Кожнаму чалавеку прыемна, калі яго працу заўважаюць, калі цэняць і паважаюць калегі, падтрымлівае кіраўніцтва. Але, напэўна, не за гэта любіць сваю прафесію настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Эльяшэвіч, якая плённа і творча працуе на працягу ўжо 18 год у сярэдняй школе № 3 г.п. Зэльва.
Любіць хутчэй за тое, што бачыць веды ў дапытлівых і цікаўных вачах сваіх вучняў, радуецца іх поспехам і дасягненням. А поспехі сапраўды ёсць, і вельмі значныя: высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні, прызавыя месцы ў шматлікіх творчых конкурсах і навуковых канферэнцыях, перамогі на раённым і абласным этапах прадметных алімпіяд. І ўжо другі год запар яе вучань і сын Максім Эльяшэвіч дэманструе выдатныя веды па прадмеце і з’яляецца пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Наталля Мікалаеўна – сціплы чалавек, таму лічыць, што сакрэт яе прафесійнага поспеху ў разумных і старанных вучнях. Але хіба толькі ў гэтым? Выхаваць творчую асобу несумненна можа толькі творчы чалавек, які ўласным жыццёвым прыкладам паказвае: задумаў пакарыць вышыню – зрабі гэта, настойліва з дня ў дзень , з года ў год працуй над сабой і, нават робячы памылкі, вучыся іх выпраўляць.
Урокі ў Наталлі Мікалаеўны праходзяць вельмі цікава. Педагог умела спалучае класічныя і інавацыйныя падыходы да навучання, імкнецца да таго, каб урок стаў працэсам сутворчасці настаўніка і вучня. А калі матэрыял складаны і камусьці цяжка даецца, яна стараецца зацікавіць, “зачапіць” вучняў, перыядычна праводзіць інтэлектуальныя гульні, літаратурныя дэбаты. Гэта не толькі матывуе, але і вучыць дзяцей зносінам.
Настаўніца лічыць, што вучэбны працэс па мове і літаратуры павінен быць узаемазвязаны. Падчас урокаў мовы дзеці вучацца валодаць словам. А вось заняткі літаратуры для іх – гэта магчымасць гаварыць адкрыта, выказваць свой пункт гледжання па розных пытаннях. Такім чынам вучні суадносяць сваё “я” са светам літаратурнага твора, задумваюцца над сваім жыццём, сваімі ўчынкамі.
Але, як вядома, жыццё не складаецца з адных толькі поспехаў і перамог, ёсць і паражэнні, і няўдачы. Наталля Мікалаеўна заклікае сваіх вучняў адносіцца да гэтага спакойна: чалавеку ўвогуле ўласціва рабіць памылкі. Самае важнае – любіць тую справу, якой займаешся, і тады ўсё будзе атрымлівацца. А яшчэ – любіць сяброў, блізкіх, свой народ і сваю зямлю. У гэтым, напэўна, і заключаецца сакрэт яе прафесійнага поспеху.
Наталля РАГОЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №3 г.п. Зэльва.