблівым попытам карыстаюцца катамараны. Перад тым, як даць да-звол на катанне, дзяжурныя праводзяць інструктаж. Аднак і тут назіраюцца парушэнні правіл паводзін: некаторыя спрабуюць раскалыхаць катамаран, другія – даюць з яго нырца і г.д. Такіх парушальнікаў рэгіструюць у вахтавы журнал і плаўсродкі ім больш не выдаюць.
Продаж алкагольных і слабаалкагольных напіткаў на гарадскім пляжы строга забаронены. Аднак, па словах дзяжурных, людзі часта з сабой прыносяць піва. Старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Яніна Цяслоўская, медыцынскія сёстры Валянціна Булак і Ніна Шчамялёва сочаць за кожным. Зразумела, што вельмі цяжка весці гутарку з “вясёлымі” кампаніямі мужчын, моладдзю, якія прыводзяць доказы, што хочуць прыемна адпачыць. Але ніякія доказы не могуць пераканаць строгіх кантралёраў: выпіўшы чалавек можа не разлічыць свае сілы і магчымасці ў вадзе, і гэта часта прыводзіць да трагедыі. Статыстыка сведчыць, што ў мінулыя гады тры з чатырох тапельцаў знаходзіліся ў нецвярозым стане.
Работнікі выратавальнай станцыі працуюць у цесным кантакце з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія заўсёды аператыўна выязджаюць ім на дапамогу.
Нягледзячы на ранішнюю прахалоду, выратавальнікі не зводзілі вачэй з воднай плыні. “Не ведаеш, чаго чакаць кожную хвіліну, – гаворыць начальнік выратавальнай станцыі Аляксандр Бойка. – Мы павінны пільна несці сваю службу – ад прафесіяналізму, уважлівасці кожнага з нас у многім залежыць жыццё чалавека”.
***
Стаць пад сцяг таварыства выратавання на водах няпроста. Кандыдат павінен быць дужым як фізічна, так і псіхалагічна, і быць гатовым у любую хвіліну прыйсці на дапамогу. На нашым вадасховішчы рэгулярна працуюць 13 чалавек, якія не толькі штодзённа праводзяць камандныя трэніроўкі, але штогод павышаюць свой прафесіяналізм у профільных абласных спаборніцтвах. За паспяховае выкананне планавых заданняў на працягу 2012 года, актыўную работу па ахове жыцця людзей на вадзе калектыў работнікаў зэльвенскай выратавальнай станцыі заняў трэцяе месца ў абласных спаборніцтвах. Каб дасягнуць такіх вынікаў, патрабуецца нямала намаганняў. Так, у пастаяннай гатоўнасці знаходзяцца адзін катар, 2 маторныя, вёславая лодкі, выратавальная дошка. У кожнага выратавальніка персанальны вадалазны камплект.
Аднак купальшчыкі павінны разумець, што выратавальнікі не ўсемагутныя, нягледзячы нават на сучаснае тэхналагічнае абсталяванне і высокую фізічную падрыхтоўку.