Горкі дым чарнобыльскай бяды. Гадзіна смутку як сімвал памяці і папярэджання чалавецтву прайшла ў Зэльве
38 гадоў мінула з трагічнай падзеі – аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і проста нераўнадушныя людзі сталі ўдзельнікамі мерапрыемства, прыўрочанага да самай страшнай ядзернай катастрофы ў гісторыі цывілізаванага свету.

У той ці іншай меры вынікі аварыі на ЧАЭС закранулі больш за два дзясяткі краін. Аднак асноўны ўдар прыняла наша родная зямля: каля 35% радыёактыўных адходаў аселі на тэрыторыі Беларусі.





Прысутныя сабраліся, каб успомніць і ўшанаваць гэтую трагічную дату ў гісторыі дзяржавы і народа. Як абазначыла член раённага савета ветэранаў Ірына Кавалевіч, памяць аб трагедыі Чарнобыля незагойнай ранай застаецца ў душы кожнага беларуса. Каб у кожнага з нас была светлая будучыня, тысячы людзей былі кінуты на змаганне з наступствамі катастрофы.



Напярэдадні чарговай гадавіны катастрофы кветкі ўручылі Уладзіміру Якімчыку (на фота) – зэльвенскаму ліквідатару аварыі. Аб подзвігу, які здзейснілі наш зямляк і яго таварышы, усе мы павінны памятаць, каб не дапусціць падобнага ў будучым. У першыя дні пасля аварыі на чацвёртым энергаблоку станцыі полк 21-гадовага юнака быў узняты па трывозе. З Урала намесніка камандзіра ўзвода авіяцыйна-хімічнай разведкі Якімчыка ў саставе падраздзялення накіравалі на ўкраінскую тэрыторыю для ажыццяўлення дазіметрычнага кантролю. За год адказнай і напружанай службы ён пабываў на розных участках 30-кіламетровай чарнобыльскай зоны. І цяпер, нават праз дзесяцігоддзі, аб гэтым Уладзіміру Міхайлавічу ўспамінаць нялёгка. Па яго словах, кожны рызыкаваў уласным жыццём і здароўем, робячы ўсё магчымае для адраджэння жыццядзейнасці пацярпелых раёнаў: менавіта ад працы і граматных дзеянняў ліквідатараў залежала жыццё многіх людзей.




Аповед вядучага мерапрыемства суправаджаўся паказам прэзентацыі, відэаролікамі, творчымі нумарамі ў выкананні ўдзельнікаў народнай эстраднай студыі “Рэтра”, танцавальных гурткоў цэнтра культуры.


У фінале як запавет, і ў першую чаргу моладзі, прагучалі словы вядучага: «Мы – тыя, хто цяпер жыве на Зямлі, разумеем, наколькі далікатны мір на планеце. У нашай памяці назаўжды застанецца чарнобыльская катастрофа як папярэджанне чалавецтву».



Любоў ШЭЙКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены