На фальклорнае свята ў аграгарадок Каралін сабраліся мясцовыя рамесленікі і творчыя асобы

Каралінская зямля з даўніх часоў славілася народнымі майстрамі і рамесленікамі. Жанчыны прыгожа ткалі і вышывалі, мужчыны займаліся ганчарствам, разьбой па дрэве і г.д. Шчаслівы лёс многіх вырабаў – нашчадкі захавалі іх да сённяшняга дня. Старажытныя прылады працы і побыту жыхароў, вышыванкі і дываны не хаваюць па засекам, а прапануюць пазнаёміцца з імі аднасяльчанам. Так на свяце фальклору “Перазвон талентаў” каралінцы змаглі не толькі разглядзець прас, калаўротка, плеценыя з саломы пасудзіны, гліняны посуд і шмат іншых рэчаў, але і збіць масла, прымераць лапці.

Гасцінна віталі аднасяльчан вядучыя мерапрыемства – мясцовыя работнікі культуры, якія выйшлі да публікі ў вобразах сялянскай гаспадыні і суседкі. Каб даказаць, што творчасць не мае межаў, яны запрасілі гледачоў на творчыя пляцоўкі.

Вышыванкі прадстаўлялі Соф’я Сакалоўская, Марыя Масальская і Людміла Херкова.

Людміла Мікалаеўна расказала, што вышываць яе навучыла маці, і з дзяцінства гэта яе любімае хобі. Ручнікі і абрусы дорыць родным, сваякам і суседзям. Работамі царкоўнай тэматыкі ўпрыгожаны Міжэрыцкі касцёл Благавешчання Найсвяцейшай Панны Марыі. Жанчына – удзельніца шэрагу мерапрыемстваў, у тым ліку Ганненскага кірмашу.

Марыя Венедыктаўна аддае перавагу вышыванню ручнікоў, сурвэтак, посцілак. У яе вялікая не только свая калекцыя, але і спадчына, якую пакінула ёй маці. Вырабы прадастаўляе на раённыя і абласныя выставы, а таксама на святы фальклору.

Соф’я Сцяпанаўна пачала займацца вышыўкай, калі выйшла на заслужаны адпачынак. З дапамогай іголкі і рознакаляровых нітак пераносіць на тканіну вобразы людзей і жывёльнага свету, пейзажы роднага краю. За чатыры гады яна вышыла каля 30 карцін.

Уладзімір і Аляксандр Ішчанкі – разьбяры па дрэве. І хоць любімай справай займаюцца нядаўна, але ўжо сваімі вырабамі ўпрыгожылі тэрыторыю ўстановы культуры. Тут прыселі мядзведзі, дзядуля і рыбак. Удалая і лаўка для адпачынку. На свята мужчыны прадставілі дэкаратыўныя вырабы малых форм – куфэркі і скрынкі.

Сям’я Перавалавых на слыху землякоў як творчая радня. Аднак на мерапрыемства яны падрыхтавалі не толькі канцэртныя нумары, але і міні-выставу фотаработ і карцін у тэхніцы разьбы па дрэве. А Марыя Міхаўлаўна яшчэ і стол з кулінарнай выпечкай і ягадамі для вяскоўцаў накрыла.

Левую палову тэрыторыі займала экспазіцыя прылад хатняга побыту і працы. І калі старэйшаму пакаленню ўсё гэта знаёма, то дзецям было на што падзівіцца.

Максім Радзецкі кажа: – Прыехаў да бабулі з Мінску і трапіў на свята. Канешне ж, уразілі старадаўнія вырабы. І больш за ўсё – з дрэва. Гэта вельмі цудоўна, што яны захаваліся ў людзей і зараз нам расказваюць, як некалі сяльчане касілі, малацілі, пралі, ткалі, як вырабляліся тканіна, сыр і масла. А яшчэ мне спадабаўся конкурс прыказак і прымавак аб сялянскім жыцці і працы.

Дарэчы, конкурсаў і жартоўных перапынкаў хапала. Галоўнае – усё было звязана з мясцовым фальклорам. Таму прысутныя значна пашырылі свае веды.

–Штотыднёва работнікі праводзяць мерапрыемствы, – кажа Раіса Вярстак. –Мне даспадобы папулярызацыя традыцый народнай творчасці. Мы, старэйшыя, павінны ўспамінаць і перадаваць багатую спадчыну. Моладзь – адраджаць яе і захоўваць. І менавіта сённяшнее свята накіроўвае ўсіх нас аб’яднацца ў гэтым накірунку.

–Больш за ўсё мне спадабаўся майстар-клас па прыгатаванні дамашняга масла ад крывіцкіх культработнікаў, – дапаўняе маці яе дачка Святлана Радзецкая. – Калі назіраеш за працэсам, больш уражвае, ды і апетыт з’яўляецца. Дарэчы, з кожным годам мерапрыемствы падобнага фармату становяцца ўсё больш цікавымі і змястоўнымі, можна павесяліцца, але і шмат інфармацыі атрымаць.

Наконт павесяліцца. Радасныя песні ў выкананні мясцовых і прыезджых з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, з аграгарадкоў раёна культработнікаў, самадзейных артыстаў падбадрылі сяльчан. Многія падпявалі, а некаторыя і ў пляс пусціліся. Дзетвара ў гэты час забаўлялася на гульнёвых пляцоўках.

Не абыйшлося на свяце і без сюрпрызаў. Праўленне дзяжпрадпрыемства “Караліно” падрыхтавала для мясцовых умельцаў сувеніры. Арганізатары мерапрыемтва самым актыўным удзельнікам конкурсаў уручылі прызы.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены