Надзея Раманчук – адна з лепшых працаўніц былога каралінскага калгаса

Былы старшыня калгаса «Караліно» (а зараз кіраўнік ветэранскай арганізацыі дзяржпрадпрыемства «Галынка») Р.Ю.Зыбко ніколі не забывае пра тых людзей, з кім працаваў у 1970-80-х гадах, часта звоніць у рэдакцыю і просіць напісаць пра дарагіх яго сэрцу людзей. Вось і нядаўна настойліва рэкамендаваў згадаць пра жыхарку в. Росцевічы Н.В. Раманчук – адну з лепшых працаўніц былога каралінскага калгаса.

Памяць ваеннай пары

Надзея Васільеўна – ураджэнка в.Каралін. На яе долю выпала нямала цяжкіх гадоў. І самыя страшныя ўспаміны – з ваеннага дзяцінства. Чатырохгадовай дзяўчынкай застала яе вайна. Першыя гады ў акупацыі помняцца не вельмі яскрава. А вось 1944-ы не забудзе да смерці. Чырвоная Армія наступала з аднаго берага Зяльвянкі, немцы акапаліся з другога, у самой вёсцы. Гарэлі хаты, свірны, хлявы з жывёлай. Людзі ўцякалі ад бамбёжкі хто куды мог. А калі вярнуліся на папялішчы, рэдка хто знайшоў ацалелымі свае пабудовы. Згарэла ўсё і ў Васіля Кузьміча, бацькі малой Надзейкі. Пакуль змайстравалі часовы прытулак, даводзілася жыць у склепе з-пад бульбы, а каму пашчасціла – у напаўспаленых свірнах.

Памятае маленькую хацінку з адзіным акенцам, што асвятляла іх пакойчык. Калі калгас дапамог з будаўнічым матэрыялам, змаглі расшырыць свой дамок да крыху большых памераў, але ўсё роўна яшчэ доўга Надзея з малодшай сястрычкай цясніліся на адным ложку ў агульным з бацькамі пакоі. Затое колькі сонца ўрывалася праз чатыры аконцы ў дзвюх сценах іх жылля!

Для такіх, як Надзея Васільеўна, словы «выдзюжым усё, толькі б не было вайны», – не крылаты выраз, а штодзённая гатоўнасць адолець усё, толькі б не рваліся бомбы, не гінулі людзі, не гарэлі ў агні будынкі і хатняя жывёла…

Такія кароткія школьныя гады

Вучылася Надзея ў суседніх Івашкавічах. Здольнай да вучобы была дзяўчынка, падабалася ёй у школе. Не раз уяўляла сябе ў ролі настаўніцы. Любіла ўсе прадметы, асабліва родную літаратуру. Памятае, якая асалода была чытаць «Міхасёвы прыгоды», «На рэчцы зімою» Якуба Коласа, «Алеся», «Хлопчык і лётчык» Янкі Купалы, «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра!

Але… бацька пасля вайны застаўся інвалідам, трэба было дапамагаць маме. І Надзейка прыняла як належнае яе просьбу пакінуць вучобу і ісці працаваць.

13-гадовая агародніца

Так Надзея Кузьміч у 13 гадоў стала калгасніцай. Для таго часу яе пяцігадовая адукацыя лічылася даволі грунтоўнай, і адказны за агародніцтва не раз звяртаўся да дзяўчынкі, каб дапамагала рабіць сякія-такія разлікі. Паважлівыя адносіны з боку дарослага чалавека ўзнімалі і Надзею ў вачах жанчын-агародніц, і сама яна старалася адпавядаць ролі адказнага чалавека. Паціху набіралася вопыту ў вырошчванні розных культур ва ўмовах адкрытага і закрытага грунту, лёгка адрознівала насенне, ведала, як яго лепш падрыхтаваць да высеву, на якую глыбіню сеяць і г.д. Матуля радавалася, што дачка годна ўлілася ў невялікі калектыў і так хутка вучыцца ўсім прамудрасцям сялянскага жыцця.

Палявод-ільнавод

Мы тут крышку адыдзем ад храналогіі падзей, каб закончыць аповед пра Надзею-палявода. Выкінем часова перыяд 1956-1960 г.г. і ўвойдзем у год 1961-ы. Год, як памятаем, вельмі знакавы для ўсіх грамадзян СССР – касмічны: трыумф Юрыя Гагарына і ўсіх, без выключэння, насельнікаў вялікай краіны.

1961-ы аказаўся памятным і для Надзеі: ёй прапанавалі ўзначаліць звяно ільнаводаў. Вырошчваць лён на каралінскіх землях (зрэшты, як і ва ўсёй Беларусі) умелі. З пакалення ў пакаленне перадавалі сакрэты вырошчвання адной з самых шанаваных культур. І хіба магло быць інакш? – Менавіта дзякуючы льну-даўгунцу сяляне мелі адзенне на ўсе поры года, на будзённыя ды святочныя дні. Шмат прыкмет было звязана з гэтай культурай. Надзя ўважліва прыслухоўвалася да парад жанчын свайго звяна, прытрымлівалася выпрацаваных тысячагоддзямі правіл. Сеялі ў пятніцу ці суботу, бо яны лічыліся самымі спрыяльнымі для добрых усходаў і мяккасці валакна. У дзень рассцілання ільну стараліся выконваць няпісанае правіла: нічога не трэсці, каб «віхор лён не пакруціў». Вельмі ўважліва сачылі за тэрмінам вылежвання, каб лён потым і мяккім быў, і колерам як мага бялейшым. Шмат клопатаў было з сушкай і часаннем ільну, але жанчыны-льнаводкі былі задаволены: ім хапала работы на ўсю восень і частку зімы. Здавалі свой лён Надзіны памочніцы толькі высокім гатункам, былі аднымі з лепшых ільнаводаў у раёне.

Калі Надзея выйшла замуж, пераехала да мужа ў Росцевічы, давялося развітацца са звяном. Адно за адным нараджаліся дзеці – дачушка і трое сыноў – таму аддавацца цалкам працы ў полі не магла. Стала радавым паляводам, на працу выходзіла тады, калі дазвалялі сямейныя абставіны. З запісаў у працоўнай кніжцы Надзеі Васільеўны відаць гэта вельмі добра: да замужжа звеннявая-ільнавод выпрацоўвала ад 300 да 361 (!) чалавека-дзён, а ў гады нараджэння дзяцей – 59, а то і 10. (На жаль, у той час праца жанчын-маці не ўшаноўвалася так, як цяпер. А хіба яна лягчэйшая за якую іншую?!)

Калі працоўных змен больш, чым дзён у годзе

Мы нездарма часова пакінулі без увагі 1956-1960-я гады ў жыцці Надзеі Васільеўны. Менавіта тады пачыналіся вельмі цяжкія для яе, але ўсё-такі вызначальныя падзеі: яна прыйшла працаваць у жывёлагадоўлю. Ці ёсць што цяжэйшае ў сельскай гаспадарцы, чым праца на ферме? Не цяперашняй, мадэрнізаванай, а ферме 50-60 -х гадоў, калі ўсё трэба зрабіць уручную?! – Рытарычнае, як кажуць, пытанне.

Пачыналася яе знаёмства з жывёлагадоўляй са свінафермы. Адкормачнай. Маленькіх парасят вагой 15-20 кг трэба было адкарміць да 200-300 кг. Каб раслі яны здаровымі і дужымі, колькі корму трэба ім прыгатаваць, колькі вёдраў прынесці ў кармушкі, колькі гною на тачцы вывезці, а ўзамен падсцёлу прывезці! Тады свінаркі і сваё бульбяное поле мелі, каб не залежаць ад іншых, быць з уласным кормам. Вось і ўявіце адзін летні дзень з тагачаснага жыцця Надзеі: рана-раненька бяжыць на ферму, варыць бульбу, цягае мяхі з мукой, каб дабавіць да бульбы, корміць, падсцілае, чысціць кармушкі, бяжыць на поле палоць свае рады бульбы. Колькі часу на перапынак для абеду – і зноў усё спачатку…

Калі праз шмат гадоў, ужо пенсіянеркай, Надзея Васільеўна шукала парад у медыцынскіх свяціл, каб як хоць крыху падтрымаць здароўе, урач сумна пажартаваў: «Чаму ж Вы па адным мяху мукі на плячах цягалі? Трэба было адразу па два браць…»

Калі перайшла са свінафермы на ферму буйной рагатай жывёлы, лягчэй не стала. Кожная карова, як і чалавек, патрабавала індывідуальнага падыходу. Даілі ўручную па тры разы на дзень. Не паспееш закончыць ранішнюю дойку, упарадкаваць малако, забегчы на пару-тройку хвілін дадому, як ужо трэба патрапіць на дзённую. А там – і на вячэрнюю.

І бітоны з малаком цягалі, і лёд на Зяльвянцы калолі для захоўвання малака летам, і ў час ацёлу дзяжурылі начамі каля сваіх рагулек.

Калі пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці зноў вярнулася на ферму, было ўжо крыху лягчэй. Па-першае, пайшла на росцевіцкую ферму, а гэта – побач з домам. Па-другое, ужо пачалі асвойваць апараты для даення кароў. І хоць усё роўна кожную жывёліну трэба было спачатку падрыхтаваць да машыннага даення, а потым праверыць, ці ўсё малако аддала рагуля, вядома, не параўнаць было ўмовы працы ў 50-60-я гады і ў 70-80-я. Але ж працавалі па-ранейшаму без выхадных і падменных. Рэдка ў якім годзе магла выкарыстаць нядзелю для адпачынку, хіба што ўжо ў 90-я, незадоўга да пенсіі, калі працоўных дзён было 328, 314 ці 293 (у год). А ў асноўным працадзён, як лічылі раней у калгасах, было больш, чым дзён у годзе. Чаму так? – Ды начныя змены дзе падзенеш? Вось і атрымлівалася: 350, 355, 363, 372 і г.д. праца-дзён. І гэта не адзін год, а амаль 20. (90-я, калі былі выхадныя, не лічым). Як магла вытрымаць такія нагрузкі кволая жанчына, маці чатырох дзяцей, рана страціўшая мужа? Уявіць гэта немагчыма. Моцны духоўны стрыжань трэба мець чалавеку, каб не «возроптать» на свой лёс, не вініць Усявышняга і людзей, а годна ісці па жыцці, стараючыся добрым, спагадлівым словам і іншых падтрымаць у нялёгкі час.

Кіраўніцтва калгаса вельмі шанавала такіх, як Надзея Васільеўна. Узнагароды сыпаліся адна за другой. І не толькі ад гаспадаркі. У музеі Каралінскай школы і сёння захоўваюцца ўзнагароды лепшых людзей раёна, у тым ліку і Надзеі Васільеўны. Пералічваць усе не будзем, згадаем асноўныя: Падзячнае пісьмо абкома КПБ і выканкома абласнога Савета народных дэпутатаў, Ганаровыя дыпломы пераможцы рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва ад Вярхоўнага Савета БССР і Міністэрства сельскай гаспадаркі, рашэнне аб занясенні імя ў Кнігу Гонару, пасведчанне майстра жывёлагадоўлі першага класа, медаль «Ветэран працы» і, нарэшце, асноўная – пасведчанне аб узнагароджанні ордэнам Дружбы народаў

… Рэдкія хвіліны адпачынку мела Надзея Васільеўна. І дзяцей выгадавала такімі ж працалюбамі, як і сама. Дапамагалі матулі ў дзяцінстве, не пакідаюць без увагі і цяпер. Як ужо казалі, чацвёра дзяцей выгадавала гэтая жанчына. А яны падарылі ёй 10 унукаў і 8 праўнукаў. Зараз матулю даглядае сын Віктар, такі ж добразычлівы, як і мама.

А Надзея Васільеўна, успамінаючы працоўнае жыццё, добрым словам згадвала і загадчыцу фермы Р.Б. Кухарчык, і сябровак Т.Ф. Кухарчык, Б.І. Кедала, і кіраўнікоў калгаса. «Нават у Маскве пабывала на ВДНГ, – кажа, – узнагародзілі мяне пуцёўкай. Некалькі дзён дзівілася разам з іншымі на славутыя мясціны сталіцы.»

Сапраўды, ёсць чым ганарыцца Надзеі Васільеўне! Па самых сціплых падліках, кожны дзень толькі ад яе групы кароў у магазіны паступала каля 250-300 літраў малака. А за гады?! – Інакш як подзвігам такую працу назваць нельга.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены