На першым рабочым месцы
Зусім нядаўна яны былі студэнтамі, а ўжо сёння – спецыялісты, якія ўступілі ў дарослае працоўнае жыццё. Сёлета на Зэльвеншчыну прыехалі 129 маладых спецыялістаў, якія на працягу бліжэйшых двух гадоў будуць рэалізоўваць свае прафесійныя навыкі ў розных сферах жыцця.
Бландынка-сувязіст
Ёсць папулярны жарт, што дзяўчына і тэхніка – рэчы несумяшчальныя. Вера Горбач – адна з тых маладых спецыялістаў, хто гатовы аспрэчваць гэта. Новы су-працоўнік раённага вузла паштовай сувязі з камп’ютарам на “ты”. Гэтак жа лёгка спраўляецца яна і з іншымі электронна-вылічальнымі машынамі.
На сваё першае рабочае месца ўраджэнка вёскі Зальвянка ісці не баялася – была ўпэўнена, што ведаў у яе хопіць. Пасля заканчэння Гродзенскага прафе-сійна-тэхнічнага каледжа прыборабудавання, дзе набыла спецыяльнасць “Аператар паштовай сувязі. Аператар ЭВМ”, дзяўчына вярнулася на радзіму. Цяпер часова працуе ў Бародзіцкім аддзяленні РУП “Белпошта”.
На новым рабочым месцы маладога спецыяліста чакаў прыемны бонус – крэсла начальніка паштовага аддзялення. Да такой адказнасці Вера Горбач была не зусім гатова, але з аптымізмам успрыняла назначэнне: любы новы вопыт – шлях да прафесіяналізму.
Дэвіз дзяўчыны па жыцці: “Уся навука яшчэ наперадзе”. І яна верная свайму правілу: у далейшым плануе паспрабаваць сябе па другой набытай спецыяльнасці – аператар ЭВМ.
Марыць аб уласным Доме мод
– Пачынаць сваю прафесійную дзейнасць у вялікім горадзе – не лепшы варыянт, – упэўнена мадэльер-кан-структар Ганна
Пуцык, малады спецыяліст РУП бытавога абслу-гоўвання. – Там вельмі вялікая канкурэнцыя. Куды прасцей набірацца вопыту, напрыклад, у раённым цэнтры.
Дзяўчына ведае, да чаго імк-нецца – за невя-лікі час работы малады спецыяліст ужо зрабіла некалькі ўпэўненых крокаў да сваёй мэты. Напрыклад, яна пера-адолела галоўны свой страх – шыць для іншых. Па словах дваццацігадовага мадэльера, сапсаваць свой матэрыял не так боязна, як чужы.
Сваю спецыяльнасць Ганна абрала невыпадкова – яшчэ ў юнацтве адчувала здольнасці да малявання. З цягам часу хобі ператварылася ў сэнс жыцця, і Ганна марыла аб прафесіі, у якой магла б прымяніць свае здольнасці. Набыўшы спецыяльнасць мадэльера-канструктара ў Брэсцкім прафесійна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання, па размеркаванні трапіла ў Зэльву. І ў гэтым бачыць толькі плюсы, галоўным з якіх лічыць добразычлівы калектыў. Калегі з першага дня падтрымалі талена-вітага дызайнера. Нават на кірмашовы конкурс касцюмаў, дзе Ганна прадстаўляла сваю калекцыю, прыйшлі ўсім калектывам. Гэтых людзей, нягле-дзячы на ўзрост, мастачка лічыць лепшымі сябрамі.
У планах маладога мадэльера (а яшчэ і фатографа, і рукадзельніцы) – “раскруціць” мясцовае атэлье, зрабіўшы паслугу па пашыве адзення даступнай, а мадэлі – больш сучаснымі і стыльнымі. Хто ведае, магчыма, хутка зэльвенцы змогуць апранацца не толькі на рынку, але і заказваць адзенне ў атэлье.
На варце санітарных норм і правіл
У адным са сваіх артыкулаў польскі філосаф Станіслаў Ежы Лец пісаў: “Усё ў руках чалавека!.. Таму мыйце іх часцей”. Сапраўды, гігіена – абавязковая ўмова кожнага чалавека, кожнай цывілізацыі.
Вольга Скальская і падумаць не магла, што будзе выконваць па жыцці такую важную функ-цыю – кантраляваць выкананне рознымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і грамадзянамі санітарных норм і правіл.
Малады ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў свой час закончыла хіміка-біялагічны клас ліцэя №1 г.Гродна, затым – Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Медыка-прафілактычная справа”. І не шкадуе – яе цяперашняя пасада, акрамя таго, што патрабуе асаблівай адказнасці, цікавая і прэстыжная.
Зразумела, што на першае рабочае месца ўраджэнка Абухава (Гродзенскі раён), ехала з хваляваннем – хто ведае, як будзе на новым месцы. Але сумненні прайшлі, калі даведалася, што ў яе будзе дзве памочніцы, таксама маладыя спецыялісты – Таццяна Сушчэвіч і Ганна Цыбуль. Дзяўчатамі малады ўрач вельмі задаволена: у адной яна знайшла выканаўчага памочніка, у другой – “жывое сонейка для штодзённага добрага настрою”.
Вольга ўпэўнена, што сачыць патрэбна не толькі за фізічнай гігіенай, але і за духоўнай. Маладая ўрач прызнаецца, што вельмі любіць рабіць прыемнае іншым. І ў гэтым бачыць сваё галоўнае чалавечае прызначэнне. Лічыць, што падарункі зусім не абавязкова купляць, можна змайстраваць іх сваімі рукамі. Вользе гэта добра ўдаецца – у вольны час яна займаецца рукадзеллем.
Верыць у любоў з першай клавішы
У дзяцінстве Алена Цікото не доўга гуляла з лялькамі – хутка яе інтарэс пераключыўся на больш цікавую “цацку” – камп’ютар. У школе руплівая вучаніца больш за ўсе прадметы любіла інфарматыку. Таму выбар будучай прафесіі лічыць заканамерным.
У Гродзенскім палітэхнічным каледжы атрымала спецыяльнасць “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”. Па размеркаванні ўраджэнка Смаргоні трапіла ў ЦБП №408 ААТ “Беларусбанк” г.п.Зэльва, дзе цяпер працуе спецыялістам службы аўтаматызацыі.
– Першае рабочае месца лічу ўдалым, – гаворыць Алена Цікото. – Тут ёсць да чаго імкнуцца і ёсць стымул развівацца. Створаны належныя ўмовы для плённай працы. Гэта галоўнае, на мой погляд, для маладога спецыяліста.
У незнаёмым пасёлку госця хутка асвоілася. У першыя ж дні абышла ўсю Зэльву – хацела дакладней пазнаёміцца з райцэнтрам. Хутка знайшла сяброў. Таму вечарамі цяпер не сумуе.
Справы і ў банку пайшлі добра. З калектывам склаліся выдатныя адносіны – ніхто не адмаўляе ў дапамозе, калі ўзнікаюць складаныя пытанні. А яны ёсць, бо, па словах дзяўчыны, практыкі ў яе яшчэ мала, і шмат чаму трэба будзе навучыцца.
Як чалавек рацыянальны, Алена на будучыню не загадвае і нейкіх асаблівых планаў не будуе. Для яе заўсёды ёсць сённяшні дзень, мэта якога – палепшыць свой учарашні ўзровень. Гэта задача нумар адзін.
З радасцю бярэцца за любую справу
Пасля школы Таццяна Гаспадарык дакладна не ведала, якую навучальную ўстанову выбраць. Была ўпэўнена: падабаюцца мовы і фізкультура (у свой час дзяўчына нават атрымала разрад па лёгкай атлетыцы). Душа схілялася да турызму. Аднак выпускніца вырашыла не рызыкаваць – спецыяльнасць новая і прэстыжная, таму конкурс быў вялікі. Сваю прафе-сійную дзейнасць дзяўчына звязала з галіной будаўніцтва.
Пасля заканчэння Гродзенскага палітэхнічнага каледжа са спецыяльнасцю “Тэхнік-будаўнік” Таццяна пачала сваю працоўную біяграфію ў МПМК-148, дзе неаднойчы праходзіла практыку, бо заўсёды хацела быць бліжэй да дома – яна нарадзілася ў вёсцы Зальвянка.
– Для мяне вельмі важна адчуваць сябе патрэбнай. Таму з радасцю бяруся за любую справу, якую мне даручаюць, – разважае дзяўчына. – Няхай яна і не лёсавырашальная, але сведчыць аб даверы калег.
Таццяна прызнаецца, што ў сваёй прафесіі хацела б дасягнуць узроўню начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Ганны Іосіфаўны Кузьма. Яна, на думку моладзі (менавіта гэтак называе Таццяну яе начальніца), ведае ўсё. Без выключэння. Гэта са-праўдны ўзор для пераймання.
Развівацца малады майстар МПМК-148 імкнецца не толькі ў прафесійным плане, але і ў асабістым. Дзяўчына іграе на гітары, цікавіцца більярдам, чытае кнігі, спрабуе сябе ў іншых занятках для душы. Акрамя таго, плануе працягваць навучанне ў ВНУ. Гэта наступны яе крок у прафе-сійным стаўленні.