Картофель уродился
Руплівыя гаспадары радуюцца добраму ўраджаю бульбы, бо без “другога хлеба”, як кажуць, ні туды, ні сюды. Мы ж, беларусы, асабліва любім бульбу.
– На плошчы 100 га вырошчваем бульбу розных сартоў, – адзначае галоўны аграном СВК “Галынка” Мікалай Бяляўскі. – Бульбаводы ў нас вопытныя. Напрыклад, Сяргей Карэнка: ён ужо шмат гадоў садзіць, строга па тэхналогіі даглядае і, як цяпер, на трактары з капалкай “КТН-1,4” убірае “другі хлеб”. На бульбаўборачным камбайне “ККБ-2” старанна працуе Сяргей Качук. Ураджай для гэтага года нядрэнны – па 260 ц накопваем з гектара, а на некаторых участках і больш.
У СВК пастаянна паступаюць заяўкі на набыццё бульбы. Але ж цэны, па словах Мікалая Канстанцінавіча, не задавальняюць. Рэалізоўваць прадукцыю без прыбытку нікому не хочацца. Таму і прадаецца яна толькі на ўмовах гаспадаркі. Астатняя адпраўляецца ў бульбасховішчы, якіх у сельгаскааператыве тры: старое і два новых. У адным новым пакуль захоўваецца толькі насенны матэрыял, а ў старым памяшканні поўным ходам праводзіцца пераборка бульбы, затарванне яе ў мяшкі-сеткі і адгрузка. У цэлым ужо рэалізавана каля 250 т бульбы для харчавання і каля 300 т – на крухмальны завод.