Картины из глины или Семейные дела Салейко
Сакрэт творчасці заключаецца ва ўменні прыхоўваць крыніцы свайго натхнення. Так лічыў Альберт Эйнштэйн. Аднак з гэтым меркаваннем можна і не пагадзіцца. Надзея Салейка, майстар-ганчар, з крыніц свайго натхнення вялікай таямніцы не робіць. А, наадварот, з радасцю расказвае аб сваім майстэрстве, запрашае наведаць свой дом-музей, дзе праводзіць майстар-класы, а таксама з вялікім задавальненнем прымае ўдзел у разнастайных мерапрыемствах. Зэльвенцы мелі магчымасць пазнаёміцца з вырабамі гэтай таленавітай жанчыны ў час Ганненскага кірмашу. А зусім нядаўна Надзея Пятроўна прыехала на арганізаваную работнікамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі сустрэчу з землякамі (родам яна з нашага раёна – з хутара Лешна).
ЦУДЫ, СТВОРАНЫЯ НАТХНЕННЕМ
Звязаць сваё жыццё з мастацтвам Надзея марыла са школьных гадоў. Аднак ніхто – ні маці, ні аднакласнікі – не верыў, што звычайная вясковая дзяўчына зможа ажыццявіць задуманае: спецыяльнай падрыхтоўкі да паступлення ў мастацкае вучылішча яна не мела. Насуперак усім Надзея паехала ў сталіцу, дзе паспяхова вытрымала ўсе ўступныя іспыты і стала студэнткай. Вучыцца, асабліва спачатку, нараўне з тымі, хто закончыў студыі выяўленчага мастацтва, было даволі няпроста. Аднак вялікае жаданне спасцігнуць сакрэты выбранай справы, унутранае адчуванне прыгожага перамаглі. З кожным разам работы Надзеі станавіліся ўсё больш цікавымі па змесце і дасканалымі па тэхніцы выканання.
Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча дзяўчына па размеркаванні трапіла на фабрыку мастацкіх вырабаў у горадзе Слоніме.
І хаця праца прыносіла задавальненне, Надзея адчувала, што здольная на большае. Аднойчы, пасля наведвання выставы керамічных вырабаў, вырашыла паспрабаваць сябе ў ганчарстве. Новую ідэю падтрымаў муж Віктар. Разам з ім адшукалі патрэбную гліну. З мяккага падатлівага матэрыялу сталі атрымлівацца пацешныя фігуркі тэракотавага колеру. З часам асобна вылепленыя фрагменты дапаўняліся драўнінай, мешкавінай, скурай, саломай, пер’ем і замацоўваліся на вялікім палатне. Так атрымаўся новы накірунак творчасці Салейкаў – карціны з гліны.
Трапіўшы на Славянскі базар у Віцебску, у “Горадзе майстроў” Надзея звярнула ўвагу на каваныя рэчы. Тады ёй падумалася: “Вось бы і гліне надаць такі колер!”. Прыехаўшы дамоў, на свой страх і рызыку паспрабавала абпальваць гліняныя вырабы. Яны, у залежнасці ад тэмпературы і часу вытрымкі, набывалі розныя колеры – ад прыемнага залацістага да чорнага. Вось так выпадкова майстар адкрыла новую для сябе тэхналогію. Цяпер насценныя пано Надзеі Салейка адроз-ніваюцца ад іншых не толькі сюжэтам, але і выразнымі каляровымі адценнямі. Да таго ж, многія карціны аздоблены па-мастацку вылепленымі з гліны світкамі, на якіх вытрымкі са Святога Пісання. Вырабы Надзеі атрымлівалі высокую ацэнку самых патрабавальных знатакоў мастацтва – яе персанальныя выставы ўжо не раз праходзілі ў сталіцы, абласных і раённых цэнтрах Беларусі, а цяпер – і ў Зэльве.
Вырабамі з гліны захапіліся ўсе члены сям’і. Муж узяў на сябе тэхнічны бок справы – дастаўляе неабходны матэрыял, дапамагае вымешваць гліну, абпальвае яе. Захапляецца таксама вырабамі з драўніны – сукоў, карэння, галінак. Сын, як і маці, атрымаў мастацкую адукацыю і цяпер удасканальвае сямейнае майстэрства. Надзея Пятроўна прызнаецца, што самае галоўнае яе шчасце – поўная гармонія ў сям’і, калі бацькі і сын дапаўняюць адзін аднаго ў зносінах і творчасці. А гэта падштурхоўвае да новых ідэй, спрыяе ажыццяўленню намераў і здзяйсненню мар.
Нельга не сказаць і пра дом-музей Салейкаў. Муж, які падтрымлівае Надзею ва ўсім, сваімі рукамі змайстраваў у двары дэкаратыўную альтанку, лаўкі, лесвіцы, плот. Другі паверх дома – вялікі пакой, дзе размешчаны ўсе работы гаспадароў. Надзея Пятроўна вельмі любіць гасцей, асабліва тых, хто цікавіцца мастацтвам, і ахвотна дзеліцца з імі сакрэтамі майстэрства. У час сустрэчы ў Зэльве яна запрасіла землякоў наведаць іх музей.
А Ў ДУШЫ ГУЧЫЦЬ МУЗЫКА
Як прызнаецца сама Надзея Пятроўна, ёй шанцуе на лёсавызначальныя выпадкі. Так было і з адкрыццём у сабе музычных і паэтычных здольнасцей. Падчас адной з канцэртных праграм яе вельмі ўразіла выступленне опернай спявачкі. Пасля гэтага і вырашыла паспрабаваць свае сілы ў вакале. Застаючыся сам-насам дома, яна спявала любімыя песні, рамансы. Больш таго, жанчына ўзяла ў рукі гітару і самастойна развучыла акорды. Пачала падбіраць ноты, класці на музыку вершы. А яны ў Надзеі самыя розныя: гэта пейзажная і філасофская лірыка, вершы-прысвячэнні роднаму дому і зямлі, бацькам, мужу і сыну.
ПАД УРАЖАННЕМ АД СУСТРЭЧЫ
Адметны след у сэрцах прысутных на мерапрыемстве пакінулі арыгінальныя вырабы, песні і вершы Надзеі Салейка. Сустрэча настолькі ўразіла, што не выказаць слоў падзякі і захаплення запрошаныя на мерапрыемства проста не маглі. Алена Кароза назвала Надзею ўнікальнай і неардынарнай асобай. Яе шматгранны талент годны самай высокай пахвалы. Алена Букатая прызналася, што вельмі рада знаёмству з самай цікавай, самай таленавітай жанчынай. Людміла Зузанава параўнала сустрэчу з наведваннем тэатра аднаго акцёра. Неверагоднай творчай энергіяй зарадзіліся Тамара Броска, Вера Радзьковіч, Людміла Гайдук, Ірына Рысюк і многія іншыя. А моладзь яшчэ раз пераканалася: каб дасягнуць пастаўленай мэты ў жыцці, неабходна вялікае жаданне, памножанае на працавітасць.