Гэта наша з табой біяграфія
Што для вас значыць Зэльвеншчына? З такім пытаннем мы звярнуліся да чытачоў “Працы”.
Міхаіл Кузняцоў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
– Я ўдзячны лёсу, што звязаў мяне з Зэльвеншчынай, гэтым цудоўным краем з гасціннымі і працавітымі людзьмі. Прыемна ўсведамляць, што ў адраджэнні і росквіце зэльвенскай зямлі ёсць і мая заслуга. З вялікай цеплынёй заўсёды ўспамінаю тых людзей, з якімі давялося працаваць на многіх участках розных сфер жыцця.
З асаблівай прыязнасцю адношуся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Зэльвен-шчына – край партызанскі. У гады вайны мясцовыя жыхары актыўна ўдзельнічалі ў партызанскім руху, набліжалі доўгачаканую Перамогу. І на франтах праяўлялі мужнасць і гераізм, аб чым сведчаць шматлікія ордэны і медалі ветэранаў. Затым гэтак жа самааддана зэльвенцы аднаўлялі народную гаспадарку, закладваючы надзейны фундамент на перспектыву. Сёння раёну ёсць чым ганарыцца, але неабходна яшчэ шмат зрабіць.
Ад імя ўсіх ветэранаў вайны і працы Зэльвеншчыны дазвольце выказаць шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву раёна за клопат і ўвагу да нас, людзей старэйшага пакалення.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і згоды ў кожнай зэльвенскай сям’і.
Святлана Літвінчык, намеснік дырэктара Елкаўскай СШ:
– Зэльвеншчына – мая другая Радзіма, маё жыццё, мой лёс. Прыехаўшы ў 1985 годзе пасля філфака БДУ ў Казловіцкую васьмігадовую школу (тады думалася, што толькі на два гады), засталася на Зэльвеншчыне на ўсё жыццё. Я ўдзячна ёй за шчасце быць маці і бабуляй. Тут я стварыла сям’ю, тут нарадзіліся і пайшлі ў свет любімыя дзеці. Зэльвенскі край даў мне магчымасць весці актыўны лад жыцця, так як я з’яўляюся дэпутатам Сынкавіцкага сельсавета, неаднойчы была ў складзе акружной выбарчай камісіі. У 2011 годзе прадстаўляла раён у абласным конкурсе “Жанчына года”, дзе атрымала першае месца ў намінацыі “За грамадскую дзейнасць”…
Не ўяўляю сябе без Сынкавіцкай царквы, у якой заўсёды знаходжу падтрымку. А ўдзел у царкоўным хоры дае магчымасць праслаўляць любую старонку і за яе межамі…
Зэльвеншчына звязвае мяне з дарагімі людзьмі, якія з’яўляюцца аднадумцамі і сябрамі, заўсёды гатовымі прыйсці на дапамогу, якім я за многае ўдзячна.
Менавіта Зэльвеншчына дае мне паэтычны ўздым. Тут я ўпершыню надрукавала свой верш у раённай газеце “Праца”. Адсюль магу ў поўны голас расказаць аб сваіх пачуццях, марах, надзеях, імкненнях… Адным словам, Зэльвеншчына – мая вера, мая надзея і любоў.
Уладзімір МАЗГО, Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна:
– Зэльвеншчына – мая радзіма. Яна, як маці, у чалавека заўсёды адна. Самая дарагая і самая любімая. Таму на ўсіх жыццёвых шляхах-дарогах навігатары нашых сэрцаў скіраваны менавіта да роднага кутка.
Славіцца Зэльвенскі край багатай гісторыяй і змястоўнай сучаснасцю. Чаго вартыя толькі Ганненскі кірмаш і маляўнічае вадасховішча, непахісная Сынкавіцкая царква-крэпасць, векапомныя палі і лясы!
Узгадваю сваю малую радзіму – і перад вачамі паўстаюць працавітыя, таленавітыя людзі. Імёны хлебаробаў і пісьменнікаў, будаўнікоў і спартсменаў, навукоўцаў і настаўнікаў загучалі ва ўсёй рэспубліцы.
Перапаўняюць пачуцці, што з кожным годам мая любая бацькоўская зямля маладзее і прыгажэе. Радуюся за землякоў, высокія поспехі і працоўныя дасягненні якіх з’яўляюцца не толькі годным прыкладам для пераймання, але і гонарам нашага маляўнічага мястэчка.
У сваёй любові да цябе, родная Зэльвеншчына, яшчэ раз прызнаюся паэтычнымі радкамі:
Любімая зямля спакон вякоў,
Ты для мяне найлепшая на свеце.
Вітаючы сяброў і сваякоў,
Тут зоры над Зальвянкай ярка свецяць.
Табе клянуцца сейбіт і паэт:
Няма мілей нідзе кутка другога.
Дарога, што адкрыла цэлы свет,
Вяртаецца да роднага парога…


