Гісторыя аднаго фотаздымка. Навекі – дзевятнаццацігадовы
Час імкліва бяжыць наперад. Вось ужо і 79-я гадавіна вызвалення Беларусі. Але не знікла з памяці людзей вайна. І забыць яе мы не маем права. Таму што гісторыя – гэта лёс кожнага, хто вынес на сабе жахі смяротных баёў, гады выпрабаванняў, хто кожны дзень здзяйсняў подзвіг.

Углядваюся ў даваенны фотаздымак. З яго глядзіць мой дзядзька Мікалай, чые імгненні радасці, болю, надзей, чаканняў увасобіў аб’ектыў. Гэта адзіны яго фотаздымак. І назва ў яго – памяць.
Мой дзядзька, Мікалай Сідаравіч Савоська, нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Нязбодзічы Свіслацкага раёна. У сям’і дзеда, Сідара Ануфрыевіча, было пяцёра дзяцей: два сыны і тры дачкі. Усе працавітыя, глыбока веруючыя, спагадлівыя.
Заўсёды добразычлівы, гатовы прыйсці на дапамогу, прыгожы, разважлівы не па гадах, Мікалай быў любімцам вёскі. Усё ладзілася ў яго, любую работу выконваў, весела напяваючы. “Вось які памочнік, прадаўжальнік роду расце!”– з гонарам гаварылі бацькі пра сына. Ніколі ён нават голасу на павысіў, такі стрыманы быў. І да навукі цягнуўся. Калі б не вайна, упэўнена, ганарылася б ім не толькі радня, але і краіна. Калі б не вайна…
На Свіслаччыне, як і на усёй Беларусі, з самага пачатку акупацыі было арганізавана падполле, актыўна дзейнічалі партызаны. Некалькі значных дыверсій былі праведзены на чыгунцы, што звязвала Свіслач і Гайнаўку Летам 1942 года ў раёне вёскі Нязбодзічы быў пушчаны пад адхон варожы эшалон з жывой сілай і тэхнікай. Быў разбіты цягнік і 20 вагонаў. Рух на гэтым участку чыгункі быў паралізаваны на некалькі дзён. Фашысты, каб “навучыць” насельніцва паслухмянасці, узялі ў заложнікі 44 мірных жыхароў вёсак Нязбодзічы і Качкі. Матуля ўспамінала: “Усіх сагналі на плошчу. Выстраілі заложнікаў і пачалі сваю бесчалавечую лічылку. Таго, на каго выпадаў страшны выбар, выводзілі і ставілі ў асобны строй”. І тут здарылыся тое, што людзі называюць “лёс”. Быў у вёсцы юнак, пакрыўджаны лёсам, душэўна хворы. На яго і выпаў фатальны нумар. Раптам ён выбег со строю і кінуўся бегчы прэч. На здзіўленне, немцы рагочучы,толькі засвісталі яму ўслед. А на яго месца вывелі Мікалая. Дзед упаў на калені і закрычаў:” Паночку, вазьмі мяне, я ўжо пажыў!”. “Вэк!” – адпіхнуў дзеда афіцэр, і юнака далучылі да натоўпу заложнікаў.
Іх расстралялі ў кар’еры каля вёскі Гаркаўшына. Забітых не дазволілі пахаваць, засыпаўшы роў зямлёй. І толькі пасля вызвалення ў 1944 годзе родныя змаглі пахаваць іх.
На месцы гэтай трагедыі ўстаноўлены памятны знак. А ў вёсцы Нязбодзічы ёсць помнік, на якім сярод 68 імён імя майго дзядзькі – Савоські Мікалая Сідаравіча. Я чытаю іх прозвішы, гляджу на даты нараджэння і разумею: Мікалай – самы малады з ўсіх заложнікаў. Яму было ўсяго 19 год.
Ёсць у пісьменніка Г. Бакланава цудоўная і праўдзівая аповесць “Навекі – дзевятнаццацігадовыя”, прысвечаная салдатам, абаронцам Айчыны, якія загінулі маладымі ў першыя месяцы вайны. Яна і пра майго дзядзьку, і пра тысячы беларусаў, чыя мары і спадзяванні перакрэсліла вайна.
Таццяна Мананнікава
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке
Комментарии отключены