Маслазавод з самым смачным у Еўропе марожаным, адзіная на Зэльву лазня і вялікая колькасць ганаровых грамадзян. Мінулае і сучаснае вуліцы Шапавалава

Імя героя вызвалення Зэльвеншчыны В.У. Шапавалава вуліца набыла ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. І гэта было, бадай, першае ўшанаванне вызваліцеляў у назвах вуліц пасёлка. Маёр Шапавалаў непасрэдна Зэльву не вызваляў. Яго артдывізіён гнаў ворага з вёсак Галынка, Пруд, Луконіца, Кабакі, Росцевічы, Навасёлкі, Лаўрыновічы. Маёр-артылерыст 17-га палка 137-й стралковай дывізіі ўзяў на сябе карэкціроўку агню батарэі каля в. Каралін, дзе і быў забіты. У паведамленні аб яго гібелі было напісана: “Ваш муж, камандзір в/ч 01069 маёр Шапавалаў В.У. у баі за сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, быў забіты 12 ліпеня 1944 г. Пахаваны ў парку каля будынку райкама партыі мястэчка Зэльва Баранавіцкай вобласці”. Да 30-годдзя Вялікай Перамогі прах героя – маладога кіраваградскага хлопца – быў перанесены ў брацкую магілу на самы высокі ўзгорак у Зэльве.

Гонар пасляваеннай Зэльвы – маслазавод

Вуліцаўтваральным прадпрыемствам стаў для новай вуліцы Зэльвенскі маслазавод. Ён пачаў дзейнічаць яшчэ да вайны і, рэканструяваны, запрацаваў неўзабаве пасля вызвалення. Невялікі завод славіўся сваімі вырабамі далёка за межамі вобласці і Беларусі: за вопытам да малаказаводаўцаў прыязджалі прафесіяналы з краін Усходняй Еўропы. Сёння ўжо цяжка прыгадаць імёны першых кіраўнікоў, спецыялістаў ды рабочых 50-х гадоў. І мы вельмі ўдзячны Л.С. Насянковай, якая дапамагла ўзнавіць некаторыя старонкі гісторыі завода. “Мая мама Лілія Фёдараўна Лазута, – расказвае Людміла Станіславаўна, – трапіла ў Зэльву ў 1952 годзе. Яна толькі скончыла Пінскі мясамалочны тэхнікум і атрымала сюды накіраванне. Тут у хуткім часе сустрэла майго бацьку, засталася ў мястэчку назаўсёды. Не раз ездзіла на курсы павышэння кваліфікацыі, авалодвала новымі тэхналогіямі ў перапрацоўцы малака. Неўзабаве стала галоўным інжынерам завода. Доўгі час работы на прадпрыемстве выконваліся ўручную. І працы хапала многім зэльвенцам. Зімой нарыхтоўвалі на Зяльвянцы лёд, звозілі яго на тэрыторыю завода. На вазах дастаўлялі і апілкі, каб накрыць лядоўні і захаваць холад на цёплую пару года. Першымі дырэктарамі, здаецца, былі Маскалёў і Аўдзееў. У адным доме з Аўдзеевымі і пасялілася сям’я Лазутаў”.

Малако, масла, кефір, марожанае мелі такі смак, што старэйшыя зэльвенцы з настальгіяй згадваюць яго і сёння. (Усё ж было натуральнае, без дабавак). Казеін і брынзу вазілі ў Варшаву, Мінск, іншыя гарады рэспублікі і Еўропы. Замежныя госці дзівіліся, як можна на такім маленькім заводзе атрымліваць такую якасную прадукцыю.

Перамены ў жыцці завода пачаліся ў 70-ыя гады, калі ў Ваўкавыску пачаў дзейнічаць завод (потым – камбінат) па вытворчасці сухіх дзіцячых малочных прадуктаў. Гігант увабраў у сябе Ваўкавыскі, Свіслацкі і Зэльвенскі маслазаводы (крыху пазней і Пескаўскі) і пачаў пастаўляць малочную сумесь у Расію, Прыбалтыку, рэспублікі Сярэдняй Азіі. З кожным годам асартымент прадукцыі завода павялічваўся, будаваліся новыя цэхі. Каб якасць сыравіны адпавядала высокім патрабаванням, камбінат дапамагаў былым маслазаводам, што сталі малакапрыёмнымі пунктамі, набыць неабходныя халадзільныя ўстаноўкі.

Колькасць рабочых на былым заводзе, вядома, скарачалася. І ўсё ж некалькі дзясяткаў чалавек работу не страцілі. Да 1985 года загадвала прыёмным пунктам Н.М.Жамойціна, а з 1985-га і да моманту закрыцця ў 2010 годзе – А.А.Прэдка. Аляксей Аляксандравіч расказвае: “Мы мелі 11 малакавозаў, якія дастаўлялі з фермаў малако. Тут мы яго ахалоджвалі, дзялілі на сарты, сепарыравалі і адпраўлялі ў Ваўкавыск. Працавалі зладжана, нараканняў з боку дырэкцыі камбіната не мелі. Так што ў поспехах камбіната, які ў 90-ыя гады стаў ААТ “Беллакт”, ёсць і наша заслуга”.

Лазня – яшчэ адна адметнасць вуліцы

Лазня – вартая ўвагі забудова. Раней невялікая лазенка мясцілася ў глыбіні сучаснай вуліцы Булака (тады – Фабрычнай). З нецярпеннем чакалі новую, што пачала расці на скрыжаванні вуліц Шапавалава і Матросава ў канцы 50-х гадоў. Першых наведвальнікаў прасторная лазня прыняла ў 1960 годзе. Тут працавалі цырульня і буфет. Пастрыгся, папарыўся, выпіў куфель піва, пажартаваў з сябрамі – чым не раскоша ў канцы працоўнага дня?!

Час унёс свае карэктывы ў работу лазні. Раней яна працавала тры дні на тыдзень, зараз – толькі ў суботу. Наведвальнікаў стала менш, ды і канкурэнты з’явіліся. Кожная лазня стараецца нечым вылучыцца. Так што і зэльвенскай трэба нешта прадпрыняць, каб сваё 60-годдзе сустрэць дастойна.

Жыхары вуліцы – ветэраны вайны і працы

Да моманту пабудовы на вуліцы Шапавалава пяціпавярховага дома тут у асноўным стаялі невялікія прыватныя хаціны. І самым-самым першым жыхаром вуліцы стаў герой фінскай і Айчыннай войн І.М.Варанчыхін. Іван Міхайлавіч удзельнічаў у вызваленні Украіны, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, у баях за Берлін. Атрымаў 10 урадавых узнагарод, у тым ліку самую дарагую – медаль “За адвагу”. Як заслужанаму чалавеку яму далі заём на 30 тысяч тагачасных рублёў, і сям’я ветэрана пачала адлік навасёлаў.

Дачка Івана Міхайлавіча – акадэмік Расійскай Акадэміі Навук, доктар хімічных навук, прафесар Людміла Іванаўна Варанчыхіна – добра памятае, як па сцяжынцы ад толькі што пабудаванай сярэдняй школы бегала дадому, а навокал – яўрэйскія могілкі з паўразбуранай сінагогай і пустыры, пустыры… Ні Заслонава, ні паралельнай з Шапавалава вуліцы 60 год Кастрычніка не было і ў паміне.

Крыху пазней да дома №1 далучыліся хаты Лойкаў, Вераб’ёў, Машканавых, Малышкаў, Чыргуноў, Шалястовічаў, Панасікаў. А таксама ветэранаў вайны.

С.А. Крыўцоў пачынаў ратную дзейнасць на Халхін-Голе. Потым былі баі пад Масквой, на Калінінскім і Заходнім франтах, у Заходняй Украіне і на тэрыторыі Германіі.

М.І. Бялішка першы бой з фашыстамі прыняў на Бераставіцкай граніцы. В.К.Фалейчык спачатку быў сувязным партызанскага атрада, а пасля вызвалення Беларусі – разведчыкам у Чырвонай Арміі.

У сям’і Гарбаценкавых жудасы вайны зведалі і муж, і жонка. Мікалай Іванавіч як механік-вадзіцель бронемашыны прайшоў з баямі па дарогах Малдовы, Венгрыі, Румыніі, Аўстрыі. Марыя Іванаўна з 1943 па 1945 гг. была вязнем ў лагеры асобага рэжыму ў Германіі.

А.Д. Калеснікава ў асноўным памятаюць як цудоўнага чалавека і настаўніка. А ён быў і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, меў узнагароды, у т.л. і медаль “За ўзяцце Берліна”.

На вуліцы Шапавалава працаваў (на маслазаводзе) разведчык Аляксандр Міхайлавіч Камароў, удастоены ордэна Чырвонай Зоркі за баявыя аперацыі, у якіх прымаў удзел.

Вуліца з 70-гадовай гісторыяй памятае не толькі герояў вайны. Тут, змяняючы адзін аднаго, у самых звычайных дамах жылі кіраўнікі раёна: сем’і Шыхаўца, Падворнага, Кантаровіча, Гоцкі, Дзянішчыка, Будрэвіча.

А якія настаўнікі жылі або жывуць! Узяць дынастыю Калеснікавых: і Аляксандр Дзмітрыевіч, і Ніна Васільеўна, і іх дачка Лідзія Аляксандраўна – непераўзыдзеныя спецыялісты ў выкладанні геаграфіі і гісторыі! Лідзія Лявонцьеўна Дзянішчык і Ганна Феліксаўна Жамойдзік натхнілі на настаўніцкі шлях сваіх дачушак Ганну і Юлію. З любоўю ўспамінаюць вучні нарадзіўшыхся тут Г.А. Чыргун-Шаўлоўскую, Т.А. Шалястовіч-Панасік. Выхаванцы садка №1 моцна палюбілі Г.М. Паляніну, вучні санаторнай школы – адзіную ў раёне выдатніцу асветы СССР М.А. Чэчат, а выпускнікі ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь – старшага выкладчыка В.В. Грэцкага. А колькім зэльвенцам стаць настаўнікамі хіміі дапамагла Л.І. Варанчыхіна, яна ўжо і сама, напэўна, не падлічыць!

Слаўная вуліца і людзьмі іншых патрэбных прафесій; урачом-гінеколагам са шматгадовым стажам Н.Ф.Куліковай, медыкамі М.А. Чыргун-Герасімчык, Т.А. Голуб-Несцярук, аптэкарам М.М. Бялішка-Лойка, кіраўніком зэльвенскіх прадпрымальнікаў А.С. Верстаком. Між іншым, у адзіным на Шапавалава пяціпавярховым доме вырас знакаміты ў рэспубліцы нейрахірург А.В. Шчамялёў!

Адным словам, вуліца Шапавалава вельмі багата на герояў ратнай і мірнай працы.

Яніна Шматко, фота Ірыны РАХМАНЬКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены