Как на Зельвенщину 22 июня 1941 года пришла война
22 чэрвеня для нашай краіны – не толькі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, як напісана ў календарах. Гэта, без перабольшвання, дзень агульнага смутку. Мінула ўжо сем
дзясят восем гадоў, выраслі два пакаленні людзей, якія не ведаюць, што такое вайна, а 22 чэрвеня ў нас і сёння на вуліцах цішэй, чым звычайна, і ў людзей на тварах, здаецца, больш сур’ёзнасці і менш усмешак.

Незлічонымі матэрыяльнымі стратамі, неймавернымі людскімі пакутамі, тысячамі заўчасна абарваных чалавечых жыццяў, пылаючымі гарадамі і вёскамі ўвайшла ў нашу гісторыю Вялікая Айчынная вайна.
Зямля Зэльвеншчыны з першага дня вайны апынулася ў агні пажарышчаў і стала месцам жорсткіх баёў. Першымі прынялі на сябе ўдар фашысцкага нашэсця воіны Чырвонай Арміі, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі раёна, чыгуначная станцыя ў Зэльве і ваенныя збудаванні.

У першы ж дзень вайны, 22 чэрвеня, бамбардзіровачнымі ўдарамі фашысцкай авіяцыі быў знішчаны аэрадром ля вёскі Горна. Адначасова былі знішчаны баракі, тэхніка, людзі, што знаходзіліся ў тым раёне.
У гэты ж дзень нямецкая авіяцыя бамбіла чыгуначную станцыю ў Зэльве, нанесла бомбавы ўдар па раскватэраваных савецкіх часцях у раёне: стралковым палку ў в. Аляксандраўшчына (штаб палка размяшчаўся ў будынку школы), артылерыйскім палку ў в. Холстава, 333-ім артылерыйскім палку ў раёне в. Дзярэчын, а таксама часцях, якія знаходзіліся ля вёсак Дзергілі, Мэштавічы і іншых.
22 чэрвеня 1941 года ў пасёлку Зэльва у райкаме партыі адбыўся экстраны сход, дзе была пастаўлена задача: усім заставацца на сваіх месцах да асобага распараджэння.
23 чэрвеня фашысты на перагоне Ваўкавыск-Зэльва разбамбілі пасажырскі цягнік. Ахвяры… Іх было шмат, першых ахвяр вайны. У той жа дзень каля Зэльвы з’явіліся нямецкія дыверсанты, якія планавалі ўзарваць чыгуначны мост. Не выйшла! Аперацыю па іх знішчэнні ўзначаліў старшыня райвыканкама Д.В.Шайтараў. Мост быў разбураны пазней: у аўторак, 24 чэрвеня, калі самалёты са свастыкай, бы саранча, усё ляцелі з захаду, знішчаючы пад сабой усё жывое і нежывое. Выбухі, дым, агонь засланілі чэрвеньскае сонца. Палала Зэльва. У двары райвыканкама ўзарвалася бомба – вылецела шкло, трэснулі сцены.
Д.В.Шайтараву было даручана даставіць у Мінск дакументы, якія мелі ў той час дзяржаўную тайну.
У першы дзень вайны ў в. Цяглевічы прыехаў прадстаўнік Ружанскага райкама партыі, які выступіў перад жыхарамі. Ён пазнаёміў усіх з сучасным становішчам, заклікаў людзей не паддавацца паніцы, працягваць працаваць і далей на будаўніц- тве аэрадрома ў в. Харашэвічы, на сваёй гаспадарцы, выказаў надзею, што вораг хутка будзе разбіты.
На наступны дзень раніцай 20 падвод павезлі з в. Цяглевічы ў бок Ружан каменне ў в. Харашэвічы. Нямецкі дэсант, які быў выкінуты ў Ружанах, захапіў вяскоўцаў – усе падводы вярнуліся назад. Цяглевічы і навакольныя вёскі былі захоплены фашыстамі 26-28 чэрвеня 1941
года.
23 чэрвеня немцы выкінулі дэсант у раёне в. Росцевічы. Ён знішчыў мост праз р. Зяльвянку ў в. Кашалі. Пазней дэсант быў знішчаны адступаючымі савецкімі часцямі. Праз вёскі Кашалі, Івашкавічы, Росцевічы адступалі часці 6-га кавалерыйскага корпуса генерала І.С.Нікіціна. Праз дзень тут праходзілі адступаючыя танкіс- ты 6-га механізаванага корпуса генерала М.Р.Хацкілевіча. У раёне в. Клепачы (Слонімскі раён) немцы кінулі ў бой супраць 6-га танкавага корпуса супрацьтанкавы дывізіён і частку яго знішчылі.
У акружэнні ворага на зэльвенскай зямлі гераічна змагаўся 144-ы кавалерыйскі полк 36-й кавалерыйскай дывізіі імя Сталіна (начальнік штаба – палкоўнік Л.М.Даватар).

На трэці дзень вайны быў акупіраваны гітлераўскімі захопнікамі і Дзярэчын. На ўзвышшы паміж ракой Зяльвянкай і вёскай Алексічы фашысты сканцэнтравалі значныя сілы артылерыі і танкаў. Адступаючыя часці 10-й арміі генерал-маёра
К.Д.Голубева і 3-й арміі генерал-лейтэнанта В.І.Кузняцова, не ведаючы аб гэтым, адступалі з боку Мастоў і паўночна-
ўсходняй часткі Ваўкавыскага раёна і падыходзілі да в. Алексічы. У ноч з 25 на 26 чэрвеня 1941 года немцы адкрылі па калоне агонь. Стралялі прамой наводкай. Калона адступаючых байцоў была поўнасцю знішчана, а Алексічы спалены.
На наступны дзень жыхары Алексіч пахавалі загінуўшых воінаў у дзвюх брацкіх магілах: на вясковых могілках і ля дарогі Дзярэчын – Масты, пры ўездзе ў в. Мілявічы.
Часці Чырвонай Арміі і ў наступныя дні адступалі з баямі на ўсход. У ноч з 27 на 28 чэрвеня калона штаба 10-й арміі рухалася па палявой дарозе ў напрамку Дзярэчына. Разам са штабам 10-й арміі адступаў і генерал-лейтэнант Д.М.Карбышаў. Усю ноч варожыя самалёты-разведчыкі скідвалі асвятляльныя бомбы.
28 чэрвеня разведка 10-й арміі ўстанавіла, што ўсе пераправы праз Шчару заняты ворагам. Начальнік інжынернага аддзела арміі палкоўнік Сухарэвіч далажыў, што ў вусці Шчары ёсць закінуты мост, які не абазначаны на карце, але, магчыма, захаваўся. Калі сцямнела, штаб арміі падышоў да вусця Шчары. Высветлілася, што ў гэтым месцы сапраўды захаваўся стары, паўзгніты драўляны мост, па якім ужо на працягу некалькіх дзён перапраўляліся часці 10-й і 3-й армій. Ён быў амаль поўнасцю разбураны. Непадалёку ад ракі знайшлі два гумны, разабралі іх і адрамантавалі мост. Да гэтага часу ў раёне пераправы сканцэнтраваліся войскі, некалькі соцень машын.
Разам з камандуючым і начальнікам штаба 10-й арміі Д.М.Карбышаў сачыў за пераправай людзей і машын на ўсходні бераг Шчары. Раніцай 29 чэрвеня рух па мосце быў прыпынены, а вечарам зноў адноўлены. Чырвонаармейцы, адступаючы, уступалі ў бой з ворагам ужо на тэрыторыі Слонімскага і іншых раёнаў.
Шмат нашых салдат, камандзіраў і палітработнікаў палягло на зэльвенскай зямлі ў першыя крывавыя ваенныя дні. Імёны большасці з іх, на жаль, засталіся невядомымі.

У вёску Бярэжкі немцы ўступілі ў першыя дні вайны. Яны ішлі з боку Ружан. У гэты час па шашы Ваўкавыск –Зэльва – Слонім з-пад Гродна адступалі часці Чырвонай Арміі. У бярэжкаўскім лесе яны сустрэліся з немцамі. Адбылася перастрэлка. Быў забіты афіцэр нямецкай арміі.
Сваю злосць немцы вырашылі спагнаць на мірных жыхарах Бярэжак. Яны заявілі, што афіцэр быў забіты адным з тутэйшых вяскоўцаў. Мужчын выгналі на вуліцу і адвялі ў поле. Усіх выстраілі ў шарэнгу і паставілі на калені, затым правялі агляд асабістых рэчаў. Усе мужчыны, у якіх былі знойдзены перачынныя нажы, бінты, кавалак хлеба або хтосьці быў апрануты ў чырвонаармейскую гімнасцёрку ці коратка падстрыжаны, былі прызнаны вінаватымі ў забойстве афіцэра. Іх адвялі ў бок.
3 Бярэжак прывялі збітага палоннага чырвонаармейца і перад строем вяскоўцаў расстралялі. Затым расстралялі і ўсіх «падазроных» мужчын. Астатніх на ноч загналі ў гумно і паставілі ўзмоцненую варту.
Раніцай наступнага дня арыштаваных вывелі з гумна і зноў адвялі ў поле. З факеламі ў руках немцы прабегліся па Бярэжках і падпалілі кожны дом. Вёска палыхала ў агні. Арыштаваныя павінны былі глядзець як гарэлі іх хаты, як у агні стагналі іх жонкі, дзеці, старыя.
Затым немцы сагналі мужчын у кар’ер, дзе да гэтага бярэжкаўцы бралі на будаўніцтва пясок, і збіраліся іх расстрэльваць. Так паўтаралася некалькі разоў.
Адабралі найбольш маладых мужчын. Адных прымусілі капаць магілу для расстраляных, другіх – адносіць у магілу трупы забітых.
У вёсцы Лаўрыновічы таксама былі арыштаваны ўсе мужчыны. Там аказалася шмат жыхароў з Зэльвы, якія ўцяклі туды ў першы дзень вайны. Прыведзеныя з Лаўрыновіч мужчыны былі далучаны да бярэжкаўскіх і разам з імі раздзялілі іх лёс.
У гэты час па шашы на Слонім працягвала адступаць Чырвоная Армія. У какароткіх, але жорсткіх баях з немцамі яна пракладвала сабе дарогу на ўсход. У такіх умовах немцам не было часу надоўга спыняцца ў Бярэжках. Адканваіраваўшы арыштаваных у вёску Лаўрыновічы, немцы тэрмінова заняліся арганізацыяй абароны. Гэта і выратавала жыццё многім жыхарам навакольных вёсак.
Вайну жыхары Зэльвеншчыны ўспрынялі як вялікую бяду, якая застала іх знянацку. Многія стараліся ўнесці свой пасільны ўклад у хутчэйшую перамогу над ворагам. Шмат жыхароў Зэльвеншчыны сталі сувязнымі партызанскіх атрадаў. Яны дастаўлялі зброю і перадавалі звесткі ў атрады аб перамяшчэнні і дзейнасці фашыстаў і паліцаяў, былі праваднікамі, дапамагалі здабываць тол, медыкаменты. Так, жыхар в. Вострава Аляксандр Іванавіч Васіліцкі, які жыў на хутары, рамантаваў зброю партызанам. Ён абсталяваў у сваім гумне цэх, размясціў там інструменты, якія ўдалося знайсці ў былой калгаснай майстэрні.
Давыд Васільевіч Станкевіч у канцы чэрвеня 1941 года бачыў, як салдат Чырвонай Арміі таропка закопваў у зямлю нейкія скруткі. Праз некаторы час ён раскапаў сховішча і знайшоў там вайсковую радыёстанцыю. Ён зразумеў, што гэтай знаходцы будуць рады ў любым партызанскім атрадзе. Калі партызанам спатрэбі-
лася звязацца з Вялікай зямлёй, ён перадаў ім свой арсенал, куды ўвайшлі не толькі радыёстанцыя з сілкаваннем, але і некалькі скрынак патронаў, карабіны і гранаты.
Аляксандр Паўлавіч Ган стварыў склад зброі ў двары сваячкі А.І.Сакач і перадаваў партызанам кулямёты, вінтоўкі, патроны. Ён быў сувязным партызанскага атрада імя Кірава, падтрымліваў сувязь з Постнікавым, які служыў на чугуначнай станцыі. Атрыманую інфармацыю перадаваў партызанам.

Сувязным партызанскага атрада быў і Іосіф Іванавіч Каляда з вёскі Дабрасельцы. Ён успамінаў: «Запрагалі коней, ездзілі па палях, балотах і збіралі пакінутыя ў першы месяц вайны зброю, боепрыпасы. Ноччу прыязджалі партызаны і забіралі ўсё гэта».
Партызанскім сувязным быў і Іосіф Мацвеевіч Ленец з в. Пасуцічы. Глыбокай ноччу не раз праводзіў ён партызан на пад-рыў чыгункі каля вёсак Войткавічы, Савічы. Акрамя таго ён прымаў удзел у засадах на немцаў і паліцаяў, разам з партызанамі плавіў тол са снарадаў. Не раз яго сям’я падвяргалася небяспецы. Раненыя з
удзячнасцю гаварылі аб тых, хто забяспеч- ваў партызанскі шпіталь перавязачнымі матэрыяламі і медыкаментамі. Яны і не падазравалі, што ўсё гэта рабіла сціплая жанчына – фельчар Лідзія Дзмітрыеўна Даменік з Дзярэчына.
Паступова варожая кананада аддалялася на ўсход, станавілася крыху цішэй у нашым краі. Акупанты пачалі ўстанаўліваць свой «мірны» парадак. Ва ўсім раёне немцы ўстанавілі ваенна-паліцэйскія гарнізоны. Сельскае насельніцтва абкладвалі непасільнымі падаткамі пастаўкамі, павіннасцямі. Першымі ахвярамі фашыстаў сталі актывісты, былыя члены КПЗ Б, камуністы і камсамольцы, савецкія работнікі, арганізатары калгасаў. З восені 1941 года грабяжы і расстрэлы савецкіх грамадзян набылі масавы характар.
Гітлераўская прапаганда пастаянна трубіла аб хуткім падзенні Масквы. Але многія гэтаму не верылі. Адкрытым пра-
тэстам непрыняцця жыхарамі фашысцкай ідэалогіі было правядзенне ў тыле ворага савецкіх і рэвалюцыйных свят. Так, жыхары вёсак Грабава, Галынка і Дубраўка правялі ўрачысты сход, прысвечаны 24-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У многіх вёсках раёна партызаны і насельніцтва ўрачыста адзначылі 25-ю гадавіну ўтварэння БССР. Разам з членамі падпольных райкамаў партыі і камсамола яны прынялі ўдзел у сходах, мітынгах. Жыхары в. Дзярэчын збераглі шмат кніг і падручнікаў, з якіх у пасляваенны час была створана бібліятэка.
Насельніцтва ўсё часцей ухілялася ад выканання распараджэнняў акупацыйных улад. Фашысты праводзілі масавыя расстрэлы, расправы над мірнымі жыхарамі, асабліва за сувязь з партызанамі. Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Зэльвенскім раёне было забіта больш за 6 тысяч чалавек.
Матэрыял з архіва «Працы»
Комментарии отключены