Лёс настаўніцы з 35-гадовым стажам Раісы Качук

Неймаверныя выпрабаванні давялося вынесці адной з найстарэйшых жыхарак раёна Раісе Васільеўне Качук. Сённяшні наш аповед прысвечаны ёй, настаўніцы з 35-гадовым стажам, жыхарцы вёскі Бародзічы.

Даваеннае і пасляваеннае жыццё

Раіса Васільеўна – з таго пакалення, якое звыкла называюць дзецьмі вайны. Нарадзілася яна ў вялікай сям’і Шынкевічаў у вёсцы Стаўраўцы колішняга Васілішкаўскага раёна. Успамінаў пра даваенны час памяць захавала не так і шмат, але яны вельмі яркія. Вось, напрыклад, пра рэдкія ў сялянскіх хатах запалкі. Іх не проста бераглі, іх яшчэ і дзялілі на дзве часткі пры выкарыстанні.

Момант адступлення войск польскай арміі і наступлення чырвонаармейцаў таксама запомніўся на ўсё жыццё. Бо хіба забудзеш гул самалётаў над хатамі, паніку сярод тых, хто спешна пакідаў вёску?!

Для малой Раі праз год пачалося шчаслівае жыццё: яна пайшла ў школу! Кемлівая і цікаўная, дзяўчынка хутка авалодала азамі чытання і пісьма, вясной ужо спакойна чытала не толькі “Буквар”. Яе цешыла думка, што восенню ізноў пойдзе ў школу. Аднак мары аб школе прыйшлося адкласці ажно да 1944-га года.

З тых трох гадоў акупацыі самымі страшнымі былі дні, калі гарэлі суседнія вёскі – Шкленск і Зінякі. Некалькі сутак шугала над імі полымя. Людзі ў Стаўраўцах не спалі, бо агонь мог лёгка перакінуцца і на іх сядзібы. Як расказвалі потым дарослыя, прычынай для зверства было знішчэнне партызанамі маста праз рэчку Котру.

Сям’я Шынкевічаў практычна ў поўным складзе дапамагала партызанам. Ноччу лясныя мсціўцы прыходзілі, каб даведацца пра ўсё, што было вядома сялянам аб планах немцаў, прасілі гаспадыню спякчы для іх хлеб, пакідалі бруднае адзенне. Праз дзень-два матуля сабірала дзяцей, давала ў рукі кошыкі і прасіла аднесці ўсё “дзядзям, якіх вы ведаеце”.

А дзеці начных наведвальнікаў ведалі добра, бо гэта былі або родныя мамы ці таты, або суседзі. “Калі б сёння хто завёў мяне ў той лес, я ўсе зямлянкі, у якія мы заходзілі, адшукаць змагла б”, – кажа Раіса Васільеўна. “То вы ж фактычна сувязнымі былі”, –зазначаю. Жанчына згаджаецца са мной і дадае: “Мы пра гэта ніколі не згадвалі. Мама казала, што мы проста павінны дзякаваць Богу, што збярог нас усіх, а ўзнагародай нам была падзяка тых, каму мы дапамагалі”.

Вучоба і праца

1944 год прынёс двайную радасць для Раі: вызваленне ад ворагаў і адкрыццё школы. Дзяўчынку праэкзаменавалі і прынялі адразу ў трэці клас: яна недарэмна чытала вайной лістоўкі, газеты, паглыбляла веды па матэматыцы са старэйшымі дзецьмі. Але вучыцца было цяжэй, чым у 40-м годзе. Тады былі падручнікі, сшыткі, чарнілы, ручкі. Цяпер не было нічога. Настаўнікі прасілі дзяцей прыносіць усякі спадручны матэрыял. Бацькі Раі вымылі стары мяшок ад солі, разрэзалі на кавалачкі. На ім дзяўчына і пісала. А калі матуля купіла ёй і сястры па сшытку, гэта было ўспрынята як недасягальнае шчасце. Чарнілам для дзяцей быў бурачны сок ды сажа, разведзеная вадой. Але ўсё гэта не стала перашкодай для мар многіх дзяцей: вучыцца!

Рая марыла стаць настаўніцай, вучылася старанна. Бацькі падтрымлівалі дачку і маральна, і матэрыяльна. У 1949-м яна закончыла 7 класаў і падала дакументы ў Ваўкавыскае педвучылішча. Дадому прыязджала нячаста: берагла кожную капейку. Старалася і ў педвучылішчы быць у ліку лепшых, бо ведала: самых старанных накіруюць працягваць вучобу ў настаўніцкі інстытут. У той час спецыяльна былі створаны ўстановы адукацыі, у якіх рыхтавалі выкладчыкаў-прадметнікаў для няпоўных базавых школ. І Раіса ў 1953 годзе атрымала дыплом аб заканчэнні педвучылішча і білет студэнткі-завочніцы Маладзечанскага настаўніцкага інстытута.

Першым месцам працы стала Барэйшэшкаўская пачатковая школа. Днём вучыла дзяцей, а вечарам – іх бацькоў у вячэрняй школе. “Тыя гады можна па небяспецы для жыцця параўнаць з ваеннымі, – лічыць Раіса Васільеўна. – Справа ў тым, што ў лясах хаваліся нязгодныя з палітыкай улады людзі і часта нападалі са зброяй на старшынь сельсаветаў, міліцыянераў і нават на настаўнікаў. Але Раю ратавала тое, што яе заўсёды суправаджалі дадому вучні-вячэрнікі. “Мы былі ў самай гушчы падзей, – гаворыць жнчына. – Памятаю, выкладчык гісторыі нашага інстытута, прымаючы ў мяне экзамен, падкрэсліў гэта”.

Некалькі школ давялося памяняць той парой. Накіроўвалі туды, дзе былі найбольш патрэбны кадры філолагаў. Бо Раіса Васільеўна магла выкладаць і рускую мову з літаратурай, і родную. Яна пасля заканчэння настаўніцкага інстытута і далей удасканальвала веды ў Гродзенскім дзяржаўным інстытуце, атрымліваючы вышэйшую адукацыю.

Параднілася з Зэльвеншчынай

У 60-ыя гады Раіса Васільеўна пераязджае на Зэльвеншчыну. Шэсць гадоў працавала ў санаторнай школе, а потым, ужо да самай пенсіі, – у Бародзіцкай. У папярэдніх школах неяк даводзілася то рускую мову выкладаць, то беларускую. А вось у Бародзічах не трэба было пераключацца з аднаго прадмета на другі – уся аддалася роднай з дзяцінства стыхіі. Зямлячка славутай Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Раіса Васільеўна на дадатковых занятках з дзецьмі як бы стварала сваё “чытанне для дзетак-беларусаў”.

Заахвочвала да пошуку звестак пра жыццё і дзейнасць беларускіх пісьменнікаў, сама шмат расказвала пра любімых класікаў Якуба Коласа, Кузьму Чорнага, Кандрата Крапіву, Івана Мележа… Пасябравала з настаўнікамі роднай мовы з іншых школ, запрашала іх на свае ўрокі, сама наведвала іхнія. Асабліва цесныя сувязі склаліся з Т.А.Жамойцінай, Г.П.Дабрыян, М.М.Лукашэвіч. Адным з любімых настаўнікаў для яе быў вялікі гуманіст В.А.Сухамлінскі. Яна гэтак жа верыла ў сілу любові і даверу да дзяцей, паважала думку кожнага вучня, якой бы нязвыклай яна ні была. Як класны кіраўнік унікала ва ўсе праблемы хлопчыкаў і дзяўчынак, падтрымлівала слабейшых, не дазваляла ім зняверыцца ў сваіх здольнасцях. Не сакрэт, што адораныя да дакладных навук школьнікі часта пасуюць перад прамудрасцямі моўных правіл. Вось менавіта з такімі вучнямі актыўна працавала настаўніца.

Сын Раісы Васільеўны сабраў усе ўзнагароды матулі, сярод якіх падзякі і граматы не толькі ад аддзела адукацыі. Узнагароджвалі яе РК КПБ, раённы Савет народных дэпутатаў, абласны аддзел народнай адукацыі, Міністэрства асветы БССР. У 1970-м Раіса Васільеўна атрымала юбілейны медаль да 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна, а ў 1982-м – званне “Выдатнік народнай асветы”.

Прафсаюзны лідар

Дзе б ні працавала Раіса Васільеўна, яе заўсёды выбіралі прафсаюзным лідарам. Што гэта турботная пасада, разумее кожны. Але ж камусьці трэба было клапаціцца пра здароўе калег, іх адпачынак, а то і правы іх абараняць. Нічога дрэннага не можа сказаць жанчына пра дырактараў школ, з якімі працавала, але ж і яны не заўсёды ўнікалі ў асабістыя праблемы кожнага настаўніка. “А я, – уздыхае Раіса Васільеўна, – павінна была рэагаваць на просьбы калег. То расклад урокаў трэба было падкарэкціраваць, то пуцёўку “выбіць”. І адпачынак хацелася належным чынам арганізаваць. Мы часта падарожнічалі па Беларусі, ды і ў суседнія рэспублікі ездзілі”.

Цікава арганізоўвала Раіса Васільеўна провады калег на пенсію. “Хацелася, каб чалавек запомніў надоўга гэты дзень, – кажа яна. – Мы не развітваліся з настаўнікамі назаўсёды, абяцалі быць і надалей разам. Стрымлівалі слова: калегі-пенсіянеры не былі забытыя намі”.

І яе старанні былі ацэнены на самым высокім узроўні: у капілцы ўзнагарод пачэснае месца займае Ганаровая грамата ад Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў. “Толькі дзве такія былі, – каменціруе Раіса Васільеўна, – у мяне і Г.М.Сідаровіч, нават не ў раёне, а ў вобласці”.

«Настаўніцкую газету» ад 27 кастрычніка 1982 года,у якой  быў змешчаны гэты здымак, Р.В.Качук беражна захоўвае. Як памяць аб педагагічнай працы і шчырых сяброўскіх адносінах з калегай М.М.Лукашэвіч, таксама настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, выдатнікам народнай асветы БССР.

Яніна Шматко

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке

Вам может быть интересно

Комментарии отключены