Каталіцкія вернікі ўзносяць свае малітвы да святой Агаты
Першы тыдзень лютага для каталікоў прайшоў пад аховай святых. 2 лютага, на свята Ахвяраванне Пана, благаславілі свечкі – сімвал Хрыста. На наступны дзень успаміналі святога Блажэя і атрымалі благаслаўленне ад хвароб горла. А сёння, 5 лютага, папрасілі заступніцтва святой Агаты, панны і мучаніцы.

У касцёле Святой Троіцы г.п. Зэльва парафіяне сабраліся, каб памаліцца да святой Агаты. Падчас вячэрняга набажэнства дзякавалі ёй за апеку над сем’ямі, над кожным домам, над краінай у цэлым. Таксама прасілі апякунку аб далейшым заступніцтве ад усялякіх небяспек, бед, асабліва пажараў і агню. Кожны веруючы чалавек у думках звярнуўся да святой і з асабістымі просьбамі.

Як і штогод, сёлета ў дзень успаміну святой Агаты ксёндз Яцэк Маркель паблагаславіў і акрапіў святой вадой прынесеныя зэльвенцамі хлеб і ваду.

–Благаслаўлёны хлеб прыношу дамоў і па маленькаму кавалачку частую кожнага члена маёй сям’і, родных, знаёмых, хто па нейкім прычынам не трапіў на імшу, – расказвае парафіянка Яніна Цяслоўская. – Астатні захоўваю ў доме на працягу года, як абярэг ад пажару і іншай бяды. Глыток вады робіцца тады, калі ў душы «бушуе” пажар, а на сэрцы неспакойна. Заўсёды, не толькі сёння, з малітвай звяртаюся да святой Агаты, каб дабро Пана Бога панавала пастаянна і ўсюды.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены