Каталіцкія святары парафій Зэльвенскага раёна віншуюць з Вялікаднем
ДАРАГІЯ БРАТЫ І СЁСТРЫ! ПАВАЖАНЫЯ ВЕРНІКІ ЗЭЛЬВЕНШЧЫНЫ!
“Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!” – цудоўнымі словамі вітаем кожнага веруючага чалавека, які сардэчна раздзяляе радасць Таямніцы Уваскрасення Езуса Хрыста.
Свет, у якім мы жывём, стаміўся ад розных катаклізмаў і бедаў – ён прагне цішыні і спакою. Сэрцы людзей патрабуюць прымірэння. І гэта нам ахвяруе Змёртвыхпаўсталы Хрыстос, які праз муку, смерць і ўваскрасенне перамог зло, знішчыў грэх, вярнуў нам жыццё, для ўсяго чалавецтва здзейсніў цуд вялікай любові. Няхай і надалей праўда аб перамозе дабра над злом, жыцця над смерцю, любові над нянавісцю праз Божую міласэрнасць будзе для нас стымулам для ўзаемнага прабачэння і пераадольвання цяжкасцей.
Жадаем, каб у кожнай сям’і адбываўся цуд аднаўлення веры, надзеі, любові, панавалі пашана і добразычлівасць, каб наша Айчына пастаянна была пад апекай Бога! Давайце радавацца кожнай хвіліне, якую дорыць нам Збаўца, Стваральнік неба і зямлі.
Няхай радасць ад Уваскрасення Пана расцвіце ў сэрцах людзей, а Марыя вядзе шляхам да вечнага шчасця ў небе. Раздзяляючы з вамі радасць Вялікадня, жадаем, каб святочныя дні і далейшае жыццё былі напоўнены трывалым здароўем, глыбокім духоўным сэнсам Пасхі і Любові, каб уваскрослы Хрыстос спадарожнічаў па жыцці і быў крыніцай надзеі, радасці і моцы. Благаслаўлёных Велікодных святаў!
Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос!
Каталіцкія святары парафій Зэльвенскага раёна
Комментарии отключены