Людзі залатога ўзросту. Сардэчная, безадказная і таленавітая Алена Пайзулаева
“Яна ў нас незаменная” – так кажуць пра Алену Пайзулаеву супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і ўсе яго наведвальнікі.

Загадчыца аддзялення Наталля Глушэня адзначае:
– Алена Альбінаўна ў нас з першага дня адкрыцця аддзялення. Я і дагэтуль ведала яе толькі з найлепшага боку, а зараз проста схіляю галаву перад яе сардэчнасцю, дабрынёй, безадмоўнасцю, вялікім талентам. Яна не проста наведвае кожны клуб ці гурток, што дзейнічаюць у нас, у кожным яна самы актыўны і незаменны чалавек.
Загадчыцу аддзялення дапаўняюць наведвальнікі. В.А.Тульвінская, кіраўнік клуба “Спявай, душа!”, у захапленні ад Алены Альбінаўны.
– Без яе і клуб наш не існаваў бы, – упэўнена Вера Антонаўна. – Мы часта выязджаем з канцэртамі ў Ваўкавыск, Мадзейкі, Акцябрскую, Каралін і г.д. Алена Альбінаўна – наш нязменны вядучы. Кожнага выканаўцу прадставіць так, што слухачы авансам дораць яму апладысменты. Сама ж і спявае, і танцуе, і дэкламуе.

Е.А.Артурава дадае:
– Алена Альбінаўна вельмі добразычлівы чалавек. Калі ў нас што і не атрымліваецца, падтрымае жартам, умела перакіне размову на іншае, каб ты і думаць забыў пра нейкую дробязь. А якія ўмелыя ў яе рукі! Яна і ікону аздобіць, і ляльку з падручных матэрыялаў змайструе, і самую модную рэч на прутках звяжа. І не трымае пры сабе дар – ахвотна арганізоўвае майстар-класы, вучыць і нас рабіць тое, што ўмее сама.
З.Ф.Пазняк, у мінулым метадыст РАНА, ведае Алену Альбінаўну не толькі як актыўную пенсіянерку, але і як таленавітую настаўніцу.
– Памятаю, колькі цярпення прыкладала яна, каб кожны вучань мог справіцца з праграмным матэрыялам. Не лічылася ні з часам, ні са здароўем. А колькі адкрытых урокаў дала для настаўнікаў пачатковых класаў раёна! Было асалодай прысутнічаць на яе ўроках. Я, метадыст, адчувала сябе не правяраючым, а вучнем у мудрага настаўніка, – кажа Зінаіда Фёдараўна.
– А якая яна актрыса цудоўная, – нагадваюць члены літаратурнага клуба “Малюся слову”. – Памятаеце, якую Паланею ў “Прымаках” Янкі Купалы стварыла! І прафесійная сцэна ад яе паслуг не адмовілася б.

А найбольш расказала пра юбілярку сакавіка А.В.Мартынчык, бо яны з Аленай Альбінаўнай зямлячкі. Разам раслі ў Азярніцы Слонімскага раёна, разам вучыліся ў мясцовай школе. У Ляонікаў (дзявочае прозвішча Пайзулаевай) была вялікая сям’я. Жылі цяжка, не заўсёда на хлеб хапала. Алёнка ўжо ў шэсць год на роўні са старэйшымі братам і сястрой збірала ў лесе ягады і грыбы на продаж. Прадаўшы сабранае, дзеці не дазвалялі сабе нават марожанае купіць, бо наказ матулі быў суровым: “Усё да капейкі – дамоў”.
Закончыўшы сярэднюю школу, Алена, як і многія хлопцы і дзяўчаты 60-х гадоў мінулага стагоддзя, паехала “за туманом и за запахом тайги». Праўда, яе туманы паплылі не на поўнач, а на поўдзень. Ажно на 17 гадоў супыніліся яна ў гарах Чачэна-Інгушэціі. Там дзяўчына без праблем улілася ў кампанію мясцовай і прыезджай моладзі, асвоілася з новымі ўмовамі жыцця, традыцыямі. Працавала і вучылася. Спачатку – у педагагічным класе Першамайскай СШ Грозненскага раёна, а потым – у Грозненскім педагагічным інстытуце. Звыклая з дзяцінства да эканоміі, у паўсядзённым жыцці абыходзілася самым неабходным. Дзякуючы прыроднаму густу і спрытным рукам, выглядала элегантна ў самым простым уборы. А прычоску зрабіць, каб кожны сустрэчны азірнуўся, для яе і ўвогуле не было праблемы. Не дзіва, што па ёй “сохлі”, з-за яе ўчынялі бойкі гарачыя каўказскія хлопцы. Гэтыя іх паводзіны больш непакоілі Алену, чым цешылі яе самалюбства. Трэба было выбіраць, каб не давесці хлопцаў да бяды. І яна аддала перавагу Кюры Пайзулаеву. Не таму, што быў самы настойлівы, а таму, што паланіў яе сэрца адданасцю і разуменнем.
Калі б не праблемы ў блізкіх на радзіме, напэўна, сям’я Пайзулаевых так бы і засталася на Каўказе. Падрасталі хлопчыкі – Руслан і Рустам, была праца, якая і радавала, і давала магчымасць утрымліваць сям’ю. Алена Альбінаўна была вельмі ўдзячна мужу, калі ён аднойчы паклаў канец яе хістанням, сказаўшы: “Едзем у Беларусь”.
У Зэльву Пайзулаевы прыехалі ў 1977 годзе. Работа знайшлася абодвум. Неўзабаве і кватэру атрымалі. Хлебасольны Кюры часта запрашаў на абед новых сяброў, для якіх заўсёды знаходзілася не толькі талерка супу. Мужчыны дзівіліся, а Кюры смяяўся: “Жонка і ў Беларусі жыве па каўказскіх правілах, гатуе і для маіх сяброў”.
Здавалася, усё ішло, як належыць. Ды раптам цяжка захварэў муж. У спадзяванні, што клімат радзімы выратуе яго, вярнуўся на Каўказ. А там неўзабаве памёр…
Не паспела перажыць гэтае гора, як у росквіце юнацтва трагічна абарвалася жыццё малодшага сына. Як перажыла тыя страшныя дні, не памятае сама. Доўга ляжала ў шпіталі, шукала сілы і сэнс у сваім жыцці без дарагіх людзей. Выратоўвалі вера, якую перадалі ў спадчыну бацькі, падтрымка сяброў, надзея на старэйшага сына і, вядома, любімая работа – яе дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі.
Дзеці і забіралі сілы, і вярталі іх. Нават на канікулах не развітваліся: то ў лагеры разам былі, то ў недалёкія паходы адпраўляліся. Бацькі раіліся з любімай настаўніцай сваіх дзяцей і праз гады, калі былыя пачаткоўцы вучыліся ўжо ў старэйшых класах. У СШ №2 захоўваюць да гэтай пары аздобленыя Аленай Альбінаўнай альбомы. Кожны раз, прыязджаючы на сустрэчы выпускнікоў, яе выхаванцы гартаюць пажоўклыя старонкі, згадваюць незабыўныя гады, дзякуюць любімай настаўніцы.
Вопыт Алены Альбінаўны абагульняўся ў РАНА. Як настаўнік метадыст яна пастаянна выступала на семінарах, канферэнцыях. Амаль штогод узнагароджвалася ганаровымі граматамі аддзела адукацыі і аблвыканкама.
У 1980 годзе атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі БССР, а ў 1984 – медаль “Ветэран працы”. Неазабыўныя ўражанні засталіся ад VII з’езда настаўнікаў Беларусі, дэлегатам якога была Алена Альбінаўна.

Такі чалавек, вядома, не мог уседзець дома пасля выхаду на пенсію. Яна адгукаецца на просьбы ўсіх, каму патрэбны яе талент і ўмелыя рукі. Яе работы пастаянна экспануюцца ў цэнтры культуры і народнай товрчасці, у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Зацікавіліся яе работамі ў Гродне, калі прывезла свае вырабы на абласную выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скарбонка ўзнагарод папаўняецца і зараз. І калі жанчыны з аддзялення пытаюць колькі мае ўзнагарод, Алена Альбінаўна жартуе:
– Калі б столькі было здароўя, то можна было б жыць да ста гадоў.
Мы і зычым Вам, наша любімая, непараўнальная і незаменная Алена Альбінаўна, моцнага здароўя на сто год жыцця. З юбілеем Вас!
Яніна ШМАТКО
Комментарии отключены