Калі стабільнасць становіцца нормай
На працягу апошніх пяці гадоў у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Галынка» актыўна вядзецца рэканструкцыя ферм. Пры гэтым вялікае значэнне надаецца аднаўленню малочнага статка.
З першых дзён новага года работнікі комплексу і ферм узялі курс на павелічэнне вытворчасці малака. У гаспадарцы налічваецца 1940 дойных кароў. Валавая вытворчасць малака за студзень 2015 года склала 7586 ц (120% да аналагічнага перыяду 2014 года). Пры гэтым надой на адну карову вырас на 51,2 кг і склаў 391 кг. За дзень прадаецца 25,2 т малака, з іх 9,15 т – класам «экстра», вышэйшым гатункам –16,14 т.
На малочнатаварным комплексе в.Вострава (загадчыца Валянціна Савосік) ад кожнай каровы штодзённа надойваюць больш чым па 16 кг малака. Гэта самы высокі паказчык па гаспадарцы. Уся малочная прадукцыя рэалізуецца толькі класам «экстра». Нягледзячы на тое, што сучасная даільная зала ёсць толькі тут, на іншых вытворчых аб’ектах таксама добрыя вытворчыя паказчыкі. Выдатна працуе калектыў фермы «Дарагабушка», які ўзначальвае Святлана Галаванава. Ёсць прыбаўкі па надоях на фермах «Клімавічы» (загадчыца Ірына Слёзнік) і «Угрынь» (загадчыца Яніна Пузач).
Разам з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Жаннай Бадзяк мы пабывалі на МТФ «Дарагабушка». Сёлета тут утрымліваецца 648 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 200 кароў, астатнія – цялушкі ўзнаўлення і цяляты. У студзені 2015 года прыбаўка па надоях ад кожнай каровы склала больш чым па 2 кг у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Малочная прадукцыя амаль уся вышэйшага гатунку.
– Калектыў наш складае 15 чалавек, – адзначае Святлана Галаванава. – Усе працуюць сумленна. У мінулым годзе ад кожнай каровы ў сярэднім надаілі 5519 кг малака. Сёлета пастараемся прыкласці ўсе намаганні, каб павялічыць надоі і да канца года наблізіцца да шасцітысячнага паказчыка. Усё неабходнае для гэтага ёсць: удосталь нарыхтавалі якасных кармоў, у нас заўсёды высокая вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна.
На ферме штодзённа прытрымліваюцца дакладнага распарадку дня. Жывёлу кормяць у вызначаныя гадзіны, абавязкова выгульваюць на спецыяльных пляцоўках. Кароў, малако якіх утрымлівае павышаную колькасць саматычных клетак, дояць асобна. На належным узроўні санітарная гігіена жывёлы, што дазваляе своечасова папярэджваць захворванні.
Выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі ветфельчар Іна Палховіч.
Па-гаспадарску на ферме клапоцяцца пра будучы малочны статак. Цяляты ўтрымліваюцца ў індывідуальных доміках. Самых малых даглядае маладая цялятніца Анастасія Матышчык. На дарошчванне гадаванцаў ад яе прымае адна з самых вопытных работніц Валянціна Пярова. Усё жыццё жанчына працуе на гэтай ферме, адказна ставіцца да сваёй работы. Таму і прывагі ў яе высокія, і захаванасць маладняку добрая.
Пра лепшую даярку фермы Таццяну Грыгорык мы неаднаразова пісалі на старонках газеты. Яна пераможца абласнога і раённага спаборніцтваў сярод даярак. У мінулым годзе ад кожнай каровы надаіла па 6400 кг малака. Стараюцца не адставаць ад сяброўкі Наталля Кузьміч, Людміла Залеўская і Таццяна Казюк.
Добрыя словы ад загадчыцы пачулі ў адрас падвозчыка кармоў Мікалая Бітука, які займаецца вырошчваннем маладняку. Належным чынам даглядае жывёлу Аляксандр Ярмолік. На падмене слесара па рамонце абсталявання старанна працуе малады механізатар Аляксей Залеўскі. Згодна з графікам два разы на дзень корміць жывёлу машыніст кормараздатчыка Юрый Грышчук.
Віктар МАКОЎСКІ.