Інфармацыйны тыдзень “Гаворым і чытаем па-беларуску” прайшоў у Зэльвенскай раённай бібліятэцы
Сапраўдны фестываль выстаў арганізавалі супрацоўнікі ўстановы напярэдадні Дня бібліятэк.«Хіт-парад кніжных навінак», агляд перыядычных выданняў «Па старонках беларускага друку», «Да 500-годдзя Беларускага кнігадрукавання» і іншыя выставы мелі магчымасць наведаць жыхары нашага пасёлка і раёна.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства навучэнцы СШ №2 пабывалі на сапраўдным свяце кнігі. У беларускіх нацыянальных касцюмах супрацоўнікі ўстановы прадставілі дзецям панараму лепшых экзэмпляраў, якія паступілі ў бібліятэку.
Ганаровае месца ў гэтым спісе занялі факсімільныя выданні кніг Францыска Скарыны. Дарэчы, кожны жадаючы можа дакрануцца да ўнікальных культурных скарбаў, якія і сёння ўпрыгожваюць чытальную залу бібліятэкі. Напрыканцы сустрэчы дзецям былі прапанаваны відэафільмы “500 гадоў гісторыі беларускага кнігадрукавання” і “Цікавыя факты жыцця славутага асветніка Беларусі Францыска Скарыны”.
Для аматараў перыядычнага друку арганізавана выстава-агляд «Па старонках беларускага друку», дзе ёсць магчымасць пазнаёміцца з такімі выданнямі як “Полымя”, “Неман”, “Беларуская думка” і іншымі.
Прыхільнікі творчасці беларускіх пісьменнікаў змогуць дакрануцца да лепшых твораў сучаснасці на выставе «Творы лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі». Дарэчы, гэты конкурс быў арганізаваны Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі яшчэ ў 2015 годзе. 40 вядомых аўтараў прэзентавалі свае творы ў розных намінацыях на Дне беларускага пісьменства ў Полацку. Лепшымі сталі Людміла Рублеўская, Анатоль Аўруцін, Міхась Пазнякоў, Васіль Ткачоў і іншыя.Вынікі іх руплівай працы можна пабачыць на выставе ў Зэльвенскай раённай бібліятэцы. Лепшыя творы аўтараў прадстаўлены ў чытальнай зале.
Фестываль выстаў яшчэ доўгі час будзе радаваць жыхароў. Галоўнае — ваша жаданне, а супрацоўнікі раённай бібліятэкі зробяць усё магчымае, каб свет кнігі і беларускай літаратуры стаў для кожнага цікавым і незабыўным.
Пра іншыя мерапрыемствы, якія праходзілі ў бібліятэцы можна даведацца тут.









Настасся Дунец