Мадейковские женщины бережно хранят местные традиции
Без мінулага не можа быць будучыні, упэўнены работнікі Мадзейкаўскай бібліятэкі-клуба. Менавіта таму тут вядзецца мэтанакіраваная работа па захаванні і адраджэнні мясцовых традыцый. На базе ўстановы арганізоўваюцца выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, праводзяцца сямейныя ўрачыстасці, ладзяцца майстар-класы з удзелам вясковых умельцаў.
Добрай нагодай прадэманстраваць, як беражліва вяскоўцы захоўваюць народныя традыцыі, стала свята “Повязь часоў – беларускі ручнік”.
Установа культуры сустракала тых, хто прыйшоў на мера-прыемства, яркімі вышытымі саматканымі рэчамі, сабранымі на выставе. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў Мадзейках складана знайсці дом, дзе б не было вышываных ручнікоў, абрусаў і навалачак.
Арыгінальныя і непадобныя адзін на другі ручнікі з дамашніх калекцый прадставілі Г.В. Аўдзейчык, Н.У. Талецкая, А.І.Абрамчук, С.І.Сойта. Гэтыя рэчы жанчынам вельмі дарагія, бо зроблены рукамі іх матуль. Кожны ручнік – сапраўдны твор народнага мастацтва, выкананы з любоўю, стараннем і імкненнем да прыгажосці. Некоторым саматканым вырабам не адзін дзясятак гадоў.
У майстрых старой школы і арнамент, і палітра больш сціплыя. Чырвоным па белым, чорным па белым яны выказвалі радасць, свята ці тугу. Нібы шыфравалі гісторыю свайго жыцця і жыцця сваёй зямлі. Чырвоны – колер жыцця. Чорны – зямлі і цярпення… Асабліва прыгожа аздоблены ручнікі, якія ўжывалі пры ўрачыстым паднашэнні хлеба-солі, каравая. Ад іх зыходзяць асаблівыя цеплыня, годнасць і памяць часу.
Сучасныя майстрыхі істотна пашырылі каляровую гаму, дадалі блакітны, жоўты, зялёны і іншыя колеры. Вышыванкі нібы зайгралі, засвяцілася новым настроем, у іх нібы расцвіла вясна. Што гэта сапраўды так, пацвердзіла В.К.Жук, дэманструючы свае работы, аздобленыя рознакаляровым раслінна-жывёльным арнаментам. Гэта свое-асаблівыя коды дабрыні, любові, дабрабыту, поспеху і ўрадлівасці. Напрыклад, вышытыя галубкі, што глядзяць адзін на аднаго, сімвалізуюць каханне і згоду, а жытнёвыя каласкі – дастатак. Па словах жанчыны, як лініі лёсу па далоні, так па ўзорах можна прачытаць характар майстрыхі.
Як сапраўдны знаўца фальклору і мясцовых традыцый, Вера Канстанцінаўна расказала шмат цікавага пра шматзначнасць абрадавых ручнікоў. Так, раней яны шырока ўжываліся ў вясельнай абраднасці. Перш за ўсё, служылі ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя падчас вянчання. Ручніком перавязвалі сватоў, дарылі дружбантам і г.д. Звычайна да вяселля дзяўчына рыхтавала іх не менш чым дзесяць. А яшчэ ў даўніну на ручнік прымалі нованароджанае немаўля з надзеяй на яго шчасце і здароўе, гаспадыні апраўлялі абразы. Для такіх ручнікоў выкарыстоўваліся спецыяльныя знакі – ромбы, крыжы, кругі.
Прысутныя на сустрэчы вяскоўцы змаглі пераканацца: тое, што зроблена сваімі рукамі, заўсёды таленавіта і прыгожа.
Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.