З 17 лютага каталікі перажываюць час Вялікага посту

Вялікі пост бярэ свой пачатак з пепельнай серады, якая сёлета прыпала на 17 лютага.

Падчас святой імшы ксёндз Яцэк Маркель засяродзіў увагу парафіян касцёла Святой Троіцы на тым, што ад гэтага дня і на працягу наступных сарака дзён веруючы чалавек робяць крок насустрач Богу. У сваіх малітвах, дзеяннях, словах, учынках. Ён вучыцца прызнавацца ў грахах і верыць у тое, што божая міласэрнасць бязмежна, Пан Бог прыме кожнага, хто да яго звярнецца.

Разважаючы над урыўкам з Евангелля, святар падкрэсліў, што для размовы з Богам (малітвы) трэба знаходзіць час, неабходна зачыніць вушы, вочы ад спакусы (тэлеперадач, музыкі і інш) і слухаць Пана:

Пост – гэта духоўнае разважанне, духоўнае саракадзённае засяроджванне, гэта ўнутраная праца нашай душы, праяўленне нашай веры. Выканаць пастановы і адказаць сабе ў тым, да чаго прывыкнулі, складана. Але неабходна спрабаваць. І добрым прыкладам у тым, як правільна вытрымаць час посту, можа быць прыклад старэйшага пакалення, якое лепш адвядзе час на малітву і гутарку з Богам, чым на прагляд тэлесерыялаў ці забаўляльных праграм.

Пробашч пажадаў парафіянам годна перажыць пост і з радасцю сустрэць Уваскрэсенне Пана Бога. Пасля спецыяльнага благаслаўлення ксёндз са словамі: “Помні, што ты попел і ў попел ператворышся” пасыпаў галовы вернікаў попелам, як знак пакаяння.

Пад час посту па пятніцах будзе праходзіць набажэнства крыжовага шляху (дарога Езуса да Галгофы, да месца збаўлення), да ўдзелу ў якім святар запрасіў як дарослых, так і моладзь. Па нядзелях пасля імшы будуць спявацца песні жальбы.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены