На Зэльвеншчыне прэзентавалі кнігі вядомага земляка Аляксея Галаскока
Сёлета члены клуба “Малюся Слову” аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вырашылі зрабіць прыемнае Аляксею Пятровічу і прэзентаваць яго новыя зборнікі. Тры невялікія кнігі адна за адной выйшлі ў сталічным выдавецтве “Каўчэг” летам гэтага года.
Спачатку размова пайшла аб зборніку “Асенняя бліскавіца”, прадмову да якой напісаў вядомы паэт Алесь Каско. Каско лічыць, што гэты зборнік “паяднаў лепшае з напісанага раней і творы апошніх гадоў” Галаскока. Раздзелы кнігі даюць уяўленне і аб лепшых патрыятычных творах, і прысвечаных дзецям, знаёмяць з некалькімі празаічнымі творамі, з добразычлівымі гумарыстычнымі творамі, а таксама вершамі, пакладзенымі на музыку.
Кнігу для дзяцей “Гаманлівы ручаёк” прадстаўляе адзін з супрацоўнікаў Ганцавіцкай раённай газеты “Савецкае палессе” М.Д.
Шчаўкун. Ён лічыць, што вершы для дзяцей у нашага земляка – “як чысты позірк адкрытых вочак хлопчыкаў і дзяўчынак, як іх летуценныя думкі, яшчэ не азмрочаныя чужой здрадай, няшчырасцю”.
А зборнік “З вясёлай торбай” заканчвае пасляслоўем сам аўтар, які прыгадвае запавет паважанай ім Ніны Мацяш: “Часцей зазірай у скарбніцу памяці сваёй, шукай смешнае і пішы”.
Вершы з названых зборнікаў з задавальненнем чыталі Ала Бутакова, Яніна Гурская, Алена Еўдакімава, Валянціна Масюк, Алена Пайзулаева, Станіслава Прызван і іншыя члены клуба. А потым папрасілі самога Аляксея Пятровіча расказаць пра сябе і вытокі творчасці. Шмат было да паэта пытанняў: калі лепш пішацца, ці не хацеў бы пераехаць з Ганцавіч у Зэльву, як склаліся лёсы яго старэйшых сясцёр і г.д. Землякам, што раслі разам з хлопчыкам Алёшай Галаскокам, было цікава ўсё.
Своеасаблівай інтрыгай сустрэчы было тое, што на ёй прысутнічалі сваякі Аляксея Пятровіча: Леанід Пятровіч і Людміла Барысаўна Галаскокі. Як высветлілася, яны не бачыліся шмат гадоў: Аляксей Пятровіч служыў вайскоўцам у Сібіры, а Леанід Пятровіч працаваў шахцёрам на Крайняй Поўначы. Два Пятровічы абмяняліся тэлефонамі і далі слова ўжо не губляць з поля зроку адзін аднаго.
Тым, хто не набыў новыя зборнікі Галаскока, раім звяртацца ў раённую бібліятэку: ён хутка вышле іх для землякоў. Усе тры.
Яніна ШМАТКО.