Гісторыя Зэльвеншчыны ў публікацыях і фотаздымках
Ілюстраваная выстава-панарама да юбілейнай даты Зэльвен-скага раёна адкрыта ў фае цэнтральнай раённай бібліятэкі. Багаты фактаграфічны матэрыял, фотагалерэя “Зэльвеншчына мінулая і сучасная”, кнігі аб гісторыі раёна, публіцыстычныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць жыццё раёна, дзейнасць землякоў на працягу дзесяцігоддзяў дазволяць зэльвенцам папоўніць свае веды аб родным краі.
Пачэснае месца на стэлажах адведзена энцыклапедыям Беларусі, што змяшчаюць краязнаўчыя звесткі аб Гродзеншчыне і Зэльвенскім раёне ў цэлым. Гістарычнае мінулае адлюстравана ў дакументальна-храналагічным выданні “Памяць”, выдадзеным у 2003 годзе, і ў матэрыялах навукова-гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі “Славуты Зэльвенскі край” (2004). Аб дзейнасці партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны на Зэльвеншчыне расказвае кніга Івана Падваркава “З верай у Перамогу”.
Для аматараў-краязнаўцаў падрыхтавана “Гістарычная даведка”, якая ўключае інфармацыю аб геаграфічным становішчы, звесткі аб утварэнні раёна, колькасці насельніцтва, сельсаветах, адміністрацыйных будынках арганізацый і прадпрыемстваў. Самыя значныя вехі дасягненняў у станаўленні і развіцці раёна прадстаўлены на “Старонках гісторыі Зэльвеншчыны”.
У пашпарце раёна асобны раздзел прысвечаны знакамітым землякам. Так, можна знайсці аўтабіяграфічныя звесткі пра Героя Савецкага Саюза Паўла Ільіча Жданава і Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Адольфавіча Жамойціна. Даведацца пра зэльвенцаў, занесеных у раённую Кнігу Славы Зэльвенскага раёна. Пазнаёміцца з інфармацыяй пра людзей, якія сваёй працай заслужылі пачэснае званне “Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна”.
Аматарам паэтычнага слова будзе асабліва цікавым зборнік вершаў мясцовых паэтаў, членаў літаратурнага аб’яднання “Зоры над Зальвянкай”.
Пазнавальным будзе для наведвальнікаў знаёмства з ілюстраваным выданнем 2013 года “Агрогородки Гродненщины”, якое выпушчана рэгіянальнай грамадска-палітычнай газетай “Вечерний Брест” пры падтрымцы Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. У адным з раздзелаў кнігі расказваецца пра аграгарадкі, якія размяшчаюцца на тэрыторыі Зэльвенскага раёна.
Фотакалаж прадстаўлены як чорна-белымі здымкамі мінулых гадоў, так і сучаснымі каляровымі. Баі на рацэ Зальвянка ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, працоўныя будні трыкатажнай фабрыкі, развіццё калгаснага руху, новабудоўлі 70-х і г. д. Адным словам, за станаўленнем і развіццём раёна можна прасачыць не толькі па публіцыстычных матэрыялах, але і па архіўных фота.
Краязнаўчы матэрыял бібліятэкары збіралі з розных крыніц, размяркоўвалі па тэматычных папках. На выставе – інфармацыйна-краязнаўчыя бюлетэні, памяткі чытачам, зборнікі вершаў, дай-джэсты. Попытам у школьнікаў і моладзі карыстаюцца выдавецкія работы цэнтральнай раённай бібліятэкі – “Ваша слава ўстане абеліскам” (аб помніках, брацкіх магілах і абелісках, размешчаных на тэрыторыі Зэльвенскага раёна), “Зберажом помнікі для патомкаў” (аб помніках прыроды), “Вуліцы, авеяныя славай” (расказы аб героях вайны, чые імёны носяць вуліцы райцэнтра), “Цуды Зэльвы”, “А на нашым кірмашы”, “Зэльва – радасці крыніца”, “Роднай Зэльве” (зборнікі паэтычных і музычных твораў, прысвечаных Зэльвеншчыне). Да юбілейных дат славутых землякоў выпускаюцца буклеты ў серыі “Знакамітыя людзі Зэльвеншчыны”.
Менавіта на краязнаўстве, як на трывалым грунце, павінен фарміравацца грамадзянін, патрыёт і беражлівы гаспадар сваёй краіны. Ад таго, як мы адносімся да культурна-гістарычнай спадчыны народа, у многім залежыць, як мы жывём і як аднясуцца да нас нашчадкі.
Валянціна Масюк,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі.