Крылатыя памочнікі
За апошнія 5 гадоў у раёне шмат зроблена ў плане культуры земляробства. Сучасныя тэхналогіі апрацоўкі глебы станоўча паўплывалі на павелічэнне ўраджайнасці сельгаскультур. Паралельна з гэтым вядзецца мэтанакіраваная работа па павелічэнні контурнасці палёў, так як выкарыстоўваць магутную тэхніку на малых плошчах не рацыянальна. Выкарчоўваюцца старыя сады, участкі з дрэвамі і хмызнякамі, уводзяцца ў севазварот прыся-дзібныя надзелы вяскоўцаў, якія не выкарыстоўваюцца па прызначэнні.
Актыўна ідуць работы на месцы былога сада СВК “Баро-дзічы” ля вёскі Конна. Яго плошча складала 58 гектараў. Пасля раскарчоўкі на 13 гектарах гаспадарка ўласнымі сіламі змагла правесці культуртэхнічныя мерапрыемствы. Астатняя тэрыторыя пачала зарастаць. Стала немагчымым прымяненне самаходнай тэхнікі для апрацоўкі плошчы гліфасатамі. На дапамогу была выклікана сельскагаспадарчая авіяцыя.
Нядаўна каля Конна прызямліўся верталёт К-26. Мы пабывалі на невялікай пляцоўцы, якая стала для яго часовым аэрадромам. Якраз вялася запраўка машыны гліфасатамі. Давялося пагутарыць з экіпажам у складзе пілота Аляксандра Калантаева і тэхніка Аляксандра Ленскага (на здымку).
– К-26 – невялікая, але вельмі зручная машына, – гаворыць пілот. – У адрозненне ад «кукурузніка» Ан-2, яму не патрэбна ўзлётна-пасадачная паласа. Галоўнае, каб грунт не быў мяккім або багністым.
– І даволі надзейная машына, – пацвярджае тэхнік Ленскі. – У час апрацоўкі пэўных плошчаў верталёт можа апускацца на адлегласць 10 метраў ад зямлі, што павышае якасць выканання работ.
У час палёту было бачна, як верталёт пакідае за сабою шэры шлейф. Пагэтаму галоўным патрабаваннем пры правядзенні работ з гліфасатамі і іншымі ядахімікатамі з’яўляецца аддаленасць ад населенага пункта не менш за кіламетр.
– Нас, авіятараў, работнікі сельскай гаспадаркі чакаюць,– адзначыў Аляксандр Калантаеў. – Асабліва ранняй вясной, калі трэба ў сціслыя тэрміны падкарміць азотнымі ўгнаеннямі азімыя культуры. Паветраная падкормка больш выгадная, чым наземная па некалькіх прычынах: трактары моцна ўшчыльняюць зямлю, траўміруюць расліны. Мы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу вяскоўцам.
Віктар МАКОЎСКІ.