На Зельвенщине прошло голосованние по выборам Президента Республики Беларусь (обновлено)
Участак Цэнтральны №16
Атмасфера на Цэнтральным участку №16 спакойная, добразычлівая і святочная. У прасторным фае СШ №2 на першым паверсе абсталяваны кабіны і урна для галасавання, сюды з самай раніцы ідуць людзі, каб зрабіць свой выбар. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Наталля Булак адзначае, што грамадзянскую пазіцыю праяўляюць не толькі выбаршчыкі з вялікім жыццёвым і працоўным вопытам, але і людзі сярэдняга і маладога ўзросту. Яны актыўна ўдзельнічалі і ў датэрміновым галасаванні, і з самага яго пачатку ў асноўны дзень выбараў. – Галасаваць трэба абавязкова, – выказаў сваё меркаванне Дзмітрый Сафошкін, які ў нядзелю прыйшоў на выбарчы ўчас- так упершыню ў жыцці. Дзмітрый – студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спецыяльна прыехаў для галасавання ў Зэльву, дзе ён пастаянна зарэгістраваны, а таму і ўключаны ў спісы выбаршчыкаў.
Па словах членаў камісіі, людзі прыходзяць на выбары з добрым настроем. А для тых, хто па стане здароўя не змог прыйсці на ўчастак, было арганізавана галасаванне на даму. Разам з членамі камісіі Таццянай Губанавай і Юрыем Саем адправіліся з урнай па кватэрах і мы. Папярэдне па тэлефоне 67 грамадзян папрасілі прадаставіць магчымасць прагаласаваць дома. Падымаемся у адну з кватэр дома па вуліцы Перамогі, 6. Нам адчыніла прыветлівая гаспадыня Ірына Фёдараўна Ган. Яе бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Георгіевіч Рысь, сам на ўчастак прыйсці ўжо не можа, але прагаласаваць лічыць сваім абавязкам. Дзеючаму Прэзідэнту Фёдар Георгіевіч пажадаў здароўя і перамогі на выбарах.
Каралінскі ўчастак для галасавання №8
На Каралінскім участку для галасавання № 8 будучага кіраўніка выбіралі жыхары 15 навакольных вёсак і 1 хутара. Падчас наведвання гэтага ўчастка, ды і іншых, звярнуў на сябе ўвагу такі момант: выбаршчыкі прыходзілі галасаваць з поглядам, які ў іх ужо сфарміраваўся. Яны не шукалі вачыма інфармацыю аб кандыдатах, не звярталіся па нейкія падказкі, а бралі бюлетэні і накіроўваліся ў кабінку для галасавання, каб зрабіць упэўнены і свядомы выбар. Дзесьці ў 11.30 на ўчастак прыехалі назіральнікі ад СНД (з Казахстана), якія ў гэты дзень працавалі ў нас у раёне. Па іх ацэнках, выбарчая кампанія ў нас у раёне арганізавана на высокім узроўні, працэс галасавання праходзіць спакойна, у адпаведнасці з заканадаўствам.
Князеўскі ўчастак для галасавання №9
Па словах старшыні ўчастка Валянціны Семянякі, выбаршчыкі пачалі прыходзіць літаральна адразу ж пасля адкрыцця ўчастка. Асабліва актыўнымі былі пажылыя людзі. Некаторыя з прычыны пажылога ўзросту, канечне, маглі б прасіць прыйсці з урнай для галасавання да іх дамоў. Але яны так не зрабілі – самі прыйшлі на ўчастак. І як пацвярджэнне слоў Валянціны Аляксандраўны – дзядуля, які зайшоў у залу для галасавання. Мужчыне ўжо не вельмі лёгка хадзіць, ён абапіраецца на кіёк, аднак цвёрда кажа: хочацца прыняць удзел у галасаванні непасрэдна на ўчастку, адчуць атмасферу свята. Анатолій і Наталля Ламакіны, якія прышлі на ўчастак для галасавання ў дзень выбараў, вельмі спадзяюцца, што сітуацыя ў краіне будзе развівацца станоўча: – Для нас самае важнае, каб у Беларусі былі спакой і стабільнасць. Спадзяёмся, што ўсім нам будзе тут утульна жыць.
Елкаўскі ўчастак для галасавання №13
Старшыня ўчастковай камісіі Анатоль Лебедзь у выбарчай справе не навічок. Адлік яго выбарчай дзейнасці пачынаецца ў 1994 годзе, калі выбіралі першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так што параўнаць яму ёсць з чым. Паводле ўласных назіранняў Анатоля Вацлававіча, сёлета вяскоўцы праяўляюць большую актыўнасць, чым нават на выбарах 2010 года. Актыўнасць праяўлялі як пенсіянеры, так і сярэдняе пакаленне, і моладзь. Сярод выбаршчыкаў былі юнак і дзяўчына, якія галасавалі сёлета ўпершыню. На выбарчым участку іх чакалі з нецярпеннем, каб павіншаваць з такой важнай падзеяй у іх жыцці. А яшчэ старшыня камісіі Анатоль Лебедзь уручыў маладым людзям памятныя сувеніры. – Адчуваю гонар, што маю магчымасць выказаць сваё меркаванне,– гаворыць Дзмітрый Ленец. Па словах Уладзіміра Юча, намесніка старшыні СВК “Сынкавічы”,незалежнага назіральніка, выбары праходзілі спакойна. Прыемна парадавала актыўнасць вяскоўцаў: усе разумеюць, дзеля чаго прыйшлі. А прыйшлі, выбаршчыкі, па іх словах, аддаць свой голас за праграму самага дастойнага кандыдата, каб жыць яшчэ лепш. І, галоўнае, пад мірным небам.
Шапавалаўскі ўчастак для галасавання № 17
Участак размясціўся ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Памяшканне для галасавання святочна аформлена, з раніцы тут іграе бадзёрая музыка. Людзі ідуць адзін за адным, цэлымі сем’ямі, з дзецьмі, аднак чэргаў да членаў камісіі няма – працэс арганізаваны на высокім узроўні. Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, выбаршчыкі накіроўваюцца ў буфет, дзе прадстаўлены шырокі выбар кулінарнай прадукцыі па зніжаных цэнах. Як расказала старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Наталля Юркевіч, выбары праходзяць празрыста, галосна, ніякіх заўваг як з боку назіральнікаў, так і з боку насельніцтва не было прад’яўлена, усё ідзе ў межах выбарчага заканадаўства. Многія прагаласавалі датэрмінова – яны даўно вызначыліся з выбарам, а таму чакаць асноўнага дня галасавання проста не сталі. На ўчастку працавалі назіральнікі ад ветэранскай арганізацыі, грамадскіх аб’яднянняў “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь” і іншых. – Работа выбарчага ўчастка арганізавана згодна з усімі патрабаваннямі Выбарчага кодэкса. Ніякіх парушэнняў няма, пануе вельмі камфортная, добразычлівая атмасфера, – дае ацэнку ходу правядзення выбараў назіральніца ад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Жанна Світа.
ЛІЧБЫ
У Зэльвенскім раёне яўка выбаршчыкаў на выбарах перавысіла 97%, паведаміў старшыня абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Беларусі Валерый Саўко. Клаўдзія КРЭЧКА. Святлана ЯРМАЛАВІЧАНЕ.










