Карына прызналася ў любовi. Роднай вёсцы
У канцы мінулага года былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу сачыненняў, які ініцыіравала аддзяленне “Сяльчанка” Беларускага саюза жанчын. На суд журы было прадстаўлена больш за 20 работ, лепшымі прызнаны шэсць. У ліку лепшых аўтараў, старшакласнікаў сельскіх школ, якія расказвалі, за што яны любяць сваю родную вёску, – вучаніца Елкаўскай сярэдняй школы Карына Зайнулабідава.
На цырымонію ўзнагароджвання ў Мінск Карына паехала разам са сваімі бацькамі.
– Усё праходзіла ў цёплай, добразычлівай атмасферы, – дзеліцца ўражаннямі дзяўчынка. – Кожны пераможца конкурсу зачытваў свае сачыненні. Таму я атрымала ўяўленне аб многіх цікавых куточках Беларусі і зразумела: хоць мы і з розных мясцін, але ўсіх нас аб’ядноўвае аднолькавае пачуццё – любоў да малой радзімы. Арганізатары мерапрыемства тлумачылі нам таксама, як важна любіць тое месца, дзе ты нарадзіўся. Гаварылі, што, захоўваючы традыцыі роднага краю, мы беражэм яго мінулае і ствараем будучае. Тры гадзіны сустрэчы праляцелі надзвычай хутка. Прыйшоў час развітвацца. На памяць засталіся фотаздымкі і цёплыя ўспаміны аб людзях, з якімі пашчасціла пазнаёміцца.
А яшчэ і падарункі. Дырэктар грамадскага аб’яднання “Дыялог Еўразія” Чакмак Сезер уручыў пераможцам конкурсу планшэты, а беларуская паэтэса Валянціна Паліканіна – уласную кнігу “Под тихой звездою прощения”. Аб’яднанне “Сяльчанка” сумесна з Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізавалі для лепшых аўтараў і іх бацькоў святочны салодкі стол.
Карына прызналася, што ў яе перамозе на конкурсе вялікая заслуга настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Іванаўны Літвінчык. Вучаніца вельмі ўдзячна ёй за веды і добрыя парады.
Прапануем увазе чытачоў сачыненне Карыны Зайнулабідавай “За што я люблю сваю вёску”.