Каталікі рыхтуюцца да Вялікадня
Апошні дзень пасхальнага Трыдуума – Вялікая Субота. У гэты дзень галоўнае для вернікаў – пабыць сам насам з Панам Езусам, памаліцца ў Яго грабніцы. А пасля асвяціць ежу на велікодны стол.

На працягу ўсяго дня, пачынаючы з 12 гадзін і да 18:00, праз інтэрвал у 2 гадзіны, у касцёле Святой Тройцы г.п. Зэльва праводзіцца абрад благаслаўлення велікодных страў. Перад тым, як пасвенціць упрыгожаныя кошычкі, у якіх пакладзены фарбаваныя яйкі, хлеб і святочнае печыва, мясныя стравы і іншыя прысмакі, ксёндз Яцэк Маркель чытае спецыяльную малітву пасвянчэння. А затым акрапляе святой вадой прынесеныя парафіянамі стравы.




–Традыцыя перажываць велікодны перыяд, як таго патрабуе Касцёл, перадаецца ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне, – кажа Алена Нічыпар. – Сённяшні дзень жалобны, калі хочацца ў цішыні пабыць каля гробу Пана. І разам тым – падрыхтоўчы. Да вялікага свята, пад час якого радня збярэцца за сталом, дзелячыся радасцю Ўваскрэсення Пана Езуса. Фарбаванае яйка сімвалізуе Змёртвыхпаўсталага Хрыста, яно займе на стале цэнтральнае месца. У дадатак – ежа, якую толькі што акрапіў святар святой вадой.

Нягледзячы на апетытны выгляд і смачныя пахі, каталікі на працягу Вялікай Суботы прытрымліваюцца посту. Пачаставацца “пасхай” можна будзе пасля вячэрняй імшы ( пачатак якой у 20 гадзін), ці заўтра з ранку, прывітаўшы адзін аднаго цудоўнымі словамі: “Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Уваскрос!”.

Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены