«Как хорошо, мама, что ты у нас есть!»
Напярэдадні Дня маці ў рэдакцыю патэлефанавалі работнікі Дабраселецкага сельскага Дома культуры. Яны расказалі, што на тэрыторыі іх сельсавета жыве жанчына, якая больш за 40 гадоў адпрацавала ў жывёлагадоўчай галіне, узнагароджана ордэнам Леніна, медалём “Ветэран працы”. На днях Вольга Іосіфаўна Сарока – гаворка ішла менавіта пра яе – адзначыла
80-гадовы юбілей. Гэта стала добрай нагодай, каб сустрэцца з жанчынай, якая карыстаецца такой вялікай павагай сярод сваіх аднавяскоўцаў.
Праўду гавораць, што прыгожаму, упэўненаму ў сабе і разам з тым спакойнаму і добразычліваму чалавеку гады прыбаўляюць яшчэ больш знешняй прывабнасці. Вольга Іосіфаўна і сёння такая ж, якой прывыклі бачыць яе калегі, суседзі, сяброўкі і родныя шмат гадоў таму: актыўная, дзейсная і жыццёлюбівая. Хаця на яе лёс выпала нямала сур’ёзных выпрабаванняў і складанасцей.
У юнацтве Вольга не мела завоблачных мараў, разумела, што будзе, як і яе бацькі, якія мелі сваю немалую гаспадарку, жыць з сельскай працы. Закончыла толькі тры класы. Далей вучыцца не было магчымасці: трэба было дапамагаць бацькам – пасвіла сваіх і чужых кароў. Як толькі быў арганізаваны калгас, уладкавалася паляводам. Разам з такімі, як сама, падлеткамі займалася праполкай сельскагаспадарчых культур. Заўважыўшы працавітасць дзяўчыны, старшыня гаспадаркі прапанаваў ёй месца на свінаферме. І хаця бацька папярэджваў, што такая праца ёй пакуль не пад сілу, не змагла адмовіць паважанаму на вёсцы кіраўніку. Хутка навучылася гатаваць корм для жывёлы, спрытна яго раздаваць. Адказныя адносіны да даручанага ўчастка праз пэўны час праявіліся ў высокіх паказчыках па прыбаўленні свіней у вазе. Некалькі гадоў запар яна цвёрда ўтрымлівала гэтую планку. У 1956 годзе Вольга Іосіфаўна, як перадавік, была ўключана ў склад абласной дэлегацыі, накіраванай у Маскву на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. Яшчэ праз два гады за сваю добрасумленную працу жанчына была прадстаўлена да ўзнагароды ордэнам Леніна.
Пасля рэканструкцыі свінагадоўчай фермы Вольга Іосіфаўна пайшла працаваць даяркай. У 60-я гады ўсе аперацыі выконваліся толькі ўручную, таму прыходзілася вельмі нялёгка. На дапамогу першы час прыходзіла сястра, ды і муж, які таксама працаваў на ферме, не заставаўся ўбаку. Разам спраўляліся і з калгаснай работай, і з хатняй гаспадаркай. А яна таксама была немалая: трымалі дзве каровы, цяля, свіней. Надзейнымі памочнікамі былі падросшыя сыны, якія вельмі шкадавалі маці, стараліся ёй ва ўсім дапамагчы. Хлопцы ўмелі ўсё: сеяць і палоць, баранаваць і касіць. І калі маці гаварыла, што справіцца сама, сыны адказвалі: “Хапае табе і так клопату”.
Адказнасць, стараннасць і праца-здольнасць не засталіся не заўважанымі кіраўніцтвам гаспадаркі і раёна. У 1984 годзе Вольга Іосіфаўна была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”. Жанчына карысталася сярод аднавяскоўцаў вялікім аўтарытэтам. Пацвярджэннем таму – яе дэпутацкая дзейнасць спачатку ў складзе сель-скага, а затым і раённага Саветаў дэпутатаў. Аднак самай галоўнай узнагародай жыцця гэта прыемная жанчына лічыць паважлівыя адносіны сваіх дзяцей. Сыны выраслі прыстойнымі людзьмі. Далёка ад маці не ад’ехаліся, засталіся ў раёне. Адзін з іх, як і бацькі, звязаў свой лёс з жывёлагадоўляй, другі – з тэхнікай. Ашчаслівілі бабулю ўнукам і дзвюма ўнучкамі. І кожны раз пры сустрэчы ўдзячныя нашчадкі паўтараюць: “Як добра, мама, што ты ў нас ёсць!”.