И заговорило дерево …

И заговорило дерево ...

На працягу мінулага тыдня аматары народнай творчасці, жыхары і госці нашага раёна назіралі за работай майстроў па разьбе. Упершыню па ініцыятыве старшыні раённага выканаўчага камітэтаЯна Пальчыса на Зэльвеншчыне праходзіў пленэр рэзчыкаў па дрэве.

Асноўная тэма мерапрыемства непарыўна звязана з гісторыяй нашага краю і легендамі  Зэльвеншчыны. Перад удзель-нікамі ставілася задача пазнаё-міцца з мясцовымі легендамі і паданнямі, прадумаць вобраз і ўвасобіць яго ў ліпавую калоду. Скульптуры з дрэва на працягу шасці дзён стваралі разьбяры Анатолій Татарчук і Мікалай Саўко з Мастоў, Аляксандр Жураўлевіч і Вадзім Худзяеў з Мінска, а таксама прадстаўнікі нашага раёна – Міхаіл Грынцэвіч з Крывіч, Сяргей Худзяеў з Галынкі. У ліку ўдзельнікаў была і адзіная жанчына Ала Сідорык, якая выступала ў ролі памочніка разьбяра. Скульптуры, нібы жывыя істоты, ажывалі (за працэсам работы назірала карэспандэнт “Працы”) у прыгожым лясным масіве базы адпачынку “Бярэжкі”.

У першы дзень начальнік аддзела культуры Галіна Раманчук і дырэктар раённага Дома рамёстваў Ала Сідорык пазнаёмілі майстроў з цікавай гісторыяй Зэльвеншчыны, не абмінулі ўвагай знакаміты на ўвесь свет Ганненскі кірмаш, прыгадалі паданні пра назву гарадскога пасёлка. Для больш дасканалага азнаямлення прапанавалі разнастайную літаратуру. Абмеркаваўшы паміж сабой тэматыку і выбраўшы вобразы, разьбяры пры-ступілі да падрыхтоўкі матэрыялу. Драўніна сваёй структурай “падказала” адпаведнасць вы-бранай скульптуры, напрамак, дэталі працы. І закіпела работа. 

Убачыўшы зэльвенскае вадасховішча, у Анатолія Татарчука першапачаткова ўзнікла ідэя выканаць фігуру чорта. Але фактура дрэва падштурхнула да язычнай міфалогіі, і на калоду былі нанесены рысы старога чалавека з воранам на плячы. Тым больш, што да гэтага часу пра ворана ходзіць многа паданняў і легендаў. Ён, як вядома,  з’яўляецца доўгажыхаром і яго, як ні адну другую птушку, шануюць старэйшыя людзі.

Захапленне дрэвам да Анатолія прыйшло яшчэ ў 90-я. Тады і вырашыў ён набыць спецыяльнасць дэкаратара-афарміцеля. Пасля заканчэння Мірскага прафтэхвучылішча доўгі час працаваў мастаком-афарміцелем на прадпрыемстве “Мастадрэў”. У асноўным рыхтаваў сувенірную прадукцыю. Часта і многа даво-дзілася наведваць кірмашы, выстаўкі. Адтуль прывозіў вобразы і ідэі, арыгінальныя сюжэты. Дабаўляў сваю фантазію, майстэрства –у выніку атрымліваліся цікавыя работы, якія хутка былі заўважаны знаёмымі і гасцямі горада. Больш за ўсё Анатолій Уладзіміравіч любіць выразаць скульптуры драконаў, арлоў, хаця канчатковай мэты перад сабой ніколі не ставіць – у гэтым і сакрэт яго мастацтва. За два дзясяткі гадоў паспрабаваў увасобіць у дрэва розныя вобразы, на дасягнутым не збіраецца спыняцца. Увесь час працуе над самаўдасканаленнем, падтрымлівае цесную сувязь з іншымі разьбярамі, іх парады лічыць самымі лепшымі ўрокамі для сябе. Для таго, каб мець зносіны з сапраўднымі майстрамі, атрымаць слушныя падказкі, з вялікім інтарэсам прыняў запрашэнне прыехаць на Зэльвеншчыну. 

Яго земляку Мікалаю Саўко талент перададзены ў спадчыну. Бацька на ўсю мясцовасць славіўся майстрам на ўсе рукі. За што б ён ні браўся – усё атрым-лівалася адмыслова.  Сына з малога ўзросту прывучаў да любой работы, заўважаць незвычайнае вакол сябе, нават тое, што іншыя лічылі дробяззю. Мікалай Іванавіч хутка пераканаўся, што больш за ўсё вабіць дрэва, якое з дапамогай яго таленавітых рук можа ператварацца ў дзівосныя вобразы. Асноўная тэма работ разьбяра – прырода. Не раз скульптуры Мікалая Саўко ўпрыгожвалі выставы народных майстроў Гродзеншчыны. Разам з сябрам-рэзчыкам па дрэве ладзілі персанальную выставу ў музеі Тызенгаўза. Што праводзяцца падобныя мерапрыемствы, як у Зэльве, Мікалай Іванавіч не ведаў. Таму ўжо ў першы дзень работы не мог стрымаць эмоцый ад выдатнай магчымасці працаваць на адной пляцоўцы з майстрамі з розных рэгіёнаў. Зэльвеншчыне разьбяр вырашыў падарыць скульптуру русалкі.

Аляксандра Жураўлевіча можна смела назваць прафесіяналам і знаўцам выбранай справы. Шмат ездзіць не толькі па нашай краіне, але і часта бывае за яе межамі. Аляксандру Васільевічу давялося пазнаёміцца з майстрамі з Германіі, Англіі, Літвы, Латвіі. Нягледзячы на вопыт, не прапусціў магчымасці абмяняцца ведамі з беларускімі разьбярамі. Сустрэчы з сябрамі па хобі лічыць найкаштоўнейшым набыткам. Па яго словах, неабходна жыць па прынцыпе – колькі жывеш, столькі і вучыся. Прызнаецца, што заўсёды пад час працы над скульптурамі ў яго з’яўляецца шмат новых ідэй і вобразаў. Нікому не адмаўляе ў парадзе. У Бярэжках майстар таксама быў апорай і падтрымкай для навічкоў.

Аляксандр Васільевіч прафесіянальны рэзчык па дрэве. Але  пры рабоце над скульптурай перавагу аддае не тэарэтычным ведам, а ўнутранаму пачуццю. Захапленне настолькі авалодвае майстрам, што ён не звяртае ўвагі ні на час, ні на стомленасць – можа працаваць па 10–12 гадзін запар.  Яго цікавяць розныя вобразы і прадметы. Пачынаючы з простай абедзеннай лыжкі дайшоў да велічных і значных скульптур. У гісторыі нашага краю яго больш за ўсё зацікавіла адна з версій назвы Зэльвы. У дрэва майстар пастараўся ўвасобіць вобраз льва з адкрытым зевам, які некалькі стагоддзяў таму ўзвышаўся пры ўездзе ў маёнтак аднаго з гаспадароў пасёлка.

Міхаілу Грынцэвічу прыняць рашэнне працаваць нараўне з вопытнымі майстрамі далося цяжкавата. Толькі настойлівасць яго калегі дапамагла пераканацца ў значнасці такога мерапрыемства. Зараз Міхаіл Мікалаевіч з усмешкай успамінае першы дзень і нават не верыць, што ўдалося вобраз вужа – змяінага цара – увасобіць у круглую драўніну. Да гэтага майстар працаваў толькі ў геаметрычным стылі. Выдатна ў яго атрымліваюцца дошкі і шкатулкі. Яго вырабы часта дэманструюцца на  выставах народных умельцаў у нашым і іншых раёнах. На рабочай пляцоўцы рэзчык сваімі рукамі ад-крываў для сябе новае, нязведанае да гэтага часу мастацтва.

Хто на Зэльвеншчыне не ведае таленавітую сям’ю Худзяевых?! У братоў Сяргея і Вадзіма – багатая скарбніца здольнасцей, і, галоўнае, жадання навучыцца, зберагчы і перадаць іншым сакрэты народнага майстэрства. Ім паддаліся музыка і паэзія, гліна і дрэва. І хоць нейкія задаткі перадаліся ад дзеда і бацькі, ім прыйшлося шмат чытаць літаратуры, спрабаваць і прадумваць дэталі самастойна. Дзякуючы таму, што хлопцы ў студэнцкія гады атрымалі спецыяльнасці інжынера-будаўніка і механіка, зараз лёгка спраўляюцца як з малымі, так і вялікімі геаметрычнымі прапорцыямі. Першая іх работа па дрэве была вельмі адказнай – у пачатку 90-х гадоў настаяцель галынкаўскай царквы прапанаваў ім аднавіць царскія вароты. Нават неспадзявана, але атрымалася намнога лепш, чым планавалі. А потым былі царкоўныя аклады, драўляныя скульптуры каля дома, будынка школы, дзе ў свой час працаваў Сяргей Анатольевіч. На думку майстроў, сама структура дрэва падказвае накірунак работы, а мастаку толькі застаецца тварыць. Наогул, і Сяргей, і Вадзім вельмі любяць працаваць з драўнінай. Нягледзячы на тое, што такое хобі патрабуе напружанасці, душэўных і фізічных сіл, часу, станоўчыя эмоцыі пераважваюць. Прызнаюцца, што  пачуццё ад кожнай зробленай сваімі рукамі скульптуры проста немагчыма перадаць.

Вобраз каня з далёкіх часоў уладарання Сапегаў на Зэльвеншчыне займаў цэнтральнае месца і з цягам часу стаў сімвалам пасёлка. Вадзім Анатольевіч лічыць, што скульптуры коней у розных інтэр-прэтацыях павінны ўпрыгожваць наш рэгіён. Таму ён асмеліўся праз дрэва паказаць сваё бачанне гэтай значнай фігуры.

Фальклорны вобраз пастушка з дудкай даўно цікавіў Сяргея Анатольевіча. Ён марыў перадаць праз дрэва адчуванне рамантызму, узнёсласці, народнага побыту. І калі выпала такая магчымасць працаваць на прыродзе, на свежым паветры, пад адкрытым небам,  ды яшчэ з удалай драўнінай  – радасць перапаўняла майстра.

Так дзень за днём кіпела работа ў руках разьбяроў. У ход ішлі розныя інструменты, выдумка і фантазія. На працягу тыдня яны жылі адной вялікай і дружнай сям’ёй. Гэтыя працоўныя будні майстры будуць доўга ўспамінаць не як дні напружанай і цяжкай работы, а як хвіліны самых карысных зносін, набыцця вопыту і практычных навыкаў. 

Вечарам у мінулую суботу драўляная тэматычная кампазіцыя пераехала ў цэнтральны сквер пасёлка. Цікавыя скульптуры не толькі адразу ўпісаліся ў ландшафтны дызайн, але і ажывілі ўсё навокал. А ў нядзелю адбылося святочнае ад-крыццё твораў драўлянага мастацтва, якія стануць, па словах  намесніка старшыні райвыканкама Валянціна Семянякі, яшчэ адной візітнай карткай Зэльвеншчыны. “На нашу легендарную плошчу, якая мае вялікую, вы-значальную гісторыю для Зэльвеншчыны, – падкрэсліў Валянцін Міхайлавіч, – вярнуліся мясцовыя легенды ў выглядзе драўляных скульптур. Гэта вынік напружанай працы майстроў, якія пранікліся пачуццём да нашага слаўнага краю і паспрабавалі ў сваіх творах адлюстраваць яго цікавыя вобразы”. 

Жыве мастацтва ў народзе. І будзе жыць, дзякуючы зацікаўленасці мясцовага кіраўніцтва і таленту нашых людзей.

\"\"

И заговорило дерево ...

И заговорило дерево ...

И заговорило дерево ...

И заговорило дерево ...

И заговорило дерево ...

\"\"

\"\"

\"\"

\"\"

\"\"

\"\"

\"\"

\"\"

 


 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.