Механізатар – і прафесія, і прызванне
Ёсць такая прафесія – праца на зямлі. І ўзрост не мае значэння: малады ты ці сталы. Галоўнае – з павагай адносіцца да зямлі, тады і ад-плаціць яна шчодрым ураджаем. Калі зразумеў гэта, будзеш сапраўдным земляробам.
Добра ўсвядоміў гэтую простую ісціну механізатар СВК “Бародзічы” Анатолій Вікторка. Як пацвярджэнне таму – яго імя называюць сярод лепшых працаўнікоў гаспадаркі.
Кіруе трактарам Анатолій Фаміч каля трох дзясяткаў гадоў. Зараз успамінае, што да тэхнікі цягнуўся з дзяцінства – як і для большасці равеснікаў, яму было за шчасце пракаціцца на трактары ці грузавіку. А калі яшчэ добры вадзіцель дазволіць крыху па-
руліць – аб гэтым наогул можна было толькі марыць. Юнак вырашыў зрабіць мару рэчаіснасцю – праз некалькі гадоў ужо працаваў у калгасе вадзіцелем.
Затым была армія: Калінінград-ская вобласць і два гады службы ў ракетных войсках. Пасля дэмабілізацыі салдацкую гімнасцёрку змяніў на працоўную спяцоўку. Уладкаваўся ў мясцовы калгас імя Леніна і застаўся тут на ўсё жыццё. Стварыў сям’ю: разам з жонкай Аксанай выхавалі шасцярых дзяцей. Для мнагадзетнай сям’і дзяржава выдзеліла кватэру.
Так склаліся абставіны, што з аўтамабіля Анатолію прыйшлося перасесці на трактар. Механізатарам ён працуе і сёння.
– Што ўваходзіць у мае абавязкі? Ды нічога асаблівага і звышнатуральнага: ворыва, сяўба, жніво… Гэта доўга тлумачыць, лепш адзін раз убачыць, – гаворыць Анатолій Фаміч. – Скажу толькі, што работы хапае. Але нічога мяняць не хачу. Шчыра кажучы, і думкі такой не ўзнікала. А навошта нешта змяняць, шукаць лепшага? Лёгкага хлеба нідзе не бывае. Мяне тут усё задавальняе, абавязкі свае добра ведаю, а калі ведаеш сваю работу, ніякіх цяжкасцей, па-мойму, узнікаць не павінна. Прыйшоў – і працуй на здароўе.
Працоўны дзень у Вікторкі, як і ў кожнага механізатара, часцей за ўсё ненарміраваны. Але на ўсе гэтыя нюансы мужчына глядзіць з аптымізмам – трэба, значыць трэба. Нездарма старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Засценчык гаворыць аб ім толькі добрае: “Анатолій Вікторка ў нашай гаспадарцы – работнік на вагу золата. Умее працаваць на ўсіх відах тэхнікі. Свой багаты вопыт за сямю пячаткамі не трымае і гатовы падзяліцца ім з моладдзю”.
Аднак не работай адзінай… Дома Анатолій таксама руплівы і старанны гаспадар. І ў сямейным жыцці ўсё ладзіцца. Дочкі Ірына, Марына і сын Васілій ужо стварылі свае сем’і. Хутка вернецца з арміі сын Іван. Яўгеній і Анатолій – яшчэ школьнікі.
…Заўтра наступіць ранак. Анатолій Вікторка зноў звыкла кране трактар з месца. Механізатара чакае поле: трэба спяшацца, пакуль стаіць добрае надвор’е, узараць як мага больш глебы пад ураджай будучага года.
Віктар МАКОЎСКІ.