Марыя Чэчат – адзіны ў раёне выдатнік адукацыі СССР
М.А.Чэчат – адзіны ў раёне выдатнік адукацыі СССР. Гэтае званне яна атрымала ў 1986 годзе, калі за плячыма было 19 гадоў напружанай працы ў некалькіх школах раёна і метадычным кабінеце РАНА: спачатку як радавога спецыяліста, а потым – загадчыцы.

ШЛЯХ У ПЕДАГОГІКУ
Марыйка Камякевіч (дзявочае прозвішча Чэчат) расла ў сялянскай сям’і ў в.Падбалоцце. Першай яе настаўніцай была Т.А.Заруцкая – усеагульная любіміца падбалоцкай дзетвары. Ды і бацькоў тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх яна вучыла.
Таццяна Аляксандраўна адразу заўважыла здольнасці дзяўчынкі да вучобы, жаданне дапамагчы сябрам засвоіць нешта складанае. Першая настаўніца не была адзінай, хто дапамог дзяўчынцы сур’ёзна рыхтавацца да будучай прафесіі. Заўважыў схільнасці вучаніцы вялікі аўтарытэт для ўсіх жыхароў Падбалоцця – дырэктар школы І.А.Гаўрон. Не раз казаў бацькам, якім выдатным філолагам будзе іх дачка. На выдатна закончыла Марыя Камякевіч Падбалоцкую васьмігодку і прадоўжыла навучанне ў Крамяніцкай СШ. Яна і там была ў першых радах, хоць старшакласнікаў у сувязі з чарговай рэарганізацыяй адукацыі было нямала.
Удзел у раённых алімпіядах па некалькіх прадметах не быў рэдкасцю для адоранай дзяўчыны. А што тычыцца дэк- ламацыі – роўных ёй цяжка было знайсці не толькі ў школе. Часта не толькі чытала любімыя творы, але і ў ролі канферансье выступала. Пасля заканчэння дзесяцігодкі Марыя, як і жадала змалку, падала дакументы ў Гродзенскі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. І яна стала студэнткай-завочніцай рускага аддзялення. Неўзабаве і месца працы знайшлося, у Самаравіцкай васьмігодцы.
ВАЖАК ГАЛЫНКАЎСКАЙ ПІЯНЕРЫІ
З верасня 1967 года Марыя Антонаўна пачынае працаваць старшай піянерважатай у Галынкаўскай СШ. У музеі школы і сёння можна знайсці звесткі аб рабоце піянерскай арганізацыі ў тыя гады. Яно і зразумела: пачынаючы педагог так змагла арганізаваць работу з класнымі кіраўнікамі і піянерскімі атрадамі, што Галынкаўская СШ стала лепшай ва Усесаюзнай экспедыцыі “Заветам Ленина верны”, прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна. Тройчы раённы камітэт ЛКСМБ уручаў ёй значок пераможцы – “Лепшы важаты раёна”. Энергічная важатая не давала дзецям заспакойвацца на мінулых поспехах, увесь час шукала новыя формы работы.
ВЫКЛАДЧЫК РУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ
Марыя Антонаўна яшчэ ў Галынкаўскай школе пачала выкладаць свой любімы прадмет, сумяшчаючы працу важака піянерыі і настаўніцы. Было вельмі няпроста: яна ж яшчэ вучылася ў інстытуце. І вельмі ўдзячна намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Уладзіміру Міронавічу Давідчыку, які штодня наведваў урокі пачынаючага спецыяліста, тактоўна разбіраў памылкі, вучыў рабіць аналіз кожнага свайго ўрока. Восенню 1974 года Марыя Антонаўна змагла цалкам аддацца выкладанню любімага прадмета ў Крамяніцкай СШ. Яе ўлюбёнасць у вялікую літаратуру перадавалася дзецям, кантакт з імі наладжваўся як бы сам сабой. Вельмі шмат працавала над развіццём літаратурных здольнасцей дзяцей.
Нездарма сачыненні яе навучэнцаў штогод прызнаваліся аднымі з лепшых у раённым і абласным конкурсах, а маладая настаўніца стала ўладальніцай Дыплома “Лепшай настаўніцы-камсамолцы”. Праз два гады працы ў Крамяніцы з’явілася магчымасць перавесціся ў родную Падбалоцкую васьмігодку.
Па-ранейшаму падрыхтаваныя ёю вучні перамагалі ў конкурсах, паспяхова выступалі ў ролі чытальнікаў паэзіі і прозы на сцэнах школы, клуба і РДК. Дырэктар школы М.І.Касабуцкі, які вельмі любіў ставіць у прыклад урокі Марыі Антонаўны іншым педагогам, прызначыў яе сваім памочнікам – завучам па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Аднак працаваць разам давялося нядоўна: таленавітыя настаўнікі патрэбны не толькі ў школе.

ГАЛОЎНЫ МЕТАДЫСТ РАНА
Загадчык РАНА М.І.Давідзеня справядліва лічыў, што ў метадычным кабінеце павінны працаваць самыя вопытныя і таленавітыя настаўнікі. Таму і перацягнуў ад Касабуцкага яго памочніцу. Некалькі гадоў Марыя Антонаўна курыравала настаўнікаў-філолагаў, абагульняла іх вопыт, дапамагала рыхтаваць адкрытыя ўрокі, семінары і г.д. Столькі цудоўных выкладчыкаў для сябе і іншых адкрыла! Адно задавальненне было наведваць урокі Я.А.Лазоўскай, Л.А.Сталпец, К.І.Неттэр, Л.А.Казлоўскай, М.Б.Ярмолік, У.А.Плаўскай, Г.У.Сончык, Л.П.Пячко, П.М.Марціноўскага… Метадычны кабінет у тыя гады ўзначальвала вопытны педагог, таксама філолаг, І.У.Генюш, выдатнік народнай асветы БССР. Калі Ірына Уладзіміраўна вырашыла вярнуцца ў школу, замяніць яе прапанавалі Чэчат.
Марыя Антонаўна не адразу згадзілася стаць галоўным метадыстам. Адна справа курыраваць “сваіх” – філолагаў, і зусім іншая – несці адказ за ўсіх. Абласны інстытут удасканалення настаўнікаў якраз прасіў абагуліць вопыт калгаснага садка (заг. Л.Б.Чарнецкая) у в.Бародзічы. Інстытут удасканалення палічыў мэтазгодным накіраваць работу зэльвенскіх настаўнікаў-метадыстаў на ВДНГ.
Так нечакана для сябе Марыя Антонаўна і Ірына Станіславаўна Пузач сталі ўдзельнікамі старэйшага выставачнага комплекса і атрымалі Пасведчанні ад яго галоўнага камітэта. Аналізуючы работу Бародзіцкага сада, Марыя Антонаўна зразумела, што і іншыя ўстановы адукацыі мо- гуць наладзіць сувязі з праўленнямі калгасаў. З некаторымі кіраўнікамі быў нала- джаны асабліва цесны кантакт: Р.Ю.Зыбко, І.С.Рымарчыкам, М.І.Кісялём, Л.В.Дудко. Вопыт сумеснай працы Цяглевіцкай СШ і праўлення калгаса імя Дзяржынскага быў абагулены, а дзякуючы выступленню на рэспубліканскім тэлебачанні стаў вядомы педагогам усёй Беларусі. Шмат увагі ўдзялялі метадысты арганізацыі штогадовых конкурсаў сярод настаўнікаў.
У 1992 годзе настаўніца пачатковых класаў СШ №2 А.С.Кароза выйшла ў фінал і стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-1992”. Раён быў у шэрагу лепшых у рэспубліцы наватараў у адукацыйнай справе. Марыі Антонаўне часта даводзілася выступаць і на рэспубліканскіх, і ўсесаюзных нарадах настаўнікаў. Удзельніцай усесаюзных канферэнцый была тройчы: у Маскве, Растове-на-Доне і Ерэване. Прадстаўнікоў ад рэспублік было звычайна нямнога: 5-6 чалавек, не больш, у асноўным кіраўнікі аддзелаў. Чэчат была адной з нямногіх радавых прадстаўніц беларускіх педагогаў у Ерэване.
Акадэмію педагагічных навук і Міністэрства адукацыі СССР цікавіў вопыт зэльвенскіх педагогаў па ўзаемадзеянні работы РАНА, школ, грамадскасці і калгасаў з бацькамі і вучнямі. Пра гэта і папрасілі расказаць Марыю Антонаўну. А потым абавязалі выступоўцу выслаць абагулены вопыт ва ўсе рэспублікі СССР. Вярнуўшыся дадому, Марыя Антонаўна надыктавала сакратар-машыністцы Ніне Іванаўне Пачабыт усё неабходнае, а затым разаслала ва ўсе 15 рэспублік. Уяўляеце, як гэта было няпроста? Марыя Антонаўна і сёння вельмі ўдзячна Ніне Іванаўне: колькі ёй давялося падрыхтаваць на машынцы даволі аб’ёмных матэрыялаў!
Не раз запрашалі Марыю Антонаўну на вышэйшыя пасады. Магла пераехаць у Гродна, працаваць у Інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Магла паехаць у Манголію, бо прайшла рэспубліканскі конкурс на лепшага філолага-русіста… Засталася вернай месцу свайго нараджэння, сваёй малой радзіме. А слава? Яна знайшла яе і тут. 23 студзеня 1986 года міністр адукацыі СССР С.Г.Шчарбакоў падпісаў Указ аб узнагароджанні М.А.Чэчат значком “Выдатнік адукацыі СССР”.
Ёсць чым ганарыцца: “Выдатнікаў асветы БССР” у раёне некалькі, а Усесаюзнай – толькі яна адна! (Да слова, у Марыі Антонаўны ёсць узнагароды і ад папярэдняга міністра адукацыі СССР М.А.Пракоф’ева – ад 7.12.1983 г.). 80-ыя і 90-ыя гады былі перыядам узлёту наватарскага руху ў педагогіцы. На ўвесь Саюз гучалі імёны Аманашвілі, Ільіна, Шаталава.
У метадычным кабінеце горача абмяркоўвалі іх дасягненні. Дзякуючы сваім сувязям з Акадэміяй педагагічных навук СССР, акадэмікам Ю.К.Бабанскім, рэспубліканскім і ўсесаюзным Міністэрствамі адукацыі Марыя Антонаўна змагла арганізаваць вучобу некалькіх зэльвенскіх настаўнікаў на курсах, напрыклад, В.Ф.Шаталава. Потым гэтыя педагогі перадавалі шаталаўскі метад іншым калегам.
Ну а лепшае з методыкі філолага Ільіна Марыя Антонаўна рэкламавала сама. Незаўважна праляцелі гады працы ў РАНА. Апошнія 2 гады Чэчат не толькі загадвала метадычным кабінетам, але была і першым намеснікам загадчыка. Пры чарговай рэарганізацыі сістэмы адукацыі адна з пасад трапіла пад скарачэнне. Марыя Антонаўна скарысталася гэтымі абставінамі і падала заяву на звальненне, тым болей што была магчымасць вярнуцца да любімай работы ў школе.
“САМЫ ШЧАСЛІВЫ Ў ЖЫЦЦІ ЧАС”
Такім часам Марыя Антонаўна лічыць гады працы ў Зэльвенскай санаторнай школе-інтэрнаце. Як ні дзіўна, яна адпрацавала тут амаль столькі, колькі і ў РАНА: 13 гадоў. Здавалася б, настаўніку вышэйшай катэгорыі не будзе дзе разгарнуцца на ўсю моц свайго таленту (у гэтай школе, як вядома, дзеці вучацца вельмі непрацяглы час). Марыя Антонаўна ніколі так не лічыла. І за тыя дзве чвэрці, што дзеці лячыліся і вучыліся, яна дабівалася добрых вынікаў. Як “усёведа” ў методыцы выкладання Чэчат вабіла магчымасць параўнаць рэзультатыўнасць той ці іншай методыкі ва ўмовах часовай працы з дзецьмі, што ўжо сутыкаліся з самымі рознымі спосабамі перадачы ведаў.
Нельга сказаць, што было лёгка, што з кожным наборам новых дзяцей можна было смела працаваць па той методыцы, што прайшла апрабацыю з папярэднім. Але тым і цікавая праца для творчага чалавека, што яна пастаянна патрабуе нетрывіяльнага падыходу. У 2004 годзе праходзіў абласны семінар для работнікаў адукацыі. Як звычайна, было запланавана наведванне некалькіх адкрытых урокаў у розных школах раёна. Арганізатары семінара былі ў разгубленасці: 80% удзельнікаў хацелі трапіць менавіта на ўрокі да Марыі Антонаўны.
Яна сама гэтага ніколі не палохалася, бо за ўсе гады працы ў РАНА давала прыклад іншым метадыстам, рыхтавала безліч адкрытых урокаў для ўсіх катэгорый настаўнікаў. М.А.Чэчат смела ўзялася рыхтаваць дзяцей з санаторнай школы да ўдзелу ў самых адказных конкурсах. З упэўненасцю, што задавальненне ад вынікаў інтэлектуальнай працы і на карысць здароўю дзяцей пойдзе. З гонарам згадвае Марыя Антонаўна тых, хто паверыў ёй, рыхтаваў на рэспубліканскія конкурсы творчыя работы і стаў пераможцам.
Гэта Уладзімір Ліс, Алена Аўгусціновіч, Алеся Залеская, Вераніка Барадзёнак… Усюды пакінула добры след у сэрцах дзяцей і педагогаў Марыя Антонаўна. Асабліва цёплыя адносіны склаліся ў яе з калектывам санаторнай школы. Яе і зараз запрашаюць туды на святы ці проста на кубачак кавы. “Незабыўнае ўражанне засталося ў мяне ад гадоў працы ў санаторнай школе. Таленавітыя, дружныя, працалюбівыя, спагадлівыя, адказныя – такімі застаюцца ўсе настаўнікі і кіраўнікі школы ў маёй памяці. Я сачу за іх поспехамі і вельмі рада, што замешаны яны на вельмі якасных дражджах”, – кажа Марыя Антонаўна.
ГАЛОЎНАЯ РАДАСЦЬ
Каля 50-ці ўзнагарод і падзяк мела за сваё працоўнае жыццё Марыя Антонаўна. Шчыра ўдзячна сама тым, з кім давялося дзяліць радасці і нягоды. Некаторых мы ўжо згадвалі, напрыклад, філолагаў і старшыняў калгасаў. А вось пра многіх сказаць не паспелі.
Гэта дырэктары школ і іх намеснікі Я.В.Сончык, В.У.Сцяцко, А.А.Сончык, І.У.Кавалевіч, І.П.Пазняк, Л.Б.Сідорка, А.М.Кавалевіч, І.В.Каленка, Ф.А.Зыбко, К.В.Сядач, Ф.І.Лучко, А.Б.Карнацэвіч, В.М.Семяняка… Асаблівая падзяка работнікам РАНА: Т.П.Броска, С.У.Багану, Г.А.Камякевіч, М.І.Карозе. З.Ф.Пазняк, М.К.Супрун, А.П.Карозе, К.У.Суша… Але галоўную ўзнагароду і радасць, як і кожная жанчына, Марыя Антонаўна атрымлівае ад самых блізкіх і дарагіх людзей: у яе дзве ўнучкі і праўнук. “Ты – наш скарб”, – кажуць яны ёй пры кожнай сустрэчы.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены