Каталіцкія вернікі адзначаюць Божае нараджэнне

На календары Божае Нараджэнне. Сёння вечарам каталіцкія вернікі збяруцца сем’ямі за вігілійным сталом, а затым прымуць удзел ва ўрачыстым богаслужэнні, каб разам з іншымі людзьмі вітаць нованароджанага Хрыста. Як зэльвенцы захоўваюць рэлі-гійныя традыцыі, на свае вочы назірала карэспандэнт “Працы” Наталля МАЦЮК.

Загадзя напрасілася ў госці да маладой сям’і Лінкевічаў.
– Калі ласка, прыходзьце, – прапанавала гаспадыня. – Разам падзелімся аплаткай, а потым пойдзем у касцёл.
Накіроўваючыся да дому Лінкевічаў, здалёк звярнула ўвагу на дапытлівыя дзіцячыя твары ў акне.
– Калі ўжо народзіцца Божае Дзіцятка?


– Як толькі на небе з’явіцца першая зорка, – патлумачыла першакласніцы Мілане яе матуля Кацярына. – Уважліва сачы з сястрычкай Луізай, а мы з татам працягнем рыхтавацца да вігілійнай вячэры.


Яшчэ на досвітку гаспадары пачалі завіхацца ў кватэры. Размеркаваўшы абавязкі па доме, пры-ступілі да справы. Жанчына прыбірала ў пакоях. У памочнікі вызваліся і дзяўчынкі.
Не адрываючыся ад працы, Кацярына расказвае, што падрыхтоўку да свят пачалі загадзя. На працягу Адвэнту, які папярэднічаў Божаму Нараджэнню, рэгулярна маліліся, чыталі духоўную літаратуру і абмяжоўвалі сябе ў ежы. Прыступілі да споведзі, стараліся быць надзвычай чулымі ў адносінах да іншых.

– Адвэнт вельмі любяць нашы дачушкі, – далучаецца да гутаркі гаспадар Аляксандр. – Увесь гэты перыяд разам з намі хадзілі ў касцёл на спецыяльнае набажэнства – раратнюю святую імшу. Выхоўваць дзяцей у веры неабходна з ранняга ўзросту – гэтаму вучылі нас бацькі. Мы раслі ў рэлігійнай атмасферы. Таму кожны дзень пачынаем з малітвы і ёй заканчваем. А яшчэ шануем традыцыі.
Тым часам у госці да Лінкевічаў завіталі мама Кацярыны Ала Віктараўна і бабуля Варвара Францаўна. Перш за ўсё паспяшаліся ацаніць ёлку, якую ўпрыгожылі Мілана і Луіза.

– Гэта цяпер папулярныя штучныя дрэўцы, раней былі толькі лясныя, – прыгадвае Ала Віктараўна. – Затое які пах стаяў у доме! Напярэдадні Нараджэння Хрыста мама практычна ўвесь дзень праводзіла на кухні. Мы з сястрой і братам упрыгожвалі ёлку. Шарыкамі, гірляндамі, дожджыкам. Шмат цацак рабілі сваімі рукамі. Вешалі цукеркі. Праўда, у іх быў нядоўгі век – здаралася, шакалад паперкамі падмянялі.
Неўзабаве з кухні стаў даносіцца пах прыгатаваных страў. Жанчыны, якія чаравалі ля пліты, падлічвалі іх колькасць.
– Абавязкова павінна быць не менш за дванаццаць посных страў, – удакладняюць гаспадыні. – Гэта сімвалізуе колькасць апосталаў, якія збіраліся з Езусам за адным сталом.

 

Колькі смакаты! Вочы разбягаюцца: тут і куцця, і чырвоны боршч, і марынаваныя грыбочкі, і кавалачкі селядца, прыкрытыя ружовымі колцамі цыбулі, і ламанцы, і кі-сель, і вішнёвы кампот з апельсінам… Ідуць апош-нія прыгатаванні фірмовай стравы, якую давя-раюць зрабіць выключ-
на гаспадару. Некалькі хвілін – і з духоўкі можна даставаць смажаныя карасі, фаршыраваныя сушанымі грыбамі пад соусам.
Змяркаецца. Час накрываць на стол. Аляксандр акуратна раскладвае на ім сена.
– Тата, а навошта яно? – цікавіцца Мілана.


– Пан Езус нарадзіўся ў яслях з сенам, таму на святочным стале яно абавязкова павінна быць, – тлумачыць бацька.
Жанчыны засцілаюць стол белым абрусам, прыносяць стравы. Пакідаюць адно пустое месца для нечаканага госця і як успамін пра таго, каго ўжо няма сёння з імі.


–Узышла першая зорка! – абвяшчае радасную вестку Мілана, і сям’я распачынае вігілійную вячэру. Гаспадар запальвае свечку, чытае ўрывак са Святога Пісьма. Затым гучыць супольная малітва. Асноўным момантам трапезы з’яўляецца ламанне белай аплаткай – сімвалам Хрыста. У гэты час прысутныя за сталом адрасуюць адзін аднаму шчырыя пажаданні, просяць прабачэння.


Пасля гэтага прыступаюць да вячэры – трэба пакаштаваць кожную страву з вігілійнага стала. Вечар не абыходзіцца без калядных песень і ўспамінаў.
–У свой час напярэдадні Божага Нараджэння абавязкова калолі парсючка, – прыгадвае бабуля Варвара Францаўна. – Да свята стараліся нарабіць каўбас і іншых прысмакаў. Праўда, спрабавалі іх ужо пасля таго, як прыходзілі з касцёла. Свежанінай частавалі родных, суседзяў.


– А якія зімы снежныя і марозныя раней былі, – успамінае бабуля. – З Тулава, дзе я жыву, у Міжэрыцкі касцёл дабіраліся на возе. А здаралася і пешшу.
За размовай і час праляцеў. Трэба збірацца на імшу. Гаспадар нагадвае пра падарунак, які неабходна ўзяць з сабой. У касцёле ёсць скрыня, куды прыхаджане складаюць пачастункі і цацкі для дзяцей, якія пазбаўлены магчымасці атрымаць усё гэта з нагоды навагодніх свят.
У планах сям’і Лінкевічаў на заўтра – він-шаванне з Божым Нараджэннем сяброў і знаёмых.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.