Герой “Дажынак-2013”
У агульны рэспубліканскі каравай зэльвенскія аграрыі ўнеслі звыш 72 тысяч тон зерня. Гэта лічба – вынік сучаснай тэхналагічнай базы агра—прамысловага комплексу, граматнага падбору сартоў, аптымальнай колькасці ўгнаенняў, аховы пасеваў, павышанай тэхналагічнай дысцыпліны. І ўсё ж ёсць у гэтым пераліку самае галоўнае звяно – чалавечы фактар. Ці, прасцей кажучы, напружаная і зладжаная праца ўсіх без выключэння ўдзельнікаў круглагадовага, па-сутнасці, земляробскага канвеера. Гэта яны, з ранішняй зоркі і да змяркання, з асаблівым энтузіязмам і адметным душэўным уздымам, шчыравалі на хлебнай ніве, стараючыся сабраць ураджай да апошняга зярняці. Кожны на сваім працоўным месцы добрасумленна выконваў свае абавязкі. І толькі пераможцы спаборніцтва – трошкі лепш за іншых. Выступаючы на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2013» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пераможцы сёлетняй уборачнай кампаніі – сапраўдныя героі нашага часу: паспяховыя людзі, якія служаць прыкладам падрастаючаму пакаленню.
Да таго ж, некаторыя з пераможцаў з’яўляюцца прызнанымі майстрамі хлебнай справы і ўжо не першы раз удзельнічаюць ва ўрачыстасцях такога высокага ўзроўню. Напрыклад, для камбайнера Уладзіміра Мулярчыка з філіяла “Князева” сёлетнія рэспубліканскія “Дажынкі” другія па ліку. Аб восеньскім свяце хлебаробаў 2000 года напамінкам служаць Ганаровы дыплом і халадзільнік.
У гэтым годзе старшы камбайнер Уладзімір Мулярчык разам з камбайнерам Уладзіславам Жамойцінам на камбайне “Лексіён-760” намалацілі больш за 4 тысячы тон зерня, што дало ім магчымасць падняцца на першую прыступку раённага п’едэстала. Уладзі-міру Вацлававічу пашчасціла яшчэ і прадстаўляць Зэльвеншчыну на рэспубліканскім свяце хлебаробаў, якое праходзіла ў Жлобіне. З рук кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ён атрымаў галоўную ўзнагароду “Дажынак” – Ганаровы дыплом і ключы ад аўтамабіля “Geely”.
– Быць пераможцам на такім свяце надзвычай пачэсна, – з непаддзельнай радасцю дзеліцца ўражаннямі Уладзімір Мулярчык. – Адчуваю гонар і высокую адзнаку не толькі сваёй працы, але і значнага ўкладу кожнага ўдзельніка ўборачнай кампаніі.
Сёлетняе жніво для Ула-дзіміра Мулярчыка – 15-е. Адразу пасля арміі сеў ён за руль трактара. Хутка праявіўшаму свае здольнасці юнаку, кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала паспрабаваць сілы ў ролі памочніка камбайнера, а затым і старшага камбайнера. Ула-дзімір прызнаецца, што палова цяперашняга поспеху належыць яго першаму настаўніку – вопытнаму механізатару Анатолію Рудому (дарэчы, у мінулым камбайнер таксама быў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў і ўладальнікам аўтамабіля “Жыгулі”). Ён навучыў з любоўю адносіцца да зямлі, да тэхнікі, на якой працуеш. З гэтым наказам Ула-дзімір і пайшоў па сваім працоўным шляху. Важкія вынікі ўборкі зерневых на камбайнах СК-5 “Ніва”, “Дон”, “Джон-Дзір” прыводзілі да прызавых месцаў не толькі ў гаспадарцы, але і раёне.
– Поспеху ў многім садзейнічае ўзаемаразуменне ў калектыве, зладжаная работа ўсяго зернеўборачнага канвеера, добрая падрыхтоўка тэх-нікі, – расказвае Уладзімір Вацлававіч. – Аб такім камбайне як “Лексіён-760” можна было толькі марыць. Сёлета мая мара стала явай. Таму і вынік не прымусіў сябе чакаць.
Клапацілася аб працоўных буднях мужа і жонка Алена Віктараўна. Яна ні свет, ні зара ўставала, каб прыгатаваць смачнае і сытнае сняданне свайму гаспадару, узяла на сябе ўсе клопаты па доме і гаспадарцы. І пастаянна папя- рэджвала Уладзіміра, каб працаваў з жаданнем і любоўю.
Сёння раздзяляюць радасць перамогі свайго таты і дзеці – дачка Віка і сын Максім. Шчыра віншуюць калегі-механізатары. Але працяглага часу святкаваць няма: на вёсцы восень – работ восем. Уладзімір Мулярчык, паста-віўшы камбайн, перасеў адразу на трактар з агрэгатам перадпасяўной апрацоўкі глебы “АКШ”. Яго штодзённая карпатлівая праца – шлях да новых перамог.