Католические верующие отметили праздник Рождества
Колькі цеплыні, добрых успамінаў выклікае ў нас Божае Нараджэнне! Штогод зэльвенскія парафіяне з нецярпеннем чакаюць гэтага радаснага свята: са з’яўленнем першай зоркі сядаюць за вігілійны стол, дзеляцца аплаткай, адрасуючы адзін аднаму шчырыя пажаданні, потым усёй сям’ёй ідуць у святыню. Немагчыма выказаць словамі, якая цудоўная атмасфера пануе паміж усімі вернікамі.
У мінулы чацвер прыкладна за гадзіну да пачатку святочнага богаслужэння ў касцёле Святой Тройцы пачалі збірацца людзі: дарослыя разам з дзецьмі спяшаліся на ўрачыстасць. Чатыры тыдні Адвэнту яны належным чынам рыхтаваліся да гэтага дня.
На працягу святой Імшы прысутныя ўзносілі шчырыя малітвы каля традыцыйных віфлеемскіх ясляў, такім чынам аддаючы пашану Божаму Дзіцяці.
Ксёндз Яцэк Маркель зачытаў віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча, раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў. Да пажаданняў далучыўся і сам свяшчэннаслужыцель.
Прыгожымі спевамі ўрачыстасць аздобіў парафіяльны хор. Пасля заканчэння літургіі вернікі яшчэ доўга не разыходзіліся, віншавалі адзін аднаго з Калядамі.
Юныя прыхаджане касцёла разам з арганісткай Таццянай Карозай падрыхтавалі інсцэніроўку Божага Нара-джэння, якую прадэманстравалі ў нядзелю. Гледачы ўбачылі евангельскіх пастушкоў, анёла, які абвясціў вестку аб з’яўленні на свет Хрыста, трох каралёў, што ішлі за каляднай зоркай з дарамі да Божага Дзіцяці. Пастаноўка ў сучаснай інтэрпрэтацыі выклікала заслужаныя апладысменты маленькім артыстам.
Наталля Мацюк.