З нагоды свята ў зэльвенскім касцёле Святой Тройцы адбылося ўрачыстае богаслужэнне. Дарослыя разам з дзецьмі прыходзілі ў святыню, каб аддаць пашану нованароджанаму Божаму Сыну.
Гэтай знакавай падзеі папярэднічала належная падрыхтоўка. На працягу чатырох тыдняў Адвэнту вернікі наведвалі святыя Імшы, шчыра ўносілі свае малітвы, праяўлялі ўвагу і клопат у адносінах да бліжніх, рабілі добрыя ўчынкі.
І вось доўгачаканы дзень. На небе з’явілася першая зорка, якая абвясціла ўсяму свету пра Божае Нараджэнне. Сем’і сабраліся за вігілійным сталом, каб падзяліцца адзін з адным аплаткай, адрасуючы адзін аднаму шчырыя пажаданні. Потым усё разам накіраваліся ў касцёл.
На працягу богаслужэння прысутныя ўзносілі шчырыя малітвы каля традыцыйных віфлеемскіх ясляў, такім чынам аддаючы пашану Божаму Дзіцяці.
Ксёндз Яцэк Маркель зачытаў віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча, раённага выканаўчага камітэта.
Да пажаданняў далучыўся і сам свяшчэннаслужыцель.
Наталля МАЦЮК