Каляда прыйшла, зэльвенцам радасць прынесла
Для нашых продкаў галоўнымі зімовымі святамі былі Каляды. Адна з цікавейшых беларускіх традыцый захавалася да сённяшняга дня. І менавіта самадзейнымі артыстамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці штогод перадаецца яе сутнасць падчас вясёлага каляднага свята.

Усё спрыяла таму, каб калядны вечар правесці цікава і карысна. Траскучы мароз застаўляў усіх танцаваць і вадзіць карагоды, музыка прыпаднімала настрой, а галоўныя героі тэатралізаванага дзейства запрашалі далучыцца да дзеі.


Так як і ў старажытнасці, рытуалы выконваліся дакладна. Гаспадар і гаспадыня, прыгатаваўшы багаты стол, у чаканні выглядалі гасцей. Згодна прыкмеце, калі гасцей будзе ў хаце багата, дык і сям’я год пражыве ў дастатку.

І вось на пароге – вясёлая талака з песнямі, музыкай. Іх за стол запрашаюць і пачастункі прапаноўваюць. Сярод якіх і апетытныя каўбасы, саланінка, і духмяныя аладкі, пірагі, іншыя прысмакі. Каб год быў ураджайным, трэба быць шчодрым.



Песнямі, прыпеўкамі калядоўшчыкі славілі гаспадара і яго сям’ю. Тон весялосці задавалі каза, мядзведзь, цыгане.

Падарункамі для зэльвенцаў і гасцей райцэнтра сталі не толькі героі Каляды, але і атрыбуты. Патанцаваць з казой і мядзведзем захацелі і малыя, і людзі старэйшага ўзросту. А вось маладыя дзяўчаты акружылі цыганак, каб тыя паваражылі ды будучае прадказалі.



Дарэчы, каляднае гулянне прыйшлося ўсім даспадобы.




— Прыгожая ёлка і карагод вакол яе, танцавальны вечар, што можа больш падняць настрой, — дзеліцца ўражаннямі сям’я зэльвенцаў Касцюк. – Заўсёды прыходзім на калядны вечар. Любім народныя традыцыі, таму па душы сённяшнее прадстаўленне.

— Вельмі прыгожая маляўнічая атмасфера ў цэнтры пасёлка, па вуліцах і ў дварах жыхароў,- гавораць Анастасія і Карані, госці з Турцыі. – Прыветлівыя, добразычлівыя людзі. Нам настолькі ўтульна святкаваць Раство, што мы нават не адчуваем адлегласці ў тысячу кіламераў. Дзякуй вялікі за цікавы абрад, за магчымасць павесяліцца ад душы.

— Звычаі змяняюцца, але сутнасць іх застаецца. І гэта вельмі прыемна, што зэльвенцы адраджаюць і захоўваюць свае традыцыі, — дапаўняюць Дзмітрый і Ганна, госці з Расіі. – Толькі што прыехалі з Санкт-Пецярбурга і адразу трапілі на свята. Сапраўдны падарунак. Як і павінна быць на Каляды. Усе дзеляцца радасцю і добрымі пажаданнямі. Таму і мы жадаем росквіту Зэльве і дабрабыту яе жыхарам.



Настрой прысутных на шчодрым вечары перадаваўся адзін да аднаго. Радасна было і дзецям, і дарослым! Як гаворыць старадаўняя прымаўка, на тое Бог даў Каляды, каб людзі весяліліся.


Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены