Калi дагледжаны палi…
У СВК “Сынкавічы” кожны год важныя сельскагаспадарчыя работы праводзяцца згодна з агратэхналагічнымі патрабаваннямі, таму і ёсць вынік. І сёлета своечасова і якасна правялі сяўбу яравых культур, падкармілі азімыя зерневыя, рапс, апрацавалі іх хімічнымі прэпаратамі супраць захворванняў і шкоднікаў.
Выкарыстоўваючы кожны спрыяльны дзень, земляробы гаспадаркі зараз актыўна вядуць хімпраполку яравых збожжавых, зернебабовых і цукровых буракоў. Акрамя таго, пасевы азімых культур апрацоўваюцца рэгулятарамі росту, каб прадухіліць іх паляганне. На палетках азімага рапсу на ўсёй плошчы вядзецца апрацоўка пасеваў супраць кветка-еда, а таксама фунгіцыдная апрацоўка для папярэджання захворвання гэтай культуры. Выконваць такую адказную работу даручылі Івану Ефімовічу. Акрамя гэтага ён разам з механізатарамі Валерыем Семенюком, Валерыем Гаштольдам, Рыгорам Ляхам апрацоўвае яравыя пасевы гербіцыдамі ад пустазелля.
– Работа гэтая патрабуе асаблівай уважлівасці і акуратнасці, – расказаў Іван Ефімовіч. А яшчэ з веданнем справы растлумачыў механізм уздзеяння прэпарата на шкодныя расліны. – Гэта сучасны эфектыўны сродак. Для зерневых хапае адной апрацоўкі. А вось для цукровых буракоў патрабуецца некалькі разоў.
Агранамічная служба гаспадаркі ў дружнай камандзе з працаўнікамі прыкладвае ўсе намаганні, каб раслінаводства і ў гэтым годзе дало добрую аддачу.
Віктар МАКОЎСКІ.