Каб не знікла самабытнасць
Захаваць традыцыі, перадаць іх падрастаючаму пакаленню – такую задачу ставіць раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
У апошні час папулярнасць набываюць анімацыйныя заняткі, якія cадзейнічаюць адраджэнню народнай спадчыны беларускай вёскі. Падчас чарговага метадычнага пасяджэння турарганізатараў і музейных работнікаў раёна, якое праходзіла на базе Елкаўскай СШ, была паказана інсцэніроўка “Запрашаем на каравай”.
– Рыхтуючы мерапрыемства, стараліся адлюстраваць усе мясцовыя асаблівасці выпечкі вясельнага караваю, – расказвае кіраўнік музея народных промыслаў школы Іна Навумчык. – Працэдура яго прыгатавання дапаўнялася спецыфічнымі рытуальнымі дзеяннямі і су-праваджалася песнямі.
Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы інсцэніроўкі аказала былы бібліятэкар Ганна Дубатоўка, якая добра ведае фальклорныя адметнасці. Ганна Віктараўна з задавальненнем згадзілася аднавіць абрад з удзелам вучняў. Як і належыць, была выбрана старэйшая каравайніца, якая рашчыняла і замешвала цеста. Ставячы яго ў печ, благаслаўляла і суправа-джала малітвамі. Лічылася, якім каравай удасца, такім і жыццё ў маладых будзе.
Пакуль выпякаўся рытуальны хлеб, майстрыхі не сумавалі: танцавалі ды спявалі. Актыўны ўдзел прымалі і запрошаныя госці. Яны ляпілі з цеста шышкі, якімі затым упрыгожылі каравай.
Дарэчы, арганізатарам мерапрыемства ўдалося перадаць і вясковы каларыт. Нават сцэна была стылізавана адмыслова. Яе аздобілі разнастайнымі вышыўкамі елкаўскіх умеліц.
Падводзячы вынік пасяджэння, дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства Валянціна Духцік выказала ўпэўненасць, што, дзякуючы такім мерапрыемствам, цікавасць да гістарычнай спадчыны не знікне.
У тэму
Каравай – сімвал сямейнага шчасця. Пайсці з вяселля без гэтага пачастунку было раўназначна таму, што чалавек не прысутнічаў на ўрачыстасці. Каб маладыя адарылі гасцей рытуальным хлебам, тыя прыносілі ім падарункі і такім чынам выкуплялі сваю долю шчасця. Як правіла, прынесены кавалачак дзялілі паміж тымі, хто не быў на вяселлі.
Наталля Мацюк.