Гродна – культурная сталіца. І не толькі
У аўторак на базе “Гродзенскай праўды” прайшоў навукова-практычны семінар галоўных рэдактараў раённых газет з удзелам навуковых супрацоўнікаў кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Пасля выступлення начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Паўла Скрабко слова ўзяў кіраўнік абласнога дзяржаўнага перыядычнага выдання Павел Сухарукаў. Ён расказаў калегам аб дзейнасці рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда” ў сучасных умовах, пазнаёміў з формамі рэкламнай дзейнасці, якую апрабоўваюць журналісты.
І на гэты раз шмат павучальнага для практычнага прымянення пачарпнулі для сябе газетчыкі з выступленняў навукоўцаў – доктара філалагічных навук, прафесара кафедры журналістыкі Марыі Канюшкевіч, кандыдатаў філалагічных навук Ірыны Герасімчык, Ірыны Піваварчык, Іны Мінчук.
Пасля зацікаўленай двухбаковай дыскусіі арганізатары семінара прапанавалі яго ўдзельнікам наведаць значныя аб’екты абласнога цэнтра.
РУПП “Гроднахлебпрам”– сучаснае прадпрыемства, якое дынамічна развіваецца, паспяхова канкурыруе на рынку, пастаянна нарошчвае асартымент і аб’ёмы выпуску прадукцыі. У яго склад уваходзяць галаўное прадпрыемства ў г.Гродна і пяць філіялаў, размешчаных у найбольш буйных раённых цэнтрах Гродзен-скай вобласці: Лідзе, Смаргоні, Слоніме, Ваўкавыску і Навагрудку. Сумарная магутнасць прадпрыемства складае каля 285 тон у суткі хлебабулачных вырабаў і 2600 тон у год – кандытарскіх. Пастаянна асвойваюцца новыя віды прадукцыі. На лініі італьянскай вытворчасці фірмы «Canol» выпускаюцца слаёныя дробна-штучныя булачныя вырабы. Яны рэалізуюцца як у гатовым выглядзе, так і ў выглядзе замарожаных фабрыкатаў. У мінулым годзе праведзена мадэрнізацыя лініі па вытворчасці заварных пірожных (эклераў). Асвоены выпуск лаваша тонкага “Гродзенскага”. Прадукцыя “Гроднахлебпрама” карыстаецца вялікай папулярнасцю ў пакупнікоў, так як вызначаецца высокай якасцю. Па выніках рэспуб-ліканскага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, які праводзіцца Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі, хлеб “Талака” дэсертны, хлеб “Спадар”, пранікі “Потеха” дэкарыраваныя прызнаны лаўрэатамі і ўдастоены права нанясення лагатыпу конкурсу на этыкетку. Акрамя выпуску хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, прадпрыемства ажыццяўляе вытворчасць соладу і соладавых прадуктаў, мёду штучнага, канцэнтратаў харчовых (кісялёў), згушчанага малака, сіропу араматызаванага, займаецца рознічным гандлем. У пачатку бягучага года адкрылася фірменнае кафэ “Каравай”.
Наступным аб’ектам наведвання стала Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца. Перш чым пачаць знаёмства з гэтай установай аховы здароўя, была праведзена традыцыйная дабрачынная акцыя “Журналісты – дзецям”. Госці падарылі ўстанове карціны дзіцячай тэматыкі са словамі-пажаданнямі пацыентам хутчэйшага выздараўлення і шчаслівага Новага года.
Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца –адзіны ў вобласці дзіцячы шматпрофільны стацыянар, аснашчаны сучасным дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем, цэнтр па аказанні спецыялізаванай экстраннай і планавай педыятрычнай, хірургічнай і рэанімацыйнай медыцынскай дапамог (акрамя дзіцячай отарыналарынгалогіі, афтальмалогіі, стаматалогіі і гінекалогіі). У стацыянары, фонд якога складае 372 ложкі, праводзіцца лячэнне дзяцей ад нованароджаных да 18 гадоў. Як адзначыў галоўны ўрач установы Сяргей Таранцей, штогод у прыёмнае аддзяленне стацыянара звяртаецца да 14–15 тысяч пацыентаў і больш за 10 тысяч дзяцей і падлеткаў шпіталізуюцца. У стацыянар паступаюць дзеці па накіраванні амбулаторна-паліклінічных устаноў г.Гродна і раёнаў вобласці, а таксама пераводам з лячэбных стацыянараў вобласці ў выпадках, калі дзіцяці неабходна аказанне спецыалізаванай дапамогі. На базе педыятрычнага аддзялення для нованароджаных і неданошаных дзяцей і аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі функцыянуюць дзве рэанімацыйныя кансультацыйныя брыгады, якія аказваюць дапамогу на месцах, а ў выпадку неабходнасці пераводзяць дзіця ў абласны стацыянар. Брыгады аснашчаны рэанімацыйным модулем, транспартным кювезам для нованароджаных.
Дзякуючы аснашчэнню сучасным абсталяваннем хірургічнага корпуса, які быў уведзены ў эсплуатацыю ў красавіку бягучага года, урачамі актыўна ўкараняюцца новыя методыкі аператыўнага лячэння пацыентаў. У некаторых выпадках у абласным дзіцячым стацыянары выконваюцца аперацыі, якія былі даступныя толькі рэспубліканскім клінікам.
Цікавасць у журналістаў выклікаў і наступны ўнікальны аб’ект – крыты мабільны зборна-разборны каток, які адкрыўся ў Гродне ў лесапаркавай зоне Пышкі на месцы былога піянерлагера “Юныя касманаўты”. Незвычайнасць аб’екта ў тым, што сцены і дах у ім надзьмутыя. Менавіта ў спалучэнні з лядовай арэнай дзьмутыя канструкцыі ў Беларусі раней не выкарыстоўваліся, ёсць прыклады крытых такім чынам тэнісных кортаў і залаў для гульняў. Збудаванне мае стандартную для лядовых палацаў плошчу 1,8 тыс. кв. м. Акрамя лядовай арэны тут размяшчаюцца раздзявалкі, душавыя, адміністрацыйныя памяшканні. Новы каток выкарыстоўваецца для трэніровак дзіцячай спартыўнай школы, якая дзейнічае пры Гродзенскім цэнтры алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай. Акрамя таго тут могуць займацца і аматарскія каманды. Як стала вядома, у перспектыве на плошчы новай спартыўнай базы магчыма будаўніцтва адкрытай хакейнай каробкі, тэнісных кортаў, кафэ, гасцініцы, плануецца развіваць спартыўна-рэкрэацыйныя паслугі для гродзенцаў (побач знаходзяцца гарадская сцежка здароўя, лыжная і веласіпедная трасы).
Гродна дынамічна развіваецца. Абласны цэнтр,
аб’яўлены ў пачатку года культурнай сталіцай Беларусі, апраўдвае сваё ганаровае званне не толькі ў плане духоўнасці. Узводзімыя сацыяльназначныя, па сучаснаму аснашчаныя аб’екты, даюць магчымасць аказваць шырокі спектр паслуг не толькі гро-дзенцам, але і ўсім жыхарам прынёманскага краю.
Клаўдзія Крэчка.